Народны вакальны ансамбль «Берагіня» адзначае 25-гадовы юбілей

Главное Культура

У светлыя дні Ражджаства Хрыстовага народны вакальны ансамбль «Берагіня» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў запросіць гледачоў на творчы вечар з нагоды юбілею творчага калектыву. На працягу 25 гадоў мастацкім кіраўніком гурта з’яўляецца выпускніца Беларускай акадэміі музыкі, паэт, кампазітар і аранжыроўшчык Тамара Барэхава. Цяпер Тамара Міхайлаўна выкладае ў Баранавіцкім музычным вучылішчы, але два дні на тыдзень яна прысвячае руплівай працы з «Берагіняй», рэпетыцыям, канцэртным выступленням, запісу новых песень, арганізацыі мерапрыемстваў. Мы просім яе расказаць аб гісторыі гэтага адметнага калектыву, творчых праектах.

– Тамара Міхайлаўна, хто хоць раз быў на юбілейных канцэртах ансамбля «Берагіня» ў раённым Цэнтры культуры, ведае, што гэта сапраўдны падарунак гледачам. З чаго пачыналася гісторыя ансамбля?

– Наш вакальны гурт узнік як самадзейны аматарскі калектыў у 1994 годзе, а ў 2000-м – атрымаў званне «народны». Нязменнае месца «жыхарства» ансамбля – Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў. Нязменным застаецца і склад калектыву: Ірына Пазняк – першае сапрана, Тамара Барэхава – другое сапрана, Алена Бохан – першы альт, Ірына Карніцкая – другі альт. Душой і лідарам калектыву з’яўляецца яго салістка Ірына Пазняк, дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, якая ніколі не губляла сувязі з калектывам і натхняла на ўдзел у фестывалях і конкурсах. Яна нарадзілася ў дзень Ражджаства Хрыстовага, і гэта таксама для нас добры знак з радасцю дарыць светлы настрой і творчыя здабыткі стаўбцоўскай публіцы і гасцям горада. Творчы шлях народнага вакальнага ансамбля «Берагіня» адметны ўзлётамі і зацішшам, звязанымі са зменай удзельніц, зыходам і прыходам новых галасоў. У першым складзе спявала харавік па адукацыі Аксана Гідаятханава, у другім – харэограф і рэжысёр Ала Сушч. Да выхаду ў дэкрэтны адпачынак у ансамблі брала ўдзел спецыяліст па народных спевах Аксана Каратыш. Зараз партыю першага сапрана выконвае маладая настаўніца школы мастацтваў Галіна Мілістфер. Сваім нараджэннем, ростам, сталеннем, росквітам народны вакальны ансамбль «Берагіня» абавязаны былому начальніку аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама Анатолю Грэкаву, светлай памяці. Дзякуючы яму «Берагіня» давала да 200 канцэртаў у год, аб’ездзіла амаль усю Беларусь і блізкае замежжа. Анатолій Васільевіч натхніў мяне на напісанне песні «Мае родныя Стоўбцы», якая стала візітнай карткай калектыву і гімнам горада. Паплечнікамі «Берагіні» сталі наступныя кіраўнікі – Алена Суднік і Дзмітрый Слесарчык, якім мы таксама вельмі ўдзячныя за падтрымку.

– Тамара Міхайлаўна, у Год малой радзімы, якім аб’яўлены і 2019-ы, ваш калектыў спаўна выконвае праграму з патрыятычным напаўненнем.

– Лічу, што адметнасць калектыву і надае тое, што ў рэпертуары шмат аўтарскіх песень, прысвечаных малой радзіме. Сваёй дзейнасцю «Берагіня» праслаўляе Коласаўскі край, Міншчыну і Беларусь. Калектыў плённа супрацоўнічае з беларускімі паэтамі, кампазітарамі, музеем Якуба Коласа, абласным клубам самадзейных аўтараў «Жывіца». Любоў да Радзімы і бліжняга гучыць у кожнай ноце. Пацвярджаючы высокі прафесійны ўзровень, вакалісты выконваюць складаныя партытуры, класічную, духоўную, народную, эстрадную і джазавую музыку. Па адміністрацыйнай і асабістай ініцыятыве здзейснены паездкі ў Расію, Украіну, Літву, Латвію, Эстонію, Фінляндыю, Польшчу, Германію, Чэхію, Італію. Асабліва памятнай для нас была паездка ў Францыю па запрашэнні імпрэсарыа Андрэ ў 2002 годзе. На працягу 45 дзён амаль кожны дзень «Берагіня» выступала ў сацыяльным сектары Нанцкага рэгіёна. Канцэрты праходзілі ў пансіянатах адпачынку, дамах састарэлых, музеях і на сядзібах. Мы блізка пазнаёміліся з культурай, бытам, кухняй, мовай, звычаямі, паводзінамі французаў. Падчас чатырох гастрольных паездак «Берагіня» радавала сваімі песнямі пра Беларусь жыхароў янтарнага Калінінградскага краю (г. Светлагорск).

– Гэтыя і іншыя паездкі прыносілі ансамблю і ўзнагароды.

– У скарбонцы «Берагіні» каля сотні дыпломаў і грамат, ад раённага да міжнароднага ўзроўню, памятныя падарункі. Калектыў запісваўся на радыё, здымаўся на тэлебачанні. Песні на музыку кіраўніка вакальнага гурта друкаваліся ў беларускіх часопісах, паэтычных і нотных зборніках. Народны вакальны ансамбль «Берагіня» запісаў пяць музычных альбомаў, у кожным з якіх каля 20 песень: «Дзе расце сон-трава», «Блакітны санет», «Мае родныя Стоўбцы», «Малюй мой цень», «Не забудзь мяне, Радзіма!». У 2018 годзе выйшаў рэпертуарны зборнік аўтарскіх лірычных песень «Сустрэча з надзеяй».

25 студзеня 2019 года а 18-й гадзіне ў Стаўбцоўскім цэнтры культуры адбудзецца юбілейны вечар, у якім прымуць удзел творчыя калектывы Стаўбцоўшчыны: «Лявоначкі», «Шчабятушкі», «Жавароначкі», «Росы», «Феерыя», «Чараўнікі». Салісты – Міхаіл Кулікоў, Руслан Пілахоўскі, Маргарыта Нікалаева, Кацярына Жук. Канцэртмайстры – Уладзімір Авадок, Алена Блажко, Мікалай Булаш. Рэжысёр – Вольга Навіцкая. Прагучаць вядомыя песні XX стагоддзя, кінамузыка, а таксама аўтарскія творы кіраўніка ансамбля «Берагіня». Запрашаем вас усіх на канцэрт і абяцаем падарыць кожнаму светлы ражджэственскі настрой.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *