Галасы падтрымкі

Выбары-2014 Нумары

6854На Навасвержанскім выбарчым участку № 17 галасаванне ў мінулую нядзелю ішло актыўна.

Цудоўны сонечны дзень, а ў фае Навасвержанскага сельвыканкама, дзе знаходзіўся выбарчы ўчастак, выбаршчыкаў віталі вясёлымі народнымі песнямі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.  Людзі ішлі сем’ямі, старэйшыя і моладзь, ва ўсіх – пазітыўны настрой.

Фактычна кожны чацвёрты з 1538 выбаршчыкаў, прыпісаных да Навасвержанскага выбарчага ўчастка, – гэта малады чалавек ва ўзросце да 31 года. «Моладзі сярод новасвяржан значна больш, – падкрэслівае старшыня выбарчага ўчастка Алена Тапеха. – Але, будучы студэнтамі, яны галасуюць на ўчастках пры інтэрнатах навучальных устаноў». 12 чалавек прыйшлі галасаваць упершыню. 

Алена Тапеха працуе ў выбарчай камісіі ўпершыню, але многіх выбаршчыкаў ведае асабіста. Настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы з 23-гадовым стажам, яна вучыла не адно пакаленне новасвяржан. Як і былы дырэктар гэтай школы, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Багданкевіч, які наведаў участак у ліку першых у асноўны дзень галасавання.

23 сакавіка, дарэчы, на выездзе працавалі два выбарчыя экіпажы –  члены камісіі наведаліся дадому да больш чым 100 пажылых выбаршчыкаў, якія зрабілі заяўкі.

Інфармацыя пра кожнага  кандыдата ў дэпутаты размешчана на выбарчым участку на спецыяльным стэндзе, устаноўленым у відным месцы. За працэсам галасавання сачылі назіральнікі.

Выбарчы ўчастак працаваў да васьмі гадзін вечара. Пасля яго закрыцця пачаўся падлік галасоў. Канчатковыя вынікі галасавання стануць вядомыя ў бліжэйшыя дні, а абраным дэпутатам мясцовых Саветаў – ад сельскага Савета да Савета абласнога – хочацца пажадаць апраўдаць давер выбаршчыкаў.              

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *