Іардань на гарадскім возеры

Главное Соцыум

Увечары, 18 студзеня, на гарадскім возеры было шматлюдна. Упершыню ў Стоўбцах у вялікае свята Хрышчэння Гасподняга былі арганізаваны купанні.

Пры непасрэдным кіраўніцтве райвыканкама, для таго каб мерапрыемства адбылося на высокім узроўні і прайшло бяспечна, былі задзейнічаны ўсе зацікаўленыя арганізацыі. Спецыялісты раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях высеклі палонку ў выглядзе крыжа. Для выгоды і бяспекі купель абгарадзілі жалезнымі турнікетамі, побач усталявалі драўляны насціл. У ваду вялі зручныя ступенькі з поручнямі, якія вырабіў майстар сваёй справы, начальнік вытворчасці ПМК-233 Казімір Кульша.

Сагрэцца на марозным студзеньскім паветры на беразе можна было гарачым чаем з салодкімі пачастункамі, які быў арганізаваны з дапамогай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа і райспажыўтаварыства.

Нягледзячы на мароз, на возеры было ажыўлена. Асвяціў купель і сам першы акунуўся свяшчэннік кафедральнага сабора святой праведнай Ганны айцец Георгій Кур’ян. Больш за 400 чалавек наведалі купель у гэты святы вечар. Сюды прыходзілі сем’ямі, моладзь, людзі старэйшага ўзросту, якія жадалі акунуцца ці проста паназіраць за тым, што адбываецца.

За бяспекай купання на працягу некалькіх гадзін сачылі супрацоўнікі РАУС, медыцынскай службы і адміністрацыя раёна. Каб святы вечар нішто не азмрочыла, сваю службу  неслі і прапаршчыкі ўнутранай службы Юрый Янушкевіч, Кірыл Малевіч, а таксама маёр унутранай службы Віталій Кожыч раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія дзяжурылі ля самой купелі.

Сярод смельчакоў, якія адважыліся акунуцца ў ледзяную ваду, быў вучань трэцяга класа Даніла Мельнічэнка. Хлопчык прызнаўся, што акунаецца першы раз, але пасля купелі адзначыў, што адчувае сябе вельмі бадзёра.

Працягнуць такую традыцыю плануюць і ў будучым годзе, так што ў тых, хто так і не адважыўся зайсці ў ваду сёлета, будзе шанц зрабіць гэта ў будучым.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *