Творчая майстэрня Леаніда Сенькі

Людзі і лёсы Нумары

Назіраць, як увасабляецца талент людзей, якія працуюць з такім матэрыялам, як дрэва, выклікае захапленне. Пры дапамозе простых інструментаў грубыя кавалкі дрэва ператвараюцца ў шэдэўры. Пры выкананні такіх тонкіх мастацкіх работ адным непрадбачаным рухам можна сапсаваць усю задуму, усю працу. У поўнай красе бачыць самых лепшых скульптараў драўлянай скульптуры рэспублікі можна было падчас правядзення конкурсу на туркомплексе «Высокі бераг» у мінулым годзе. У ліку майстроў быў і рэзчык па дрэве са Стаўбцоўшчыны Леанід Сенька.

Нарадзіўся  і вырас ён у вёсцы, а цяпер – аграгарадку  Дзераўная, дзе  і жыве. Леанід Станіслававіч усвядомлена адчувае, што многае ў яго жыцці было прадвызначана талентам  дзеда Браніслава – адмысловага дзераўнянскага сталяра. Дзяцінства Леаніда праходзіла разам з дзедам, у майстэрні, на будоўлі дамоў. З маленства Леанід увабраў у сябе прыродны пах дрэва, яго эстэтычныя ўласцівасці, адчуў яго паслухмянасць ва ўмелых руках. І пасля службы ў арміі Леанід падаўся паступаць у Бабруйскае мастацкае вучылішча. Ён паспяхова яго закончыў і атрымаў спецыяльнасць рэзчыка па дрэве. Разьба з’яўляецца адным з відаў мастацкай апрацоўкі дрэва разам з выпільваннем, такарнай справай. Увесь час талент майстра выкарыстоўвалі прадпрыемствы рознай формы ўласнасці, якія выраблялі мастацкія рэчы з дрэва. І цяпер Леанід Станіслававіч аддае свае ўменні прыватнай фірме, якая спецыялізуецца на вырабе лесвіц. Гэта што датычыць яго прафесіянальнага занятку. А для душы ўжо больш за 20 гадоў Леанід Сенька займаецца мастацкай разьбой, з’яўляецца членам народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска». Ён спецыялізуецца на скульптурах, хоць можа стварыць і розныя іншыя творы мастацтва з дрэва. Дзіву даешся, як можна ўдыхнуць у драўляныя вобразы жыццё, надзяліць іх характарам, індывідуальнасцю. Які патрэбна мець талент ад Бога, каб свае пачуцці перадаць стамескай і разцом. Гэта карпатлівая, складаная работа, якая патрабуе шмат ведаў і абавязкова творчага натхнення, для яго – радасць. Рукі  майстра ствараюць  новыя і новыя шэдэўры. Гэтыя работы трэба бачыць сваімі вачыма. Леанід Сенька не раз атрымліваў узнагароды розных конкурсаў і фестываляў.

І цяпер вось  у ліку самых знакамітых рэзчыкаў рэспублікі атрымаў запрашэнне прыняць удзел у конкурсе драўлянай скульптуры ў Заслаўі. Для ўдзелу неабходна нарадзіць творчую задуму, прыдумаць вобраз, увасобіць яго  ў дрэве ў адкрытай майстэрні пад небам.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *