Раней асуджаных запросяць на прыём

Ахова правапарадку Важное

У мінулым годзе назіральная камісія райвыканкама правяла выязныя пасяджэнні ў Шашкоўскім і Старасвержанскім сельсаветах, калектывах філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, ПМК-233, РБУ, Стаўбцоўскага АКС. Напрыканцы года камісія пабывала ў Навасвержанскім сельсавеце.

У Новым Свержані пражываюць 36 грамадзян, ці прыкладна два працэнты ад усіх зарэгістраваных, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі. «Каля 40 працэнтаў іх былі асуджаны за цяжкія злачынствы – захоўванне, ужыванне і збыт наркатычных рэчываў, – адзначыў начальнік інспекцыі Уладзімір Кухарчык і патлумачыў: – «Пераважная большасць былых асуджаных мае пастаяннае месца працы і, адпаведна, імкнецца да выпраўлення ранейшых памылак».

Разам з тым статыстыка адміністрацыйных правапарушэнняў і рэцыдыўнай злачыннасці сведчыць пра тое, што пытанні з былымі асуджанымі не губляюць вастрыні. І адным з актуальных для Новага Свержаня, як і ў цэлым для раёна, застаецца іх працаўладкаванне. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца два прадпрыемствы – лесазавод і райаграсэрвіс, але вакансіі з’яўляюцца не так і часта. Той, хто працуе, трымаецца свайго месца. Больш таго, у сучасных умовах наймальнік мае магчымасць выбіраць работніка і, на жаль, сярод прэтэндэнтаў не заўсёды аддае перавагу таму, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі.

Некаторыя з ліку былых асуджаных раней ужо працавалі на тым жа лесазаводзе і пакінулі пасля сябе пэўную рэпутацыю… «Цяпер многія хацелі б вярнуцца, бо і заробак на прадпрыемстве прыстойны, і сацыяльны пакет гарантаваны, але аднаго іх жадання для гэтага мала», – зазначае старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан. Зрэшты, назіральная камісія гатова дапамагаць у вырашэнні гэтага пытання і ўнікаць у кожную канкрэтную сітуацыю. Нагадаем, што на прадпрыемствах і ў арганізацыях згодна з рашэннем райвыканкама браніруюцца працоўныя месцы для тых, хто вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі.

Падчас выязнога пасяджэння былі заслуханы восем грамадзян, у тым ліку і тыя, у каго судзімасць яшчэ не пагашана. Некаторыя заслуханыя фактычна працуюць у індывідуальных прадпрымальнікаў ці ў камерцыйных фірмах, але пры гэтым лічацца непрацаўладкаванымі, таму былі папярэджаны і аб негатыўных наступствах іншага характару. У сувязі з апошнімі зменамі ў заканадаўстве ўладальніку жыллёвага памяшкання, які не мае афіцыйнага працаўладкавання, прыйдзецца аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі ў 100-працэнтным аб’ёме, па сабекошце. Участковы інспектар міліцыі Андрэй Клочка звярнуў увагу асуджаных на злабадзённыя пытанні ва ўзаемаадносінах з членамі сям’і і да т. п.

Парадавала, што 19-гадовы малады чалавек, які нядаўна вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, ужо працаўладкаваўся на філіял маторнага завода. Але разам з абнадзейлівай навіной з’явілася і трывожная: хлопец быў заўважаны ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, прыцягнуты за гэта да адміністрацыйнай адказнасці. Старшыня назіральнай камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая звярнулася да яго з пытаннем: «Якая патрэбна дапамога?» Відавочна, што хлопец імкнецца быць самастойным. Яму выказана агульнае пажаданне – хутчэй змяняць кола зносін і нарэшце сапраўды станавіцца дарослым, гатовым несці адказнасць за свае ўчынкі.

Цяга да спіртных напіткаў здольна рэзка змяніць жыццё 41-гадовай жанчыны. Яна, ці не адзіная сярод гэтай мужчынскай кампаніі, адбывае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі. На працягу пяці месяцаў пасля вынясення прыгавору ёй ужо дапушчаны чатыры парушэнні (усе звязаны з ужываннем спіртных напіткаў), і ў выніку, як папярэдзіў Уладзімір Кухарчык, узнікла пагроза замены пакарання на іншае, а менавіта на турэмнае зняволенне.

Падводзячы вынікі работы назіральнай камісіі за 2018 год, Жанна Лысая нагадала:

– З мэтай рэсацыялізацыі асуджаных камісія практыкуе выязныя пасяджэнні, але відавочна, што пакуль бракуе эфектыўнасці ў яе рабоце. Працаваць на выездзе неабходна больш кропкава і мэтанакіравана, з запрашэннем кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.

Падчас пасяджэння быў абмеркаваны план работы камісіі на 2019 год. У ім знайшлі адлюстраванне новыя формы работы, такія як наведванне ізалятара часовага ўтрымання райаддзела міліцыі (варта пагутарыць з правапарушальнікамі і аказаць ім дапамогу, каб у далейшым яны не аказаліся ў месцах пазбаўлення волі), правядзенне прыёму асуджаных у ААТ «Агранёманскі» і Старасвержанскім сельвыканкаме (на тэрыторыі гэтага сельсавета пражывае найбольшая колькасць асуджаных), выезд на дом да асоб, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Запланавана і арганізацыя прыёму членамі назіральнай камісіі ў лячэбна-працоўным прафілакторыі ў г. Дзяржынск, куды за злоўжыванне спіртнымі напіткамі накіроўваюць жыхароў нашага раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *