Кіраўнік спраў Мінаблвыканкама правёў прыём грамадзян у Стоўбцах

Афіцыйна Главное

«Унікаць у праблемы, якія хвалююць людзей і калектывы, вырашаць застарэлыя пытанні. Пустых абяцанняў даваць не трэба, але і дарэмна нельга губляць час»,  –  такім быў лейтматыў выязнога прыёму грамадзян і прамой тэлефоннай лініі, якія правёў на гэтым тыдні кіраўнік спраў Мінскага аблвыканкама Уладзімір Гурыновіч на базе Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат».

Уладзімір Гурыновіч, кіраўнік спраў Мінскага аблвыканкама

Варта сказаць, што раней Уладзіміру Гурыновічу даводзілася бываць на садавінна-агароднінным заводзе ў Стоўбцах (так у свой час называўся Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат»), таму яму было з чым параўнаць сучасны камбінат. На філіяле ў апошнія гады ажыццёўлена мадэрнізацыя, у выніку чаго нарошчваюцца аб’ёмы вытворчасці і расшыраецца асартымент прадукцыі. Работнікі атрымліваюць дастойную заработную плату. «Немалая роля ў гэтым галаўнога прадпрыемства, але відавочная і работа на месцах», – даў ацэнку Уладзімір Гурыновіч пасля знаёмства з паказчыкамі вытворча-гаспадарчай дзейнасці філіяла, наведаўшы вытворчыя цэхі. Адбылася сустрэча з калектывам перапрацоўшчыкаў. Падчас яе кіраўнік спраў Мінаблвыканкама акрэсліў напрамкі развіцця Мінскай вобласці на 2019 год.

Якасна новы ўзровень

У мінулым годзе на Міншчыне выкананы асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі, што паспрыяла развіццю як эканомікі, так і сацыяльнай сферы. У бягучым годзе пастаўлена задача выйсці на якасна новы ўзровень. Неабходнасць яе рэалізацыі прадыктавана і тым, што ў 2020 годзе завяршаецца чарговая пяцігодка. У папярэдняй пяцігодцы Мінская вобласць заняла першае месца сярод абласцей рэспублікі, на што звярнуў увагу Прэзідэнт краіны. Цэнтральная вобласць сапраўды з’яўляецца флагманам, прамысловым цэнтрам, сэрцам краіны, а Стаўбцоўшчына, як Маладзечанскі, Нясвіжскі і іншыя раёны – нашым агульным гістарычна-культурным скарбам.

На рост валавога рэгіянальнага прадукту ў 2019 годзе павінна паўплываць эфектыўная работа машынабудаўнічага комплексу (лідар гэтай галіны – БелАЗ), харчовай і фармацэўтычнай прамысловасці. Разам з павышэннем якасці прадукцыі  намечаны рост экспарту тавараў і паслуг, выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі. Сёння ў вобласці налічваецца 134 пазіцыі імпартазамяшчальных тавараў, прычым многія з іх выраблены з удзелам малога і сярэдняга бізнесу. Вялікія задачы стаяць перад сельскай гаспадаркай. У першую чаргу надзеі ўскладзены на прыцягненне замежных інвестыцый і рэалізацыю інвестпраектаў.

Сярод новых і цікавых праектаў, якія рэалізуюцца ў Мінскай вобласці, – кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», прадпрыемства «Славкалий», Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання (з ім, дарэчы, працуе на партнёрскай аснове і Стаўбцоўскі філіял Гарадзейскага цукровага камбіната; амаль уся прадукцыя нясвіжскага завода адгружаецца ў Расійскую Федэрацыю). Вытворцамі вобласці асвойваюцца новыя рынкі збыту, і сярод іх з’явіўся Узбекістан. Актыўна развіваюцца адносіны з Кітаем.

– Сярод дзяржаўных прыярытэтаў – забяспечыць людзей работай, павысіць іх дабрабыт. Невыпадкова, што на кантролі знаходзяцца пытанні сацыяльнай сферы, у тым ліку добраўпарадкавання населеных пунктаў, утрымання дарог і да т. п., – падкрэсліў Уладзімір Гурыновіч. – Нельга забываць і пра наш імідж. У сувязі з ІІ Еўрапейскімі гульнямі чакаецца наплыў у рэспубліку гасцей, у тым ліку на турысцкія і іншыя аб’екты Мінскай вобласці.

Пра тое, як будзем развівацца ў 2019 годзе і да чаго будзем імкнуцца, расказала і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч. Аналізуючы мясцовыя праблемы, яна вылучыла асноўнае: «Хацелася б адкрыцця новых вытворчасцяў».

Хвалююць дарожныя пытанні

Стан дарог і іншыя пытанні жыццезабеспячэння хвалююць жыхароў Стоўбцаў. Гэта яшчэ раз пацвердзіў і выязны прыём Уладзіміра Гурыновіча. З чатырох чалавек, якія звярнуліся да Уладзіміра Аляксандравіча, трое скардзіліся на вулічныя яміны, лужыны і да т. п. Так, М. М. Касцюкевіч прасіў падсыпкі вуліцы Беларускай. Вясной вуліцу падтаплівае Нёман. А. Л. Жук звяртала ўвагу на разбіты стан вуліцы Кутузава, а таксама праезду паміж дамамі №№ 2 і 4 на вуліцы Цэнтральнай.

– Дадзім даручэнне Стаўбцоўскаму АКС вывучыць пытанне добраўпарадкавання вуліц, якія знаходзяцца на яго балансе, папрацаваць з людзьмі. Іншым разам людзі самі гатовы прыняць удзел у навядзенні парадку на сваёй вуліцы, але ім ніхто гэтага не прапануе, – адрэагаваў Уладзімір Гурыновіч.

Што датычыць дрэннага стану праездаў паміж кааператыўнымі дамамі, то тут неабходна пачынаць з афармлення дакументаў і перадачы гэтых участкаў на баланс АКС. Толькі тады можна патрабаваць ад камунальнай службы адэкватнага абслугоўвання дарог.

Акрэсліўся і яшчэ адзін блок пытанняў – адносна водазабеспячэння. У гарадскім мікрараёне Акінчыцы праблема з вадой цягнецца не першы год. Старая свідравіна, выходзяць са строю помпы…

– Гэтую праблему ведаем і вырашаем, – пракаменціраваў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. – Заменена труба. У бягучым годзе часткова выправім сітуацыю з водазабеспячэннем мікрараёна.

Аляксандру Цываку дадзена даручэнне разабрацца з якасцю вады па вуліцы Цэнтральнай, 4. У кранах жыльцоў ізноў пайшла вада з пяском, хоць дадаткова ў падвале дома былі ўстаноўлены фільтры. Раней людзі звярталіся з гэтай праблемай у райвыканкам, былі прыняты меры па прамыўцы сістэмы, і вада паступала ў кватэры чыстая, без пясчаных прымесяў.

Са сваёй няпростай праблемай, якая патрабуе чалавечага ўдзелу і маральнай падтрымкі, звярнуўся стаўбчанін, у якога дачка загінула ў ДТЗ пры выкананні службовых абавязкаў. Паўстала пытанне памеру страхавых выплат бацькам. Прадстаўнікамі цэнтральнага апарату Белдзяржстраха былі дадзены кампетэнтныя кансультацыі наконт парадку дзяржаўнага страхавання работнікаў сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Гурыновіч падсумаваў вынікі прыёму:

– Кіруючыся Дырэктывай № 2, мы праводзім выязныя прыёмы, прамыя тэлефонныя лініі, сустрэчы з працоўнымі калектывамі. Людзей хвалююць бытавыя, жыццёвыя праблемы. Усе яны ўзяты на кантроль. Разбірацца з агучанымі праблемамі будзе ў першую чаргу мясцовая ўлада, але даручэнні дадзены і абласным структурам, каб і яны са свайго боку ажыццявілі кантроль   выканання.

Даступнае «Адно акно»

Кіраўнік спраў аблвыканкама Уладзімір Гурыновіч і кіраўнік спраў райвыканкама Ала Янкоўская акцэнтавалі ўвагу калектыву перапрацоўшчыкаў на стварэнні ў раёне згодна з указам Прэзідэнта асобнай службы – «Адно акно», з памяшканнямі для чакання, кансультацый,  аснашчанымі камп’ютарным абсталяваннем і праграмным забеспячэннем, што зручна для грамадзян, якія прыходзяць па адміністрацыйныя паслугі, і значна спрашчае выдачу неабходных дакументаў. Цяпер у «Адным акне» можна атрымаць не менш за 105 даведак самага рознага характару.

Сучасныя тэндэнцыі – змяншэнне колькасці паўторных зваротаў і павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян у вышэйстаячыя арганізацыі. Усплёск іх выклікаюць, як правіла, лакальная праблема ці выхад у свет новага нарматыўнага дакумента.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *