Японскае мастацтва ў цацках

Главное Культура

Мяккая цацка – гэта не толькі добры падарунак ці ўпрыгажэнне інтэр’ера. Для дзіцяці гэта перш за ўсё спосаб пазнання свету, зносін з ім, магутны стымул развіцця вобразнага мыслення. З даўніх часоў людзі верылі, што цацкі ахоўваюць дзіцячы сон, таму клалі іх у калыску побач з дзіцем як абярэг. Лічылася, што цацка прыносіць малому здароўе і дабрабыт.

Для Кацярыны  Длугозiма выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, якая праходзіла ў гэтыя дні на базе раённага Цэнтра культуры, была першай у жыцці. Творчасць маладога і таленавітага майстра на старонках сацыяльных сетак заўважыла метадыст па народнай творчасці раёна Людміла Віцько, якая і прапанавала ёй прыняць удзел у «Сонцавароце», прадэманстраваць свае работы.

Родам Кацярына з вёскі Скамарошкi. Скончыўшы 9 класаў Залужскай сярэдняй школы, паступіла ў Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж на спецыяльнасць «банкаўская справа». Працавала два гады па размеркаванні ў Белiнвестбанку ў г. Мінск. У сувязі з тым што дабірацца да сваёй работы даводзілася на спадарожным транспарце, Кацярына вырашыла ўладкавацца бліжэй да дома. Да выхаду ў дэкрэтны адпачынак была на пасадзе рэгістратара-касіра ў Стаўбцоўскай раённай бальніцы. За гэты час скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт».

Кацярына і яе муж Віталь – шчаслівыя бацькі, якія выхоўваюць аднагадовага сыночка Пятра. Калі хлопчыку было паўгода, Кацярына вырашыла заняцца вязаннем. Гэта яна ўмее з дзяцінства, таму што добрымі рукадзельніцамі былі яе бабуля, прабабуля. Яны вязалі сурвэткі, шкарпэткі, пледы, кофтачкі, а Кацярына вырашыла заняцца цацкамі.

Маладой матулі гэтая справа дапамагае адпачыць ад дамашніх клопатаў.

Спачатку выраб цацак быў проста цікавасцю: ці атрымаецца паўтарыць тое, што могуць іншыя? Калі ж сталі атрымлівацца адметныя аўтарскія работы, муж праявіў ініцыятыву выставіць іх у інтэрнэт. І яе хобі стала прыносіць не толькі радасць, але і прыбытак.

У калекцыі майстра больш за 70 цацак, у ліку іх – добрыя і забаўныя звяркі, якія так падабаюцца дзецям. Першай цацкай, якую вырабіла Кацярына, быў мішка ярка-зялёнага колеру, які вельмі спадабаўся яе сыну. З цягам часу яна пачала вырабляць больш складаныя цацкі з мноствам дэкаратыўных элементаў, фурнітурай, выкарыстоўваючы розныя віды і колеры нітак.

Ідэі для сваіх цацак Кацярына знаходзіць у інтэрнэце, але часцей за ўсё гэта аўтарская праца і плён уяўлення самога майстра.

На «Сонцаварот» было прадстаўлена 19 работ: ад маленькай, якая змяшчаецца на далоні, да самай вялікай, каля 40 см. Усе цацкі выкананы ў адным стылі – амiгурумi (у перакладзе з японскай мовы – вязанае, загорнутае). Асаблівасць такога папулярнага сярод майстроў віду мастацтва заключаецца ў тым, што вязанне кручком або спіцамі пачынаецца з кальца. Затым створаныя элементы напаўняюцца халафайберам і сшываюцца паміж сабой. За дзень такую цацку не зробіш. З кручком Кацярына не расстаецца ля экрана тэлевізара, седзячы за маніторам камп’ютара. Па яе словах, галоўнае – паспяваць лічыць радкі.

У будучым Кацярына плануе праводзіць майстар-класы і відэа-ўрокі ў інтэрнэце, ствараць уласныя эскізы.

Яе цацкі – гэта ручная работа, у іх ёсць душа, яны жывыя. Іх хочацца купіць, нават калі не збіраўся.

Пажадаем майстру натхнення, невычэрпнай энергіі, крэатыўных ідэй у вырабе твораў такога арыгінальнага і цікавага віду сучаснага мастацтва.

Яўгенiя СЛЕСАРЧЫК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *