Вучэнні для медыкаў

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Мінску ў маі бягучага года, рэалізуюцца мерапрыемствы па санітарнай ахове тэрыторый і распаўсюджванні інфекцыйных захворванняў.

З гэтай мэтай напрыканцы лютага ў адпаведнасці з комплексным аператыўным планам праведзены вучэнні на чыгуначным вакзале па лакалізацыі і ліквідацыі ўмоўнага ачага халеры. Была разыграна сітуацыя са зняццем пасажыра з поезда пуці следавання на станцыі Стоўбцы з падазрэннем на захворванне на халеру. У вучэннях былі задзейнічаны медыцынскія работнікі хуткай дапамогі, інфекцыйнага аддзялення райбальніцы, аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, працаўнікі станцыі Стоўбцы.

У поўным аб’ёме праведзены ўсе мерапрыемствы, неабходныя ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі з’яўлення хворага з прызнакамі небяспечнага інфекцыйнага захорвання – халеры. Мерапрыемствы праводзілі на чыгуначным вакзале з удзелам брыгады хуткай дапамогі, потым – у інфекцыйным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы.

– Выкананне такога плана мерапрыемстваў, – каменціруе загадчык аддзела эпідэміялогіі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Пятровіч, – з’яўляецца актуальным па прычыне пагрозы распаўсюджвання інфекцыйных хвароб, якія ўяўляюць ці могуць уяўляць сабою надзвычайную сітуацыю ў галіне грамадскай аховы здароўя і маюць міжнароднае значэнне. У многіх краінах свету працягваюць рэгістравацца інфекцыі, якія ўяўляюць пагрозу. Па даных Сусветнай Арганізацыі аховы здароўя ў 2013 годзе ўспышкі захворванняў на халеру працягваліся ў Пакістане, Іране, на Кубе, у Дамініканскай Рэспубліцы, на Гаіці, у Мексіцы і іншых краінах, рэгістраваліся выпадкі ў Кыргызстане. Вандроўнікі падвяргаюцца рызыцы заражэння ва ўсіх зонах, эндэмічных па жоўтай ліхаманцы. Самым надзейным сродкам папярэджання інфекцыі з’яўляецца прафілактычная вакцынацыя. Зрабіць прафілактычную прышчэпку ў Рэспубліцы Беларусь і атрымаць міжнароднае пасведчанне аб вакцынацыі супраць жоўтай ліхаманкі можна ў 19-й цэнтральнай раённай паліклініцы Першамайскага раёна г. Мінска (пр-т Незалежнасці, 119, тэл. (8-017) 267-07-22, каб. № 400).

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *