Лішнія кілаграмы зімой – нармальна

Важное Медыцына

Узімку, калі мала цяпла і рэдка свеціць сонца, наш арганізм часта адчувае стрэс. І каб яго пазбегнуць, неабходна скарэкціраваць рацыён.

Першае, што падлягае карэкцыі, – каларыйнасць. Калорый нам патрабуецца больш – для падтрымання цеплаабмену. Таму ўзімку мы павінны ўжываць больш тлушчаў – не менш за 30 г у суткі. З іх трэцяя частка павінна прыходзіцца на жывёльныя тлушчы (сметанковае масла, смятану, невялікую колькасць свінога сала), астатняе – на раслінныя тлушчы (аліўкавы, сланечнікавы, ільняны, кукурузны алей). Але паколькі набіраць лішнія кілаграмы зімой не хочацца, не перабярыце меры з тлушчамі. Лепш увесці ў меню супы – і атрымаеце пачуццё сытасці і цяпло пры нізкай каларыйнасці.

Дарэчы, асаблівасці зімовага рацыёну такія, што некаторай прыбаўкі кілаграмаў усё ж не пазбегнуць. Гэта адбываецца з-за таго, што каларыйнасць страў, якія падтрымліваюць цеплаабмен, вышэйшая, а рухомасць у такую пару года – ніжэйшая. Вясной усё абавязкова прыйдзе ў норму.

Зімой неабходна скарэкціраваць і ўзровень бялку. Варта больш ужываць рыбы, птушкі, мяса – прадуктаў з высокім утрыманнем цяжкіх бялкоў. Мясныя бялкі не служаць заменай малочным, таму іх неабходна сумяшчаць. Асаблівую патрэбу мае наш арганізм у кісламалочных прадуктах. Менавіта тварог, кефір, ёгурты, ражанка дапамагаюць абараніцца ад прастудных захворванняў, якія насцігаюць нас у халодную пару года. Акрамя таго, у кісламалочных прадуктах змяшчаецца малочны тлушч, які спрыяе лепшаму засваенню арганізмам кальцыю і вітаміна А, які абараняе скуру ад уздзеяння марозу і ветру.

Безумоўна, не абысціся зімой і без вугляводаў. Выключэнне іх з рацыёну пагражае зніжэннем імунітэту і перспектывай лёгка падхапіць прастуду. Энергаёмістыя прадукты, такія як хлеб, кашы і розныя злакі, лепш ужываць у першай палове дня, а бялковую ежу – мяса або рыбу з гароднінай, як і малочныя прадукты, – у другой.

Зімой трэба выпіваць не менш за 1,5 л вадкасці, прычым не менш чым літар чыстай вады, астатняе – у выглядзе ўзвараў, настояў або цёплага чаю. У зімовым рацыёне гарачыя напіткі проста незаменныя. Калі неабходна падоўгу знаходзіцца на марозе, варта загадзя паклапаціцца аб тэрмасе. Ягады журавін, брусніц, долькі лімона, кавалачкі імбіру, чабор, бергамот, абляпіха, шыпшына ў любых прапорцыях і спалучэннях – крыніца цяпла, энергіі і добрага настрою.

Акрамя таго, такія чаі дапамогуць падтрымаць імунітэт, дададуць неабходныя вітаміны і мікраэлементы. А вось ад алкагольных напіткаў у мароз лепш наогул адмовіцца, яны не толькі не сагрэюць, але і могуць выклікаць спазм сасудаў. З алкаголю можна ўжываць толькі глінтвейн на аснове віна, аднак таксама не варта захапляцца: адзін келіх прынясе карысць, астатнія – ужо шкоду.

Пры адсутнасці сонца асабліва важна ўводзіць у рацыён прадукты, якія змяшчаюць вітамін В. Гэты вітамін адказвае за добры настрой,  стрэсаўстойлівасць, знешні выгляд скуры, валасоў, пазногцяў. Арэхі, гарох, рыс, грачаная каша і буракі дапамогуць папоўніць запас вітаміна В, калі ўжываць іх рэгулярна. Не забудзьцеся зазірнуць у сваю маразілку. Ягады, замарожаныя летам адразу пасля збору, значна больш карысныя за тыя, што вырашчаны зімой на гідрапоніцы і прадаюцца ў супермаркеце.

Не забываем пра зеляніну, якая багатая фітанцыдамі і дапамагае арганізму змагацца з інфекцыямі. Мочаныя яблыкі і квашаную капусту таксама варта ўжываць часцей – гэта крыніца вітаміна С. Не варта выпускаць з-пад увагі вітаміны А і Е, якія ўзімку таксама адыгрываюць вялікую ролю. У прыватнасці, вітамін Е абараняе скуру ад абветрывання і холаду. Яго шмат у шпінаце, брокалі, рыбе, раслінным алеі, арэхах і авакада. Вітамін А ўтрымліваюць такія прадукты, як морква, гарбуз, пячонка і курага.

Паліна ЧАПСКАЯ, памочнік урача-валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *