Выконваюць пастаўленую задачу

Важное Сельская гаспадарка

(злева направа) аператары машыннага даення Наталля Каленчыц, Тамара Прахарэвіч, Аляксандр Сідзяка, Таццяна Пявец, Наталля Грыгарук, Алена Войніч (брыгадзір), Рамуальда Пілюшка і Наталля Кульшынская

Калектыў жывёлаводаў МТФ «Мархачоўшчына № 2» ААТ «Вішнявецкі-агра» плённа працаваў на працягу мінулага года і дабіўся самага высокага паказчыка па надоях малака ад каровы ў сваёй гаспадарцы – у сярэднім атрымана 6485 кілаграмаў, прыбаўка да леташняга склала 1001 кілаграм. Брыгадзір вытворчага падраздзялення Алена Войніч расказвае, што людзі ўвесь год рупіліся з жаданнем даказаць, што дружнаму калектыву па сіле выконваць пастаўленыя перад імі кіраўніцтвам гаспадаркі задачы. Яны шчыра даглядалі і кармілі жывёлу.

– Дазволіла павялічыць вынік увядзенне ў дойны статак навацельных высокапрадукцыйных кароў, – дадае Алена Мікалаеўна, – нашы жывёлаводы самі вырасцілі і раздаілі пяршачак. Усяго замянілі сто нізкапрадукцыйных кароў, і справы пайшлі ўгару.

Дойны статак на ферме налічвае 419 кароў, а ўсё пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 1170 галоў. Шчыруюць на ферме восем асноўных аператараў машыннага даення. Гэта Тамара Прахарэвіч, якая мае лепшы паказчык – надаіла 6554 кілаграмы малака ад каровы. Ненамнога адсталі ад яе і таксама перавысілі 5,5-тысячны рубеж Рамуальда Пілюшка і Іна Залатар. Надзея Лешчанка і Наталля Каленчыц маюць адпаведна вынікі 6490 і 6489 кілаграмаў. Таццяна Пявец была падменнай, але напрыканцы мінулага года яна прыняла групу кароў ветэрана працы Галіны Сергіевіч (жанчына пайшла на пенсію) і дастойна працуе. Нядаўна ўліліся ў калектыў дзве Наталлі – Гаўрылава і Грыгарук. Аляксандр Сідзяка і Наталля Кульшынская працуюць падменнымі аператарамі. Унеслі свой уклад у агульны поспех слесары малочнага абсталявання Сяргей Таяноўскі і Мікалай Казлоўскі. На гэтай ферме высокая і якасць малака. У студзені бягучага года ўся прадукцыя адсюль адгружаецца перапрацоўшчыкам толькі гатункам «экстра». Павялічваюцца і надоі малака. Неблагія ў гэтым вытворчым падраздзяленні і прывагі буйной рагатай жывёлы. Рупяцца жывёлаводы Генадзій Астравух, Уладзімір Геут і Іван Чэрнік.

Дарэчы, калектыў фермы заняў першае месца сярод аднатыпных падраздзяленняў таварыства па навагоднім афармленні вытворчага аб’екта.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *