Вёска Дзяражнае. Дзе ты заўсёды свой

Главное Год малой родины

У Дзераўной збочваем налева – і ўжо праз 3-4 кіламетры сустракае вёска Дзяражнае. Да дарогі падступае заснежаны лес, у галінках якога іскрацца промні зыркага зімовага сонца. Вуліца нешырокая, добра расчышчаная. У вёсцы яна адна, але якая – Цэнтральная. Іграюць фарбамі драўляныя фасады сядзіб. Відавочна, у Дзяражным няма кінутых дамоў. Бадай, у кожным з іх ёсць каму прыгадаць мінулае або расказаць пра сучасны дзень роднай вёскі.  

У Дзяражным адна вуліца, але якая — Цэнтральная

З малітвай за родную зямлю

На доме Станіславы Бычкевіч, якая тут і нарадзілася за некалькі гадоў да вайны, – спадарожнікавая антэна. Станіслава Альбінаўна любіць паглядзець тэлевізар. Так час на пенсіі праходзіць хутчэй. Дамашніх абавязкаў у жанчыны нямнога – распаліць грубку ды падагрэць сабе ежу, з астатнім упраўляюцца дзеці, якія прыязджаюць на выхадныя. З неадкладнымі штодзённымі патрэбамі дапамагае сацыяльны работнік Вольга Багдановіч. Балазе яна жыве па суседству. Серада і субота, як кажа гаспадыня, – асобыя дні, бо паштальён прыносіць ёй раённую газету «Прамень».

Адданая чваёй вёсцы Станіслава Бычкевіч

Станіслава Альбінаўна чакае ўрача з Дзераўнянскай бальніцы, якога выклікала дачка. Перад ёй на стале – кніжачка з малітвамі. Звяртаю ўвагу на дамашні міні-алтар у чырвоным куце. Жанчына кажа, што свяшчэнныя выявы, свечкі дачка Рома прывезла з Іерусаліма, Рыма. Пачынае расказваць пра традыцыі вёскі і аднавяскоўцаў:

– Збіраемся і молімся разам Маці Божай Ружанцовай. Калі праводзім каго з вяскоўцаў у апошні шлях, молімся з вечара і назаўтра, пакуль не прыедзе з Дзераўной ксёндз. У дзень усіх святых, 1-га лістапада, абавязкова наведваем могілкі. Да гэтага дня прыбіраем, упрыгожваем магілы сваіх родных. Раней рабіла ўсё сама, цяпер ужо дачка мяне замяніла. На дзераўнянскіх могілках пахаваны муж, уся яго і мая радня… Хоць хадзіць цяжка, імшу не прапусціла ніводзін выхадны, ніводнае свята. Сваякі едуць да касцёла і мяне запрашаюць.

На свежы сняжок выйшаў каток

Сваякоў у Станіславы Бычкевіч ў Дзяражным багата. Сама яна карэнная жыхарка, ды і двое з траіх яе дзяцей, сын і дачка, жаніліся  і выйшлі замуж за сваіх, мясцовых. Стварылі добрыя сем’і. Жывуць у Стоўбцах. Яшчэ адна дачка – у Фаніпалі. Дзеці падарылі бабулі шасцярых унукаў, у яе ўжо столькі ж праўнукаў. Яна радуецца іх поспехам. Усіх любіць, благаслаўляе сваёй гарачай малітвай. Жыццё было няпростае, навучыла Станіславу Бычкевіч верыць і быць моцнай.

– У 1943-м немцы спалілі вёску. Гарэлі нашы хаты, сады. Нас ледзьве не вывезлі ў Германію, – расказвае жанчына. – Ужо на вакзале ў Стоўбцах знаёмы мужчына з Барка падказаў: «Уцякайце!» Схаваліся на хутары ў бацькавай сястры. Перазімавалі, а летам змайстравалі з саломы шалаш. Набылі свіран, і з гэтага дрэва пачалі рабіць у Дзяражным новую хату.

Бацька Станіславы Бычкевіч – удзельнік вайны. У 1951 годзе, калі быў арганізаваны калгас, ён стаў першым брыгадзірам. Быў дэпутатам. У кнізе «Памяць» чытаем: «Альбін Міхайлавіч Лысы, даглядчык жывёлы саўгаса «Хатава». Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973)».

І сама Станіслава Альбінаўна – з ліку тых шчырых работнікаў, якія прысвяцілі гаспадарцы сваё жыццё. Працавала інспектарам па кадрах, была старшынёй прафсаюзнага камітэта. Дома чакалі дзеці, вялікая гаспадарка, агарод. Узяла на сябе догляд хворай матулі, мужавай цёткі. Засталася адданай роднай зямлі, сваёй вёсцы, хоць многія дзяражанцы ў цяжкі перыяд станаўлення калгаснага ладу сем’ямі выязджалі ў Польшчу.

Вясковае жыццё

Адзін школьнік на Дзяражнае

Станіслава Бычкевіч на пачатку свайго самастойнага жыцця працавала ў магазіне. Яго даўно закрылі (будынак былога магазіна выкуплены пад дачу), прыязджае аўталаўка, а вось жанчына прыгадала, якім попытам карысталася мука для жывёлы, што яе прыходзілася дзяліць на кожную душу. У яе нататках значылася тады 225 жыхароў вёскі, з іх амаль 70 – дзяцей-школьнікаў. У 50-х гадах у Дзяражным нават працавала пачатковая школа.

Сёння тут толькі адзін школьнік – другакласнік Віталь Копач. Пасля ўрокаў у Дзераўнянскай СШ хлопчык застаецца ў групе падоўжанага дня. «Дзесьці ў шэсць вечара сына прывязуць дамоў на школьным аўтобусе», – кажа Наталля Рафаілаўна. У яе з мужам Іосіфам Іванавічам (дарэчы, абое яны карэнныя, толькі з розных канцоў вёскі) гэта трэцяе, позняе, дзіця. Двое старэйшых ужо дарослыя. «Копачы – узорная сям’я ў вёсцы», – кажуць пра іх аднавяскоўцы.

Гаспадар якраз набіраў ваду з калодзежа. «Уходжваюся. Трэба накарміць карову, свіней», – патлумачыў. Неўзабаве да іх сядзібы пад’ехаў трактар з маніпулятарам. Дровы прывезлі са Старынскага лясніцтва, дзе Іосіф працуе лесніком. Наталля – санітарка ў доме-інтэрнаце. Якраз увіхалася ў хаце. Іх бацькоўскі дом пасля рамонту не пазнаць. І вокны міла «ўсміхаліся» папяровымі сняжынкамі… Побач жыве матуля, Ванда Браніславаўна, якая ва ўсім дапамагае дзецям. Як і яны ёй. Вёска, дзякуючы сям’і Копачаў, памаладзела.

Разумная вёска

Усю ноч можа гарэць святло ў акне Алы Вільнявец. Ала Андрэеўна, былая настаўніца, шмат чытае. А сустрэліся мы з ёй на вуліцы, акурат падчас прагулкі. Яна ў цудоўнай форме. У свой час мела другі разрад па гімнастыцы. У Дзераўнянскай школе, куды прыехала калісьці па размеркаванні, атрымала вышэйшую катэгорыю, званне настаўніка-метадыста, была кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў раёна. У Дзяражным яна, ураджэнка Віцебска, выйшла замуж. Цяпер прыводзяць у захапленне торты, якія жанчына выпякае.

Выйшла на прагулку Ала Вільнявец, былая настаўніца

Апошнім часам Дзяражнае стала амаль жаночай вёскай. «Толькі тры мужчыны і пяток нежанатых, каторым пад 50, хлопцаў», – жартуе Вольга Багдановіч, жонка Віктара Раманавіча. Родам з Гомельшчыны, свой  лёс яна таксама знайшла ў Дзяражным. Ужо будучы на пенсіі, Вольга Рыгораўна абслугоўвае восем пажылых жыхароў вёскі. Больш за трыццаць гадоў працавала ў банкаўскім аддзяленні ў Дзераўной. Па слядах маці пайшла і дачка. У мужа Вольгі Рыгораўны не менш цікавая біяграфія: доўгі час выкладаў аўтасправу ў школе, рабіў у ПМС. Сваім дзецям Багдановічы дапамаглі пабудаваць уласныя дамы.

Не сядзяць без справы Віктар і Вольга Багдановічы

– З Дзяражнага выйшлі разумныя людзі, – дадае Вольга Багдановіч, маючы на ўвазе, што гэта малая радзіма Рамуальды Бурдукевіч, Івана Бычкевіча, Іосіфа Сяліцкага, Антона Бычынскага, вядомых у раёне кіраўнікоў мясакансервавага камбіната, аўтапарка № 17, падатковай інспекцыі, вучэбнага цэнтра (адпаведна).

Вясковы старажыл Станіслава Бычкевіч яе дапаўняе: «Іду па вёсцы і толькі чую: «Здрастуйце!.. Здрастуйце!..» А я не пазнаю гэту моладзь. Выраслі нашы ўнукі… Дзяражнае – і іх маленькая бацькаўшчына».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *