Спартыўныя мерапрыемствы «Гарачы снег – 2019» прайшлі на Стаўбцоўшчыне

Важное Спорт

У рамках акцыі «Міншчына спартыўная» на турбазе «Высокі бераг» прайшлі зімнія спартыўныя мерапрыемствы для працоўнай моладзі раёна «Гарачы снег – 2019».

У праграме былі лыжная, спартыўная і біятлонная эстафеты, спаборніцтвы на санках. Дазволілі памерацца сіламі і з асалодай пасмяяцца жартоўна-забаўляльныя конкурсы, як, да прыкладу, кіданне валёнка, а красворд-рэбус на зімнюю тэму стаў своеасаблівым інтэлектуальным выпрабаваннем. Спартыўную частку арганізавалі на высокім узроўні дасведчаныя ў гэтай справе Дзмітрый Сцепанюк, Мікалай Мазур, Аляксандр Грыб і Вольга Арлоўская. Музычнае суправаджэнне забяспечылі работнікі раённага Цэнтра культуры.

– Асаблівасць усіх конкурсаў – у іх камандным духу, – падкрэсліла першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – На завяршэнне ўдзельнікаў чакалі касцёр і смачны абед: мачанка з каўбасой і блінамі, салдацкая каша і, безумоўна, гарачы чай.

Пераможцам спаборніцтваў выйшла каманда Стаўбцоўскіх электрычных сетак, другое і трэцяе месцы раздзялілі адпаведна каманды Стоўбцыгаза і цэнтральнай раённай бальніцы. Ад арганізатараў – аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага камітэта БРСМ, фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Стаўбцоўскага раёна – ім былі ўручаны падарункі і граматы. Спонсарскую дапамогу ў правядзенні «Гарачага снегу – 2019» аказаў раённы савет Аграпрамысловага саюза. Не засталася ўбаку турбаза «Высокі бераг», з якой наладжана цеснае супрацоўніцтва.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *