Воўк пакусаў чатырох чалавек

Ахова правапарадку Главное

У раёне ад нападу воўка пацярпелі чатыры чалавекі. Усе шпіталізаваны ў ЦРБ.

У суботу, у 22.55, у райаддзел міліцыі паступіла першае паведамленне са службы хуткай дапамогі. Па медыцынскую дапамогу звярнуліся з ірванымі ранамі двое жыхароў Слабады, малады чалавек і жанчына. Яны расказалі, што ішлі з аўтобуснага прыпынку дамоў і на вуліцы Зарэчнай, непадалёку ад дома № 3, на іх напаў воўк. Адразу напад быў учынены на маладога чалавека, і той уступіў у схватку з драпежнікам. Калі змог вырвацца, пабег па дапамогу. Невядома, чым бы закончыўся гэты напад для жанчыны, калі б праз некалькі мінут не падаспелі мужчыны з сахаром.

Воўка паранілі, але ў 23.38 ён аб’явіўся на вуліцы Сянкевіча ў мікрараёне Акінчыцы. Непадалёку ад аўтобуснага прыпынку ён напаў на маладую пару. І ў 00.24 у міліцыю пазваніў жыхар Стоўбцаў, які паведаміў, што на вуліцы 17 Верасня, паблізу будынка лясгаса, бегае воўк і кідаецца на яго машыну.

На вуліцу 17 Верасня былі накіраваны група затрымання аддзялення Дэпартамента аховы і нарад супрацоўнікаў ДАІ. Для выяўлення дзікага звера пачалася адпрацоўка жылога квартала. Воўк быў заўважаны на вуліцы Беларускай. Ён кідаўся на машыны, брамкі… Паколькі існавала непасрэдная пагроза жыццю і здароўю людзей, супрацоўнікамі міліцыі было прынята рашэнне аб выкарыстанні табельнай зброі.

Аднак паранены звер не збіраўся здавацца. Ён уцёк у суседні з вуліцай Беларускай лясны масіў. Прыйшлося ачапляць участак лесу, прыцягваць на дапамогу паляўнічых. У 04.10 удалося завяршыць спецаперацыю па нейтралізацыі небяспечнага звера.

Вынікамі санветэкспертызы ўжо пацверджана, што воўк быў хворы на шаленства. У выпадку, калі вашы дамашнія пітомцы мелі ці маглі мець кантакт з хворым драпежнікам, звяртайцеся ў ветлячэбніцу і бальніцу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *