Пагутарылі з Раісай Лазар аб аздараўленні насельніцтва ў нашым раёне

Важное Соцыум

Дзяржава надае вялікую ўвагу аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню ўсіх катэгорый грамадзян. Забеспячэнне пуцёўкамі ажыццяўляецца ў межах сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту.

На пытанні па арганізацыі санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення насельніцтва ў нашым раёне адказвае вядучы спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Стаўбцоўскага раёна Раіса Якаўлеўна ЛАЗАР.

– Якая колькасць насельніцтва нашага раёна атрымала аздараўленне ў 2018 годзе?

– Штогод планы па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні ўсіх катэгорый грамадзян, а таксама дзяцей у лагерах падчас канікул выконваюца ў поўным аб’ёме. У 2018 годзе аздаравілася 3131 чалавек, з іх 2964 – дзеці. За сродкі сацыяльнага страхавання санаторна-курортнае лячэнне атрымалі 205 чалавек, з іх 81 – у санаторыях для дарослага насельніцтва, 23 дзіцяці ў суправаджэнні дарослых, 80 – у дзіцячых санаторыях. Круглы год дзяцей прымаюць такія здраўніцы, як «Случ», «Налібоцкая пушча», «Баравічок», «Свіслач», «Вясёлка», «Баравое», «Нёман», дзе лечаць органы дыхання, сардэчна-сасудзістыя захворванні, эндакрынную, мочапалавую, касцёва-мышачную сістэмы, органы стрававання. У санаторыі «Волат», які размешчаны ў Маладзечанскім раёне, лечаць органы зроку. Дзеці ва ўзросце 10 гадоў і больш, якія пакутуюць ад астматычных захворванняў, накіроўваюцца на лячэнне ў дзяржаўную ўстанову «Рэспубліканская бальніца спелеалячэння» філіяла «Рэабілітацыйны цэнтр «Зялёны бор», які размешчаны ў Салігорскім раёне.

– Ці ёсць магчымасць накіроўваць дзяцей на санаторна-курортнае лячэнне не толькі ў здраўніцы, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь?

– Так, такая магчымасць існуе. У 2018 годзе ў літоўскім санаторыі «Беларусь» г. Друскінінкай атрымалі аздараўленне 20 дзяцей, з іх чатыры – у суправаджэнні дарослых. У сістэме кіраўніцтва справамі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь функцыянуе дзяржаўная медыцынская ўстанова – санаторый «Беларусь» у Крыме. Санаторый знаходзіцца ва ўнікальным па сваіх прыродных і кліматычных умовах месцы і з’яўляецца адзінай у краіне здраўніцай для эфектыўнай медыцынскай рэабілітацыі дзяцей з захворваннямі органаў дыхання, апорна-рухальнага апарату, з астматычнымі і алергічнымі захворваннямі. У даным санаторыі ў 2018 годзе разам з дарослымі аздаравіліся чацвёра дзяцей.

– Як ажыццяўляецца аздараўленне дзяцей, якія пражываюць на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі?

– З мэтай выканання дзяржаўнай праграмы па пераадоленні катастрофы на Чарнобыльскай АЭС штогод фарміруецца група навучэнцаў ДУА «Цясноўскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Ф. Э. Дзяржынскага» для санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення за мяжой. У 2018 годзе ў дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры «Надзея» аздаравілася 70 дзяцей у суправаджэнні педагогаў. У цэнтры для дзяцей створаны ўсе неабходныя ўмовы для вучэбна-выхаваўчага працэсу, санаторнага лячэння і аздараўлення. Вольны час арганізаваны на належным узроўні.

– Якія магчымасці на аздараўленне маюць сем’і, дзе выхоўваецца дзіця-інвалід?

– У Стаўбцоўскім раёне 137 дзяцей-інвалідаў. Санаторна-курортнае лячэнне паказана не ўсім, бо існуюць медыцынскія супрацьпаказанні. У залежнасці ад ступені страты здароўя і ўзросту дзіцяці выдаецца заключэнне ўрачэбна- кансультатыўнай камісіі. За мінулы год паводле заяў бацькоў санаторна-курортнае лячэнне атрымалі 11 дзяцей-інвалідаў у суправаджэнні дарослых у такіх здраўніцах, як «Надзея», «Беларусачка», «Нарачанскі бераг», «Прыморскі», «Парэчча», «Чабарок», «Беларусь» у г. Друскінінкай.

– Ці прадугледжана аздараўленне людзей больш старэйшага ўзросту, ветэранаў вайны і працы?

– Непрацуючых грамадзян, якія жадаюць атрымаць пуцёўку на аздараўленне ў раёне, – 358 чалавек, з іх – 89 інвалідаў першай і другой груп. Вышэйназванай катэгорыі грамадзян у 2018 годзе выдадзена 43 пуцёўкі, з іх інвалідам другой групы –16, ветэранам працы, якія стаялі на чарзе з 2011 года, – 27. Парадак і выдача пуцёвак вызначаецца заканадаўчымі дакументамі. Пазачарговае і першачарговае права на атрыманне пуцёвак маюць інваліды першай і другой груп, ветэраны, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Пуцёўкі ім выдаюцца бясплатна, раз у два гады. Работнікам сілавых структур за сродкі рэспубліканскага бюджэту выдадзена пяць пуцёвак, з іх дзве пуцёўкі атрымалі інваліды другой групы.

– Як прайшло летняе аздараўленне ў 2018 годзе, ці ўсе паказчыкі выкананы?

– У лагерах аздаравілася 2780 дзяцей. Даведзеныя дзяржавай планы выкананы. Праводзілася мэтанакіраваная работа па арганізацыі аздараўлення дзяцей як у загарадных стацыянарных лагерах, так і ў лагерах дзённага знаходжання, арганізаваных на базе ўстаноў адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага раёна. Выдзеленыя сродкі дзяржаўнай датацыі на аздараўленне дзяцей выкарыстаны ў поўным аб’ёме. Своечасова былі накіраваны фінансавыя сродкі на падрыхтоўку аздараўленчых устаноў па стварэнні неабходных камфортных умоў знаходжання дзяцей, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

У летні перыяд прайшлі аздараўленне дзеці з апякунскіх і прыёмных сем’яў (55), дзеці-інваліды (22), дзеці з малазабяспечаных сем’яў (48), дзеці са шматдзетных сем’яў (327), дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы (101). З раённага бюджэту выдзелена 8932 руб. для таго, каб знізіць кошт пуцёвак для дзяцей-інвалідаў, дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных, апякунскіх і прыёмных сем’яў.

Здароўе – гэта самая вялікая каштоўнасць, якая дадзена кожнаму з нас. Пастаянна імкніцеся яго захоўваць, выкарыстоўвайце магчымасць санаторна-курортнага лячэння!

Даведацца наконт кошту пуцёвак, а таксама пра здраўніцы, у якіх можна прайсці аздараўленне і атрымаць санаторна-курортныя паслугі, можна па тэлефоне 7-75-03.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *