З вялікай колькасцю дыпломаў

Адукацыя

Каманда вучняў нашага раёна ў складзе 17 чалавек паспяхова паўдзельнічала ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Нашы інтэлектуалы прывезлі 11 (!) дыпломаў.

Цікава адзначыць, што ўсе вучні, якія ўдзельнічалі ў алімпіядзе па рускай і беларускай мовах, вярнуліся з дыпломамі. Каторы раз пацвердзілі свае высокія веды па рускай мове дзесяцікласнік СШ № 3 Дзмітрый Суднік, які атрымаў дыплом І ступені, і адзінаццацікласніца СШ № 2 Яна Гамза, узнагароджаная дыпломам ІІ ступені, – неаднаразовыя пераможцы абласных, рэспубліканскіх і нават міжнароднай алімпіяды. Дыплом ІІ ступені па рускай мове ў дзевяцікласніцы гімназіі № 1 Дзіяны Валахановіч. Дыпломы ІІІ ступені па гэтым прадмеце атрымалі дзевяцікласніца СШ № 3 Дар’я Тулейка і васьмікласніца СШ № 3 Дзіяна Шуцько. Дыпломы ІІІ ступені па беларускай мове заваявалі дзесяцікласніца Заямнаўскай сярэдняй школы Ганна Станкевіч і дзевяцікласніца гімназіі № 1 Валерыя Бухавецкая.

Дыпломамі ІІІ ступені адзначаны веды па грамадазнаўстве адзінаццацікласніцы СШ № 2 Анастасіі Белавусавай і адзінаццацікласніка СШ № 3 Мікіты Мамайкі. Дыпломы ІІІ ступені па геаграфіі атрымалі адзінаццацікласнік гімназіі № 1 Сцяпан Шкляр і дзесяцікласнік СШ № 3 Дзмітрый Тарайковіч.

Упраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама вызначыць каманду Мінскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, якая адбудзецца вясной. У склад яе ўвойдуць і вучні нашага раёна, якія, спадзяёмся, пацвердзяць свае трывалыя веды і ў рэспубліцы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *