У працяг тэмы. Па воўчых слядах

Главное Медыцына

На Стаўбцоўшчыне па-ранейшаму застаецца на слыху выпадак нападу ваўка на людзей. У ліку пацярпелых — чатыры чалавекі. Экспертыза пацвердзіла, што воўк быў хворы на шаленства. Небяспечны звер знішчаны, аднак боязь магчымай сустрэчы з драпежнікам спарадзіла чуткі аб з’яўленні ў Стоўбцах новых “ваўкоў”. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Галоўнае ў данай сітуацыі – не нагнятаць абстаноўку, не сеяць паніку.

У сувязі з нападам шалёнага ваўка на людзей аператыўна праведзены неабходны комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне распаўсюджвання шаленства сярод людзей і жывёл.

Становішча ў раёне характарызуецца як стабільнае і кіруемае. Раённыя бальніца і ветэрынарная служба маюць дастатковую колькасць прэпаратаў, у тым ліку антырабічнай вакцыны для насельніцтва і жывёл. Разам з тым на працягу наступных 60 дзён сітуацыя будзе знаходзіцца пад жорсткім кантролем, працягнецца рэалізацыя комплексу прафілактычных мерапрыемстваў.

Адно з іх накіравана на адстрэл небяспечных дзікіх жывёл. Адначасова ў г. Стоўбцы і сельскай мясцовасці з 30 студзеня штодзень будзе ажыццяўляцца адлоў бяздомных (бадзяжных) жывёл – кошак і сабак. Звяртаем увагу, што да ліку бяздомных (бадзяжных) жывёл адносяцца жывёлы, якія знаходзяцца ў свабодным выгуле ў месцах агульнага карыстання. Каб пазбегнуць праблем, просім загадзя паклапаціцца пра сваіх пітомцаў.

Яшчэ раз нагадваю пра тое, што з мэтай папярэджання заражэння шаленствам чалавека неабходна выключыць любы кантакт з дзікай жывёлай і памятаць пра тое, што здаровая дзікая жывёла практычна не ідзе да чалавека. Пры з’яўленні ў населеным пункце дзікай жывёлы, якая праяўляе прыкметы агрэсіі або мае іншыя змененыя і неўласцівыя паводзіны, не спрабаваць аказаць дапамогу гэтай жывёле і самім яе ізаляваць, а неадкладна паведаміць па тэлефоне 102. Варта выключыць кантакт з безнагляднымі хатнімі жывёламі. І, безумоўна, памятаць пра бяспеку сваіх хатніх гадаванцаў, у сувязі з чым штогод прывіваць іх супраць шаленства (па пытаннях вакцынацыі звяртацца ў райветстанцыю, тэл. 7-41-19). Правілам прафілактыкі таксама трэба навучаць і дзяцей.

Калі ўсё ж адбыўся негатыўны кантакт з якой-небудзь жывёлай (укус, пападанне сліны жывёлы на пашкоджаныя скурныя пакровы ці слізістыя абалонкі), неабходна неадкладна звярнуцца ў бліжэйшую бальніцу для вырашэння пытання аб правядзенні антырабічнага лячэння.

Памятайце, што чым раней пачата імунізацыя супраць шаленства, тым верагодней спрыяльны зыход. Ні ў якім разе не варта адмаўляцца ад прызначанага лячэння і самавольна перарываць яго — гэта можа прывесці да трагічных наступстваў.

Пры ўзнікненні пытанняў і за дадатковай інфармацыяй звяртайцеся па тэлефонах 7-33-38 (ДУ “Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”), 4-67-83 (Стаўбцоўская раённая ветстанцыя).

Ігар КУНЦЭВІЧ, галоўны санітарны ўрач раёна



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *