У раёне традыцыйна, трэці год запар, праводзіцца акцыя «Наш жывёлавод», аб’яўленая Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падтрыманая райкамам прафсаюза работнікаў АПК. У ліку першых сёлета ўшанавалі работнікаў ААТ «Агранёманскі». Летась працавіты і старанны калектыў дасягнуў даволі высокіх паказчыкаў: гадавы валавы надой малака склаў 10 798 тон, вырашчана 1003 тоны мяса ялавічыны. У сярэднім ад кожнай каровы надоена 6497 кілаграмаў малака, атрымана самая высокая прыбаўка – 432 кілаграмы.
Передавікам жывёлаводчай галіны, якія сабраліся ў зале мясцовай сталовай, падзякаваў за сумленную працу першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Шыманец. Генадзій Віктаравіч падкрэсліў, што менавіта ад продажу малака і мяса таварыства мае найбольшы прыбытак, і таму людзі гэтай нялёгкай прафесіі заслугоўваюць шчырых слоў павагі. Для паляпшэння ўмоў работы жывёлаводаў і нарошчвання вытворчасці прадукцыі апошнім часам у гаспадарках узводзяць новыя вытворчыя памяшканні і ўкараняюць сучасныя тэхналогіі, для павышэння якасці кармоў будуюць сянажна-сіласныя траншэі. Усё гэта спрыяе павелічэнню паказчыкаў. Адзначалася, што наш раён па надоях малака і вытворчасці мяса ялавічыны займае шостыя месцы ў вобласці, і ў гэтым немалая заслуга агранёманскіх рупліўцаў.
Падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі ўручылі шчырым працаўнікам намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Сяргей Гаўрык і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч.

Першай была ўзнагароджана аператар машыннага даення Людміла Зянько з МТФ «Залужжа», якая сёлета стала лідарам у раёне па надоях малака ад каровы з паказчыкам 9569 кілаграмаў. Яна старанная, добрасумленная жанчына. Менавіта жаданне плённа працаваць і дабівацца намечанага дазволіла ёй перавысіць летась дзевяцітысячны рубеж, а ў гэтым годзе майстру сваёй справы цалкам па сіле пакарыць і дзесяцітысячную вяршыню. Людміле Генадзьеўне быў уручаны ад раённага Аграпрамысловага саюза і сертыфікат на суму 200 рублёў. Адзначаны за ўмелае кіраўніцтва калектывам і дасягненне высокіх паказчыкаў брыгадзір вышэйназванай фермы Вячаслаў Дзярнейка, жывёлавод Міхаіл Фалюк. Ушанавана цялятніца Ларыса Чыжык, якая паказвае прыклад у рабоце сваім калегам, і слесар па малочным абсталяванні Ірына Аітава з МТФ «Казейкі», а таксама жывёлаводы Зінаіда Шашко і Юрый Сачук (МТФ «Ператокі»), Рэгіна Лябедзька (МТФ «Дразды»), Уладзімір Крупец (МТФ «Стары Свержань») і аператар машыннага даення Валянціна Шабуня (МТФ «Скамарошкі»).
Як адзначыла Тамара Калошыч, работнікі малочнага цэха жывёлагадоўчай галіны таварыства і сёлетні год пачалі даволі ўдала, забяспечыўшы ў студзені важкія прыбаўкі.

– Наша з вамі задача, – сказаў, звяртаючыся да прысутных, дырэктар таварыства Дзяніс Захарчук, – не толькі павялічваць вытворчасць малака, але і рабіць усё для таго, каб прадукцыя была высокай якасці, бо ад гэтага напрамую залежыць заработная плата. Прыемна, што калектыў МТФ «Залужжа» выйшаў на перадавыя пазіцыі ў раёне, жывёлаводы МТФ «Казейкі» і «Стары Свержань» занялі адпаведна адзінаццатае і трынаццатае месцы. Іншым калектывам трэба падцягвацца, бо рэзервы дзеля гэтага ёсць.

Усім узнагароджаным былі таксама ўручаны і падарункі ад кіраўніцтва і прафсаюзнага камітэта таварыства. Атрымалі падарункі і работнікі, якія прыклалі максімум намаганняў у сваіх прафесіях для таго, каб павялічваліся паказчыкі ў вытворчасці малака і мяса. Гэта аператары машыннага даення Іна Дзядовіч, Ларыса Вяргейчык, Кацярына Лагаева, жывёлаводы Сяргей Шашко, Мікалай Сахута і Галіна Окунь, ветфельчар з амаль трыццацігадовым стажам Іна Крывель, якая сумяшчае і абавязкі тэхніка-асемянатара, з МТФ «Залужжа». Брыгадзір МТФ «Казейкі» Тамара Рабянок, якая за два гады вывела калектыў на перадавыя пазіцыі па вытворчасці малака, аператары машыннага даення гэтага вытворчага падраздзялення Аляксандр Аітаў і Тамара Крэнь. Відавочны плён старання брыгадзіра МТФ «Стары Свержань» Таццяны Пальчык, аператара машыннага даення Святланы Шчацінінай і жывёлавода Марыны Кудзенка.

У тым, што мясная галіна гаспадаркі мае высокі рэйтынг, вялікая заслуга брыгадзіра МТФ «Ператокі» Людмілы Жарко, жывёлавода Тадэвуша Цвіркі, стараецца ў малочным цэху Валянціна Нарановіч. Памочнікам брыгадзіра МТФ «Дразды» і адначасова лабарантам па вызначэнні якасных паказчыкаў малака шчыруе Галіна Турко, аператарамі машыннага даення – Альфрэда Жукава і Наталля Ідт – пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства. На МТФ «Скамарошкі» тэхнікам-асемянатарам на працягу трыццаці васьмі гадоў рупіцца Валянціна Адамовіч, завіхаецца жывёлавод Людміла Няволька. Адзначаны за шматгадовую і добрасумленную працу галоўны ветурач Мікалай Дрозд і бухгалтар Марына Крамко. Цёплыя словы ўдзячнасці за працу адрасавалі жывёлаводам намеснік дырэктара Іван Скварчэўскі, галоўны заатэхнік Іна Рэчкіна, старшыня прафкама Марына Касматовіч.

Мерапрыемства прайшло на высокім узроўні, з запрашэннем работнікаў Старасвержанскага цэнтра культуры, якія падрыхтавалі для перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці цікавую музычна-забаўляльную праграму.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара