Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

ПАДКАРМІЦЬ ПАШЫ

Першым на штотыднёвай планёрцы, якая праходзіць ва ўпраўленні райсельгасхарча, узнімалі пытанне аб павелічэнні сельгаставарыствамі вытворчасці малака.  Падкрэслівалася, што трэба старацца, як спецыялістам галіны, так і радавым працаўнікам, прыкладаць усе намаганні, каб да канца месяца спрацаваць з плюсам. У шэрагу гаспадарак справы ладзяцца, і вынікі іх відавочныя. Па-ранейшаму ў лідарах жывёлаводы ТАА СЖК «Налібакі», дзе гэтымі днямі ў сярэднім ад кожнай каровы атрымліваюць звыш 23-х  кілаграмаў малака. На другім месцы работнікі фермаў ААТ «Вялікі Двор» з вынікам звыш 22-х кілаграмаў. У пяцёрцы лепшых ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Каганец» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». А для таго, каб атрымаць вялікае малако ў летні пашавы перыяд (на гэтым завастралася асаблівая ўвага), агранамічным службам таварыстваў трэба парупіцца і абавязкова своечасова падкарміць пашы азотнымі ўгнаеннямі.

 

«СКАРБ» І «БРЫЗ»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Агранёманскі» сёлета пераходзіць на вырошчванне айчынных сартоў бульбы. У прыватнасці, садзіць будуць «Скарб» і «Брыз».

–  Гэтыя сарты нічым не адрозніваюцца ад нямецкіх, – расказвае намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Скварчэўскі. – Яны даволі ўраджайныя. Некалі мы высаджвалі іх у сваім гадавальніку і накопвалі ад 500 да 600 цэнтнераў клубняў з гектара. Як вядома, наша беларуская бульба смачная. Насенне набудзем у СФГ «Сула», якая напрамую супрацоўнічае з навукоўцамі. А іменна з РУП «НПЦ НАН Беларусі па бульбаводстве і гароднінаводстве». У Самахвалавічах мэтанакіравана займаюцца яе селекцыяй.

 

ДЛЯ НАРЫХТОЎКІ КАРМОЎ

Нарыхтоўка  дастатковай колькасці кармоў для жывёлы – адзін з галоўных накірункаў работы ААТ «Шашкі». З гэтай мэтай на мехдвары таварыства з’явілася ротарная  навясная касілка-плюшчылка КПР-9 вытворчасці ВА «Гомсельмаш».  

– Выкарыстоўваць яе будзем у комплексе з набытым летась рулонным прэсам, які абгортвае траву ў поліэтыленавую плёнку, – гаворыць дырэктар Валерый Ільюшэнка. У выніку палепшыцца якасць кармоў.

Купілі нядаўна і новы мабільны ўніверсальны кормараздатчык-змешвальнік «Хозяин», з дапамогаю якога раздаюцца кармы на фермах. Кормараздатчык і касілка набыты ў лізінг. Першы ўзнос на іх набыццё аплачаны за кошт бюджэтных сродкаў.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *