Забяспечваюць малаком сябе і дзеляцца лішкамі з дзяржавай

Нумары Сельская гаспадарка

У зале пасяджэнняў райвыканкама адбылося ўрачыстае ўшанаванне малаказборшчыкаў і малаказдатчыкаў сельсаветаў раёна, а таксама старастаў вёсак па выніках работы за мінулы год. Праводзіць такія мерапрыемствы стала добрай традыцыяй.

Вяскоўцы, якія трымаюць кароў, забяспечваюць малаком свае сем’і і  дзеляцца з дзяржавай лішкамі прадукцыі, заслугоўваюць увагі і павагі. Як падкрэсліў старшыня райсавета Аркадзь Казякоўскі, у зале сабраліся людзі, якія ўносяць дастойны ўклад у выкананне прагнозных паказчыкаў Праграмы развіцця і падтрымкі ўласных падсобных гаспадарак грамадзян. Нягледзячы на некаторыя праблемы, летась агульнымі намаганнямі вяскоўцаў сабрана і з дапамогаю райаграсэрвіса, які аказваў паслугі па перавозцы прадукцыі падвор’яў, здадзена 487 тон малака. На жаль, у параўнанні з папярэднімі гадамі гэтая лічба стала ніжэйшай, таму і праграму не выканалі. Але на тое ёсць шэраг аб’ектыўных прычын. Па-першае, змяншаецца пагалоўе кароў у прыватным сектары. За апошнія тры гады яно скарацілася на 366 галоў. Па-другое, многа ў нас дачных кааператываў, асабліва ў Заямнаўскім і Рубяжэвіцкім сельсаветах, дзе малако раскупляецца на месцах. Ёсць вёскі, у якіх дачнікаў пражывае нават больш, чым карэнных жыхароў.

Пераможцам у спаборніцтве па закупе малака сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў прызнаны, як і летась, Мікалаеўшчынскі сельвыканкам, дзе закуплена на карову 1981,8 кілаграма малака. Як адзначыла Галіна Ярашэвіч, вельмі прыемна, што ўдалося зноў стаць першымі. На яе думку ўтрымліваць лідзіруючыя пазіцыі дазваляе тое, што людзі не возяць малако на рынак. За шчыраванне і разуменне старшыня ўдзячна вяскоўцам, якія рэалізуюць малако дзяржаве. А асабліва малаказборшчыку Ганне Коржык, якая летась збірала малако па сельсавеце адна і закупіла 113 тон, за што і была адзначана грашовай прэміяй. У папярэднія гады жанчына неаднаразова выходзіла пераможцам у данай намінацыі. Руплівіца адзначыла, што пастараецца  і сёлета быць у ліку лепшых. Людзі вясковыя руплівыя, нясуць і вязуць малако. Дарэчы, Ганна Леанідаўна атрымала заахвочвальную прэмію не толькі за збор малака, а і як малаказдатчык – здала 9962 кілаграмы. Яна трымала двзюх кароў, але адну падарыла нядаўна дачцэ з зяцем, якія жывуць у Жыгалках і працуюць у таварыстве. Дзеці таксама маюць намер здаваць малако.

Першае месца сярод малаказборшчыкаў прысуджана Аляксандру Глобажу з Вішнявецкага сельсавета, які закупіў 2735 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову. Заахвочвальныя прэміі ў данай намінацыі атрымалі таксама Віктар Суднік (Старасвержанскі сельсавет), Надзея Філіповіч (Дзераўнянскі сельсавет), Баляслаў Гайдук (Рубяжэвіцкі сельсавет) і Віктар Янушкевіч (Літвенскі сельсавет), якія закупілі адпаведна 57,6, 48, 24,8 і 24,1 тоны.

Нязменным лідарам сярод малаказдатчыкаў з’яўляецца Іосіф Паўлавец (Старасвержанскі сельсавет), які рэалізаваў найбольшую колькасць малака – 18185 кілаграмаў. Па-ранейшаму знаходзяцца сілы ў гэтага чалавека займацца дамашняй гаспадаркай. Ён не ўтойвае, што нялёгка прыходзіцца, але гэтая работа дастаўляе яму задавальненне. Другое месца ў Галіны Пявец (Мікалаеўшчынскі сельсавет), яе вынік – 12880 кілаграмаў. Летась Галіна Іванаўна атрымала заахвочвальную прэмію, а сёлета прыбавіла больш за чатыры тоны і стала прызёрам. Трэцяе месца ў Міхаіла Беця (Дзераўнянскі сельсавет), які на працягу многіх гадоў займае высокія месцы ў спаборніцтве, рэалізаваў 10633 кілаграмы малака. Заахвочвальныя прэміі атрымалі Аляксандра Глобаж (Вішнявецкі сельсавет), Кацярына Навуменка (Мікалаеўшчынскі сельсавет), Раіса Гармаза (Вішнявецкі сельсавет) і Антон Босы (Налібацкі сельсавет), якія здалі адпаведна 10362, 8302, 7682 і 6498 кілаграмаў малака. Варта адзначыць, што Кацярына Навуменка ў падобным мерапрыемстве прымала ўдзел упершыню. Шматдзетная маці, у сям’і выхоўваюцца пяцёра дзяцей, трымае разам з мужам на падвор’і тры каровы. Даглядаць і падаіць рагуляў (ёсць даільны апарат) дапамагаюць галава сямейства і старэйшыя дзеці. Стаяць у хлеўчуку і чатыры цяляткі. Кацярына Фёдараўна даводзіць, што ўласную ферму будуць расшыраць. Напісалі заяву ў таварыства, а працуе яна аператарам машыннага даення ў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», з мэтай купіць яшчэ адну рагулю.

У намінацыі па закупках мяса вынікі за мінулы год не падводзіліся. Справа ў тым, што ў сувязі з афрыканскай чумой свіней, пагалоўе гэтай жывёлы ў раёне рэзка знізілася. Калі летась на 1 студзеня на падвор’ях грамадзян налічвалася 10600 свіней,  сёлета засталося толькі 600. Прычым  найбольш у Мінскай вобласці ў гэтым плане папярпеў менавіта наш раён.

У спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання лепшымі прызнаны стараста вёскі Новы Свержань Алена Ляхоўская (Навасвержанскі сельсавет), Анатоль Ламака – стараста вёскі Ніўнае (Дзераўнянскі сельсавет), Галіна Дземідовіч – стараста пасёлка Наваколасава (Наваколасаўскі сельсавет).

Як адзначыў Аркадзь Казякоўскі, на грамадскіх пачатках у раёне працуе 141 стараста. І работа такая вельмі патрэбная. Гэтыя людзі, якія не лічацца з асабістым часам, з’яўляюцца сувязным звяном паміж уладай і насельніцтвам.

У сувязі з аб’яднаннем сельсаветаў роля старастаў нават узрастае, бо яны найпершыя дарадчыкі старшыняў сельвыканкамаў. Ад імя райвыканкама і райсавета Аркадзь Расціслававіч выказаў шчырую удзячнасць начальнікам вёсак за іх актыўную грамадскую пазіцыю і праведзеную  немалую работу, якая накіравана найперш на добраўпарадкаванне вёсак і могілак. З дапамогай старастаў  вырашаюцца многія праблемныя пытанні.

Усе пераможцы і прызёры спаборніцтва ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі, якія ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іван Загдай.

На здымках: заахвочвальную прэмію ўручае малаказдатчыцы Аляксандры Глобаж з Вішнявецкага сельсавета і дзякуе жанчыне за высокі вынік у справе закупу малака першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Іван Загдай; Ганна Коржык з Мікалаеўшчынскага сельсавета не толькі працуе малаказборшчыцай, а і здае малако дзяржаве; Кацярына Навуменка (Мікалаеўшчынскі сельсавет) трымае трох кароў; па-ранейшаму не саступае лідарства ў спаборніцтве малаказдатчык Іосіф Паўлавец са Старасвержанскага сельсавета.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *