Дзераўнянцы працуюць над сваім будучым

Соцыум

Новы год пачынаецца для Дзераўной з прыемнай навіны: менавіта гэты аграгарадок, першы на Стаўбцоўшчыне, сёлета мяркуецца пераўтварыць у так званую вёску будучага. Падобны праект ініцыіраваны Прэзідэнтам краіны і рэалізуецца па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе ў Дзераўной запланавана правядзенне і знамянальнага раённага мерапрыемства – «Раённых дажынак».

«Значыць, яшчэ больш увагі будзем удзяляць добраўпарадкаванню вуліц і двароў», – робіць выснову старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая.

Старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая гутарыць з жыхаром Зарэчча, гаспадаром дома ўзорнага парадку Міхаілам Стаіным

Можна ўявіць, як зменіцца на працягу года імідж Дзераўной, якую і сёння можна аднесці да дагледжаных і прыгожых населеных пунктаў Стаўбцоўшчыны. Зусім нядаўна быў электрыфікаваны ўчастак дарогі ўздоўж возера. Вулічнага асвятлення тут, у цэнтры  аграгарадка, сапраўды не хапала. Задаволены ўсе, а асабліва – бацькі школьнікаў, педагогі. Старшыня сельвыканкама дзеліцца найбліжэйшымі планамі адносна гэтага і іншых участкаў:

– Дэманціруем старую пешаходную дарожку і зробім новую. Аздобім уезд у аграгарадок малымі архітэктурнымі формамі, большай колькасцю дэкаратыўных пасадак. Плануецца добраўпарадкаваць стары парк на цэнтральнай плошчы. Будзем вырашаць, калі дазволяць фінансавыя магчымасці, пытанне пешаходнай развязкі ў цэнтры аграгарадка. Кожная арганізацыя акультурыць свае тэрыторыі.

Дарэчы, ААТ «Дзераўное» ўжо пачало гэтыя работы – заменена агароджа каля адміністрацыйнага будынка. З вясны да восені гаспадарка дапамагае сельвыканкаму ў пытаннях абкошвання. Цеснае ўзаемадзеянне наладжана з усімі арганізацыямі на тэрыторыі сельсавета. У ліку актыўных памочнікаў сельвыканкама – старасты Анатоль Ламака (Ніўнае), Мар’ян Свірскі (Хатоўка), Ядвіга Бурдукевіч (Агароднікі), Людміла Валадзько (Лубень). З актыўным удзелам вяскоўцаў вядзецца спілоўванне старых і аварыйных дрэў на могілках (вялікая заслуга ў гэтым – касцёльнага камітэта і старасты  аграгарадка Дзераўная Станіславы Дубатоўка). У п. Школьны гэтыя работы завершаны ў 2017 годзе, у Дзераўной – працягваюцца, таму хацелася б большай актыўнасці людзей на суботніках па навядзенні парадку на могілках. Не варта спадзявацца толькі на камунальную службу. Жыхары Хатавы аб’ядналіся ў кааператыў, каб газіфікаваць сваю вёску. Увогуле больш за 40 працэнтаў населеных пунктаў сельсавета – з прыродным газам.

– Таццяна Іванаўна, цяпер, калі падкідвае сняжку, актуальнае пытанне – ачыстка дарог да кожнага з гэтых населеных пунктаў.

– Снегу сёлета многа. У нас 17 населеных пунктаў. У Дзераўной – 23 вуліцы працягласцю больш за 11 км, усяго па сельсавеце – 30 км вуліц. Неабходна чысціць і дваровыя тэрыторыі. Дапамагаюць з ачысткай вытворчыя падраздзяленні Стаўбцоўскага АКС і ДРБУ № 135, ААТ «АБФ ПМК-74 – Налібакі»,  ААТ «Дзераўное», якія размяшчаюцца на тэрыторыі сельсавета.

Пытанні вяскоўцаў трымаем на кантролі. У нас зарэгістраваны 1097 домаўладанняў, 392 дачы. Кожны год выдзяляем два-тры зямельныя ўчасткі тым, хто жадае будаваць свой дом. На тэрыторыі сельсавета няма нічыйных дамоў. Ёсць пустыя, якія патрабуюць увагі, і ў даным выпадку мы працуем са спадчыннікамі. Іх прыходзіцца адшукваць праз сваякоў, суседзяў, міліцыю і нагадваць пра навядзенне парадку. Летась два пустыя дамы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 357 і рашэннем суда перайшлі ва ўласнасць сельскага Савета дэпутатаў і былі знесены з-за незапатрабаванасці. Яшчэ два дамы з зямельнымі ўчасткамі (у Дзераўной і Зарэччы) будзем выстаўляць на аўкцыён далей,  прычым з паніжэннем цаны. Карыстаюцца попытам лоты, дзе побач знаходзяцца вадаём, лес.

– Як уцягваюцца ў гаспадарчы абарот землі пасля зносу пустых дамоў?

– Па магчымасці перадаём іх у карыстанне сельгаставарыству. Але калі ўчастак невялікі, нязручны для апрацоўкі яго тэхнікай, то ёсць пэўная праблема з тым, каб ён не зарастаў пустазеллем.

– Пры сельвыканкаме працуюць савет грамадскага пункта аховы правапарадку, аглядавая камісія. Апошняя выходзіць да людзей штотыдзень.

– У новым годзе аглядавай камісіяй ужо абследаваны на прадмет пажарнай бяспекі 30 домаўладанняў. У першую чаргу ідзём да адзінокіх вяскоўцаў, у сем’і, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, шматдзетныя сем’і, а таксама да асоб, якія схільныя да злоўжывання спіртным. Працуем сістэмна, комплексна, таму сур’ёзных пытанняў не ўзнікла.

– Вернемся да Дзераўной, вёскі будучага. Колькі ў ёй дзіцячага насельніцтва?

– У аграгарадку пражывае 301 дзіця, 1345 грамадзян працаздольнага ўзросту і 830 пенсіянераў (многія працягваюць працаваць). У мінулым годзе ў сельсавеце зарэгістравана 19 нараджэнняў і дзевяць шлюбаў. Насельніцтва старэе, але пры гэтым назіраецца зніжэнне колькасці смерцяў, што сведчыць пра павышэнне ўзроўню жыцця.

Для гэтага ў нас працуе ўчастковая бальніца, якая ўкамплектавана ўрачамі. Ёсць добрая спартыўная база. Шмат мерапрыемстваў праводзіцца як у фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, так і ў спартыўнай зале Дзераўнянскай школы. Адсутнічаюць нараканні на паштовае і транспартнае абслугоўванне, тэлефонную сувязь. Гандаль прадстаўлены васьмю магазінамі райспажыўтаварыства і сямю прыватнымі гандлёвымі кропкамі. У мінулым годзе ў Дзераўной адкрыўся магазін «Еўраопт». Пра прадпрымальніцкую ініцыятыву сведчыць і дзейнасць чатырох прыватных піларам. Летась вяскоўцы трымалі 53 каровы. Дзераўнянскі сельсавет у ліку нямногіх на Стаўбцоўшчыне, дзе займаюцца зборам малака з прыватных падсобных гаспадарак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *