Санэпідцэнтр падвёў вынікі зробленага і зацвердзіў задачы на новы працоўны год

Главное Медыцына

Дабрабыт насельніцтва – што можа быць важней? Гэтыя словы можна паставіць лейтматывам галоўнага сходу года, які адбыўся ў калектыве раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Кожны год гэтая ўрачыстая нарада мае мэтай падвядзенне вынікаў зробленага і зацвярджэнне задач на новы працоўны год.

Кантроль за ўзроўнем інфекцыйнай і паразітарнай захваральнасці, санітарны стан падкантрольных аб’ектаў, навядзенне парадку на роднай зямлі, бяспека харчовай сыравіны і прадукцыі, якасць пітной вады і паветра, гігіенічныя ўмовы навучання падрастаючага пакалення, умовы працы і быту на вытворчых прадпрыемствах – вось асноўныя напрамкі кантрольнай дзейнасці санітарнай службы раёна. Зыходзячы з гэтага, можна з поўным правам гаварыць аб тым, што калектыў санэпідцэнтра, па вялікім рахунку, мае клопат аб дабрабыце насельніцтва раёна.

У сваёй кароткай і ёмкай відэапрэзентацыйнай справаздачы галоўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч сумеў ахарактарызаваць усе напрамкі дзейнасці, нікога не стаміўшы і разам з тым ахапіўшы ўсе аспекты. Падагульненнем якаснай работы спецыялістаў цэнтра і ацэнкай калектыўнай работы ў 2018 годзе стала такое заключэнне: дзякуючы зладжаным дзеянням спецыялістаў сумесна з райвыканкамам і зацікаўленымі арганізацыямі на тэрыторыі нашага раёна за справаздачны перыяд удалося захаваць стабільную і кіруемую санітарную і эпідэміялагічную абстаноўку.

Узнагароду атрымала памочнік урача-гігіеніста, малады спецыяліст Анастасія Карнеева

Паказчыкі работы былі суаднесены з сярэднеабласнымі, на фоне якіх стаўбцоўскі цэнтр дастойна выглядае. А па некаторых напрамках, такіх як укамплектаванасць і забеспячэнне кадрамі, і наогул у лідарах. За апошнія тры гады калектыў папоўніўся 11 маладымі спецыялістамі, і цяпер сярэдні ўзрост супрацоўнікаў у калектыве з 47 чалавек складае 39 гадоў. Каб ажыццявіць такі прарыў, галоўнаму ўрачу давялося праявіць нямала ініцыятыў, якія далі такі паспяховы вынік і заўважаны ў вобласці.

Са справаздачамі на сходзе выступілі загадчыкі эпідэміялагічнага і гігіенічнага аддзелаў Ірына Пятровіч і Алена Лойка. Яны маюць вялікі вопыт работы, прызнаны кваліфікаванымі ўрачамі не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці,  рэспубліцы. Даклады ў выглядзе відэапрэзентацый яскрава сведчылі аб іх высокім прафесійным узроўні, дасведчанасці і як урачоў у сваёй спецыялізацыі, і як кіраўнікоў, у падпарадкаванні якіх выконваюць свае службовыя абавязкі памочнікі ўрачоў і іншыя спецыялісты цэнтра.

Аб сацыяльнай абароненасці работнікаў, інавацыйных праектах паведаміла ў сваім выступленні старшыня прафсаюзнага камітэта, загадчыца лабараторнага аддзела ўрач Кацярына Бонда.

У сваім слове намеснік старшыні райвыканкама Жанна Лысая разам з іншымі пазітыўнымі напрамкамі работы калектыву асабліва адзначыла і адобрыла вялікую рупнасць кіраўніцтва эпідцэнтра ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. За апошнія гады праведзены вялікі аб’ём рамонтных работ, якія дазволілі стары будынак польскага часу зрабіць прэзентабельным, які адпавядае ўсім патрабаванням дня. Толькі ў мінулым годзе на рамонтныя работы ўкладзена 67 тысяч рублёў, а за апошнія дзевяць гадоў – больш за 300 тысяч. Работы як унутры, так і звонку працягваюцца і ў бягучым годзе. Да завяршэння намечанай праграмы застаецца выканаць нязначны працэнт ад усяго запланаванага аб’ёму рамонтных работ.

Жанна Мікалаеўна акрэсліла праблему, якая наспела ў нашым горадзе з пашырэннем сеткі гандлёвых аб’ектаў: патрабуецца ўзмоцнены кантроль з боку санітарнай службы горада за тэрмінамі рэалізацыі і якасцю прадуктаў харчавання.

Прамоўца працягнула размову, распачатую ў справаздачным дакладзе Ігара Кунцэвіча, і адносна задач, якія акрэслены ІІ Еўрапейскімі гульнямі, што адбудуцца ў гэтым годзе. Наш раён размешчаны на перасячэнні аўтамабільных шляхоў следавання замежных дэлегацый у беларускую сталіцу, дзе будзе праходзіць Еўрапейская алімпіяда. Ёсць не толькі клопат пра належнае ўтрыманне тэрыторый аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу, забеспячэнне эпідэміялагічнай бяспекі на тых нямногіх перапрацоўчых прадпрыемствах, якія вызначаны для адпраўкі сваёй прадукцыі для арганізацыі харчавання ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў, але і перасцярога не дапусціць успышак прывазных інфекцый. Асаблівая задача кладзецца на эпідэміялагічную службу цэнтра і лабараторны аддзел, надаецца першачарговы клопат аснашчанасці лабараторыі ўсім неабходным.

Галоўны санітарны ўрач Ігар Кунцэвіч уручае грамату памочніку ўрача-валеолага, маладому спецыялісту Паліне Чапскай

Вялікую зацікаўленасць выклікала абмеркаванне праблемы змянення адносін насельніцтва, і асабліва маладога пакалення, да ўласнага здароўя, каб гэта стала прыярытэтным у свядомасці. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Глебка нераўнадушна выказалася па праблеме пашырэння захваральнасці дзяцей і падлеткаў на скаліёз і іншыя скрыўленні пазваночніка. Яна прывяла статыстыку, свае назіранні з практыкі работы ўрачоў райбальніцы. Загадчыца аддзела гігіены Алена Лойка адзначыла станоўчую работу ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама па ўкамплектаванні школ новай мэбляй з улікам узросту дзяцей, планамернай работай па замене ў навучальных установах сістэм асвятлення. Карацей кажучы, усё робіцца для захавання здароўя падлеткаў, а праблема скаліёзаў шырыцца. Святлану Глебка падтрымалі прысутныя ў яе меркаванні, што патрэбна ўзмацніць кантроль з боку бацькоў, настаўнікаў за тым, каб дзеці сачылі за паставай за рабочым сталом. Святлана Здзіславаўна выступіла з ініцыятывай, якая была падтрымана яе калегамі з эпідцэнтра, распрацаваць сумесны праект па прафілактыцы скажэння пазваночніка з прыцягненнем многіх структур. Прамоўца адзначыла, што на службу вучням з групы рызыкі могуць прыйсці сучасныя тэхналогіі, якімі валодае райбальніца. Напрыклад, гідрамасажная ванна, якая ўжо паказала добры эфект у курсе лячэння скаліёзаў у вучнёўскай моладзі. Басейн і спартыўныя залы фізкультурна-аздараўленчага комплексу горада таксама патрэбна больш актыўна выкарыстоўваць у прафілактычнай рабоце праграмы паляпшэння дзіцячага здароўя.

Уся атмасфера справаздачнага сходу была прасякнута заклікам да спецыялістаў цэнтра праяўляць ініцыятывы, зацікаўленасць, творчасць, адмаўляцца ад састарэлых метадаў работы і адпавядаць патрабаванням часу. Як пацвярджэнне таму, што гэта будзе заўважана кіраўніцтвам цэнтра не толькі на ўзроўні маральнага, але і матэрыяльнага заахвочвання, стала цырымонія ўзнагароджання спецыялістаў граматамі і грашовымі сертыфікатамі за ўкараненне інавацый і асабістую актыўнасць у пэўных напрамках дзейнасці.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *