Порахам чалавека не выхаваеш.
Васіль Быкаў
Пра Вялікую Айчынную напісана шмат дакументальных і мастацкіх твораў. На жаль, да ХХІ стагоддзя ў друку, інтэрнэце з’явілася і працягвае з’яўляцца сёння шмат хлусні і фальсіфікацый, горкіх і ганебных, як сама фашысцкая навала. Аднак нават лічбы – гаваркія і красамоўныя – здольны данесці да нас Праўду! Многія юныя сучаснікі любяць матэматыку, і я ўпэўнены, што мова лічбаў здольна прымусіць задумацца яшчэ і яшчэ раз над тым, што трэцяя сусветная вайна не павінна паўтарыцца, што нельга абыякава ставіцца да нацыянальнай гісторыі, да перамогі, якую нам данеслі ў спадчыну прадстаўнікі мінулых пакаленняў. Прычым надта дарагой цаной – мільёнаў жыццяў…
Кажуць, што лічбы сухія. Аднак менавіта яны красамоўна сведчаць пра маштаб вайны, пра драматызм падзей, трагедыю народаў планеты Зямля.
Гітлер запланаваў правесці маланкавую вайну – усяго за 150 дзён, аднак працягвалася Вялікая Айчынная доўгія 1418 дзён і начэй.
22 чэрвеня 1941 г. першым прыняў удары гарнізон Брэсцкай крэпасці, абаронцы якой здолелі супрацьстаяць ворагу звыш месяца.У пасляваенны час за мужнасць і гераізм цытадэль атрымала ганаровае званне «Крэпасць-герой». Крэпасць ужо даўно стала адным з самых патрыятычных і знакавых месцаў Бацькаўшчыны, сапраўдным сімвалам савецкага супраціўлення падчас Другой сусветнай вайны.
Агульная франтавая лінія вайны склала 3000 км. Савецкія войскі падчас вайны прайшлі з усходняга боку на захад 2000 км, вызваляючы на гераічным шляху гарады, пасёлкі і вёскі Айчыны.
Ваенныя падзеі адбываліся ў 1941 – 1945 гг. на адлегласці тры мільёны км2 на асноўных васьмі стратэгічных франтах.
На 165-ы дзень вайны савецкім войскам удалося прыпыніць наступленне гітлераўцаў пад Масквой – і такім чынам план «Барбароса» быў сарваны.
Ленінградская блакада пачалася 8 верасня 1941 г., працягвалася 872 дні, разарваць яе змаглі толькі 27 студзеня 1944-га. За гэты час памерла ад голаду, бамбардзіровак 800 000 жыхароў.
Сталінградская бітва (17 ліпеня 1942 г. – 2 лютага 1943 г.) – магутная бітва вайны паміж Чырвонай Арміяй, Вермахтам і арміяй краін Восі. У бітве мы пазбавіліся 480 000 чалавек.
Узяць стратэгічную ініцыятыву і перайсці з абароны ў наступленне салдатам і афіцэрам Чырвонай Арміі дазволіла легендарная Курская бітва (5 ліпеня – 23 жніўня 1943 г.), якая пачалася на 743-ці дзень вайны. Мэтай Бітвы на Курскай дузе быў зрыў наступлення сіл вермахта. Па сваіх маштабах, сродках, напружанасці яна ў ліку самых ключавых бітваў вайны. Гэта самае магутнае танкавае змаганне, у якім удзельнічалі каля двух мільёнаў чалавек, шэсць тысяч танкаў, чатыры тысячы самалётаў.
Восенню 1943 г., пасля разгрому фашысцкіх войскаў пад Курскам, пачалося выгнанне ворага з акупіраванай Беларусі. 23 верасня быў вызвалены першы раённы цэнтр БССР Камарын.
Восеньска-зімовае наступленне прынесла вызваленне яшчэ 36 раёнам і двум абласным цэнтрам – Гомелю і Мазыру, быў фарсіраваны Днепр у раёне Лоева.
У 1944 г. пачаўся завяршальны этап Вялікай Айчыннай. Значную ролю ў вызваленні адыграла Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». Ажыццяўлялі аперацыю войскі 1-га Беларускага (камандуючы – генерал арміі К. Ракасоўскі), 2-га Беларускага (камандуючы – генерал-палкоўнік Г. Захараў), 3-га Беларускага (камандуючы – генерал-лейтэнант I. Чарняхоўскі), 1-га Прыбалтыйскага (камандуючы – генерал арміі I. Баграмян) франтоў.
23 чэрвеня 1944 г. адбыўся пачатак наступлення, а 24 чэрвеня лінія абароны праціўніка была прарвана. На трэці дзень баёў савецкія войскі акружылі віцебскую групоўку і вызвалілі Віцебск, у канцы чэрвеня – бабруйскую групоўку і вызвалілі Бабруйск.
Баі за Мінск пачаліся і скончыліся 3 ліпеня. Другі Тацынскі танкавы корпус генерала А. Бурдзейнага вёў баі на ўсходняй ускраіне Мінска, на паўночную ўскраіну выйшлі танкісты П. Ротмістрава. Першым уварваўся ў Мінск танк Д. Фролікава. У баях за сталіцу вызначыўся камандзір танкавага ўзвода М. Колычаў, якому ўдалося захапіць мост праз Свіслач, па якім танкі прайшлі ў цэнтр горада. Было завершана акружэнне 100-тысячнай групоўкі праціўніка («Мінскі кацёл»). Гітлераўцам так і не ўдалося вырвацца з яго (70 тыс. чалавек забіта, 35 тыс. – узята ў палон).
Канстанцін Карнялюк (Працяг будзе).