ААТ «Вішнявецкі-агра» — лідар па таварнасці малака сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна

Сельская гаспадарка

Работнікі жывёлагадоўчай галіны ААТ «Вішнявецкіагра» істотна прыбавілі летась у вытворчасці малака і мяса. Прыбаўка па надоях малака на карову дасягнула 430 кілаграмаў, ад кожнай рагулі надоена за год 6431 кілаграм. У гаспадарцы самая высокая таварнасць малака сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна – 92 працэнты. Сярэднясутачнае прыбаўленне буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме павялічылася на 88 грамаў і склала 636 грамаў.

Заахвочаны падзячнымі пісьмамі (злева направа) Сяргей Баран, Галіна Загуста, Ганна Сергіевіч, Наталля Шода, Людміла Палігошка, Алена Войніч, Тамара Прахарэвіч і Сяргей Таяноўскі

Ладзяцца справы і сёлета. У студзені ў сярэднім ад кожнай каровы штодзень было атрымана 17,6 кілаграма малака, плюс кілаграм да адпаведнага перыяду летась.

Да перадавікоў жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі, якія сабраліся  ў Вішнявецкім доме культуры, звярнуўся дырэктар Іван Краўчук. Ён падкрэсліў, што акцыя, якая праводзіцца, вельмі патрэбная, бо менавіта ад працы жывёлаводаў залежыць фінансавы стан гаспадаркі. Кожны, хто сумленна працуе, дастойны павагі, асабліва ў такой нялёгкай галіне, як жывёлагадоўля. Але ёсць людзі, на якіх трэба раўняцца ўсім астатнім, бо яны задаюць тон у рабоце. Дасягнутыя вынікі не могуць не радаваць, але трэба старацца прымнажаць здабыткі, бо задачы пастаўлены даволі складаныя. Запланаваны рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў, будаўніцтва новых «клюшачнікаў» з устаноўкай даільнай залы. Усё гэта дазволіць павялічыць пагалоўе. У перспектыве – маштабная рэканструкцыя былога свінатаварнага комплексу. У сацыяльным плане таксама будзем наладжваць справы, вырашаць жыллёвую праблему. Запланавана пабудаваць пяць дамоў сядзібнага тыпу. Для таго каб усё гэта ажыццявіць, трэба зарабляць грошы, а значыць павялічваць вытворчасць прадукцыі. Адначасова павысіцца і заработная плата. Наперадзе шмат планаў і задум, якія разам будзем ажыццяўляць. Думаю, што нашаму дружнаму, працавітаму калектыву выканаць ўсё запланаванае па сіле.

Дырэктар таварыства Іван Краўчук уручае падзяку ветфельчару МТК «Вішнявец»Анастасіі Юргель

– Сёння мы ўручаем падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за прафесійнае майстэрства і добрасумленнае выкананне ўскладзеных абавязкаў адным з лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны таварыства, – сказала, звяртаючыся да прысутных, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч. – Дзякуючы сумленнай працы ўсяго калектыву руплівых і ўвішных жывёлаводаў прымнажаюцца здабыткі ў вытворчасці малака і мяса не толькі вашай гаспадаркі, але і раёна ў цэлым. Заслугоўваюць шчырых слоў удзячнасці і работнікі раслінаводчай галіны, якія шчыруюць на сваіх рабочых месцах і забяспечваюць жывёлагадоўчую галіну якаснымі кармамі. Зразумела, паспяховая работа немагчыма без старання людзей, але многае залежыць і ад кіраўніка. Ад яго ўмення арганізаваць працу, забяспечыць работнікам дастойныя сацыяльна-бытавыя ўмовы. У ліку ключавых момантаў – і заработная плата. Іван Васільевіч працуе на гэтай пасадзе нядаўна, але ўжо сёння бачна яго жаданне палепшыць сітуацыю, заахвоціць людзей, каб  рухацца наперад.

Жывёлавод Генадзій Астравух

Падзячныя пісьмы і падарункі атрымалі работнікі, якія дабіліся высокіх паказчыкаў. Ушанавана брыгадзір МТФ «Мархачоўшчына № 2» Алена Войніч. Калектыў выйшаў пераможцам спаборніцтва ў гаспадарцы па надоях малака ад каровы, атрымана амаль 6,5 тысячы кілаграмаў. Жывёлаводы стараюцца выканаць пастаўленую перад імі кіраўніцтвам задачу і гэтымі днямі нарошчваюць вытворчасць малака. Алена Мікалаеўна – вопытны кіраўнік сярэдняга звяна, працуе ў жывёлагадоўчай галіне дваццаты год. Аператар машыннага даення гэтай фермы Тамара Прахарэвіч летась стала лідарам па надоях малака сярод сваіх калег – заняла першае месца з вынікам 6554 кілаграмы. Сяргей Таяноўскі працуе слесарам па гноевыдаленні, набыў вялікі вопыт у прафесіі. Галіна Загуста даглядае цялят на МТК «Вішнявец». Яна старанная, добрасумленная, заўсёды клапоціцца пра сваіх маленькіх гадаванцаў. Неблагія паказчыкі ў жывёлавода Сяргея Барана. Ганна Сергіевіч корміць бычкоў на МТФ «Мархачоўшчына № 1». Людміла Палігошка завіхаецца аператарам машыннага даення на МТФ «Вішнявец». Яна і летась дасягнула самага высокага ў таварыстве выніку па надоях малака ад каровы – надаіла 6984 кілаграмы. Наталля Шода шчыруе цялятніцай і пастаянна ў ліку лепшых. Усе вышэйназваныя жывёлаводы адпрацавалі ў гаспадарцы шмат гадоў і заслужылі ўдзячнасць.

Аператар машыннага даення Аксана Княжэвіч

Кіраўніцтва сельгаставарыства таксама заахвоціла падзякамі і падарункамі за плённую працу і дасягненне неблагіх вынікаў у рабоце 24 дбайных жывёлаводаў і спецыялістаў. Самы вялікі стаж работы – у жывёлавода малочнага статка Генадзія Астравуха і заатэхніка-селекцыянера Людмілы Клімовіч – амаль чатыры дзесяцігоддзі. Тэхнік-асемянатар Анатолій Ажгірэвіч, брыгадзіры фермаў Людміла Семянкевіч і Марыя Талака, аператар машыннага даення Рамуальда Пілюшка адпрацавалі кожны звыш трыццаці гадоў. Больш за дваццаць гадоў працуюць цялятніцы Святлана Дзявойна, Святлана Піхіч, Таццяна Каласоўская, брыгадзір Павел Лабажэвіч, ветфельчар Тэрэза Паўлюць, жывёлавод Любоў Гаварушкіна, аператар машыннага даення Аксана Княжэвіч. Немалы стаж работы ў галоўнага заатэхніка Ларысы Плаўсюк, жывёлаводаў Ліліі Камёнка, Алы Івашка і Сяргея Лапкоўскага, аператара машыннага даення Іны Рачок, ветфельчара Настассі Юргель, слесара Дзмітрыя Хаецкага. Шчыра рупяцца в. а. галоўнага ветурача Алеся Садоўская, слесар-наладчык Віктар Гарошка,  ветфельчар Міхаіл Дзянісік, цялятніца Анжэла Мазур.

Для дбайных работнікаў жывёлагадоўчай галіны таварыства спявалі, дэкламавалі вершы і расказвалі байкі работнікі і самадзейныя артысты Вішнявецкага дома культуры.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *