І кнігам патрэбны дактары

Адукацыя

Праца – галоўны выхавацель. І мы, дарослыя, стараемся дапамагчы дзецям убачыць у ёй крыніцу развіцця маральных якасцяў і здольнасцяў, ператварыць яе ў актыўны стымул для атрымання новых ведаў.

Як паказвае мой шматгадовы вопыт работы з дзецьмі, праца павінна мець ярка выяўленую грамадскую карысць – тады выхаванцы імкнуцца да яе. Так як праца мае сацыяльную значнасць, з першых дзён паступлення ў групу падоўжанага дня далучаю дзяцей да жыцця і спраў нашага калектыву. Самай простай формай такога ўключэння дзяцей у калектыўную дзейнасць з’яўляецца дзяжурства для падтрымання чысціні і парадку ў групе.

У працэсе фарміравання цікавасці і станоўчых адносін да працы таксама абапіраюся на разнастайныя формы працоўнага выхавання: акцыі і аперацыі, калектыўныя творчыя справы, індывідуальныя і калектыўныя даручэнні, чытанне і абмеркаванне павучальных гісторый, арганізацыю дзяжурства, творчыя майстэрні, мэтавыя прагулкі і інш. Акрамя таго, абавязкова сачу за тым, каб працоўная дзейнасць змяшчала ў сабе сітуацыю поспеху.

Вялікай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца працоўны дэсант. Так, у бягучым навучальным годзе выхаванцы групы падоўжанага дня «Агеньчыкі» прынялі актыўны ўдзел у такіх працоўных дэсантах, як «Мая дапамога птушкам зімой», «Чысты школьны стадыён», «Захаваем у чысціні нашу зямлю», «Школа – наш дом, і мы гаспадары ў ім», «Добрая справа», «Чысціня вакол нас».

Лічу, што праца з’яўляецца прывабнай для дзіцяці тады, калі яна яшчэ і эстэтычна выразная, эмацыянальна насычаная. У ёй вельмі важныя такія элементы, як гульня, сімволіка, атрыбуты, рытуалы. Малодшыя школьнікі асабліва адчувальныя да падобных элементаў, бо яшчэ не гатовыя да доўгіх працоўных намаганняў. Напрыклад, дзеці з вялікай цікавасцю працавалі на практычным занятку «Кніжная бальніца», а дапамагла ў працоўнай дзейнасці гульня. Дзеці не проста «рамантавалі» кнігі, у кожнага была свая роля. Хтосьці быў бібліятэкарам, а іншыя былі дактарамі.

Упэўнена, што прыклад дарослага таксама мае немалаважнае значэнне ў працэсе фарміравання ў малодшых школьнікаў станоўчых адносін да працы, таму прыцягваю да актыўнага ўдзелу ў гэты працэс і бацькоў. Стаў традыцыяй сумесны ўдзел дзяцей і бацькоў у агульнашкольных выставах «Наш свет – гэта цуд», «Восеньскія ператварэнні», «Зімовыя цуды» і інш. Штогод дзеці і бацькі сумесна рыхтуюць вырабы з прыродных матэрыялаў і прадстаўляюць іх на школьных выставах. Акрамя таго, бацькі і дзеці разам вырабляюць кармушкі для птушак. З якой цікавасцю потым дзеці назіраюць за птушкамі на школьным двары і клапоцяцца пра тое, каб кармушкі заўсёды былі поўныя ежы.

Арганізацыя такіх даступных для дзяцей добрых і карысных спраў дапамагае фарміраваць у іх  адносіны да працы, на што нас арыентуе нарматыўны дакумент – Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі на 2016 – 2020 гады.

Галіна ЦЕЛЕШ, выхавацель сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *