Суд райна агучыў прыгавор 40-гадоваму жыхару вёскі Старына. 10 гадоў зняволення

Ахова правапарадку Важное

Судом раёна агучаны прыгавор 40-гадоваму жыхару вёскі Старына, які ўчыніў забойства сваёй сужыцелькі: дзесяць гадоў зняволення ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прымусовае лячэнне ад алкагольнай залежнасці.  

Трагедыя здарылася летам мінулага года. Муж і жонка пасля дзевяці гадзін вечара (перыяд часу гэтай крымінальнай гісторыі – з 21 гадзіны 1 жніўня да 4 гадзін 53 мінут 2 жніўня) былі дома. Магчыма, выпівалі разам. Калі паміж імі пачалася сварка, нецвярозы мужчына нечакана схапіў сякеру і стукнуў яе лязом жанчыне па галаве… Нібыта дрывасек раскалоў палена… Жыццё пацярпелай скончылася на месцы здарэння.

У зале судовага пасяджэння мужчына поўнасцю прызнаў сваю віну. З прыгаворам ён таксама маўкліва згадзіўся – не абскарджваў і не апратэстоўваў яго…

…Апусцела бацькоўская хата, дзе жыў абвінавачваны. Дом па-вясковаму прасторны, калісьці сваім выглядам сведчыў аб працавітасці жыльцоў. Гэта была паважаная ў акрузе сям’я. Да выхаду на пенсію муж і жонка працавалі ў гаспадарцы, утрымлівалі ў парадку свой падворак. Бабуля нават лічылася народнай лекаркай – дапамагала людзям пры розных немачах. Старажылы прыгадваюць яе апошнія словы: «Пойдзем мы ў лепшы свет, і ўсё нажытае пойдзе прахам, дом гэты згібее». Словы аказаліся нібыта прарочымі…

Ад бабулі з дзядулем эстафета гаспадароў дома перайшла да бацькоў абвінавачванага. Спачатку ў іх сям’і ўсё было нядрэнна. Бацька працаваў трактарыстам, быў на добрым рахунку. Але потым чарка замяніла ўсё. Да яе стала прыкладацца і жонка. Ужо тады пачала насоўвацца страшная бяда, таму што ў пітушчай сям’і раслі трое сыноў. Той, якога асудзілі, – сярэдні. Бацькоў ужо няма ў жывых: спачатку памерла матуля, потым – бацька. Зусім недарэчна абарвалася і жыццё іх малодшага сына. Старэйшы пасля смерці бацькоў уступіў у спадчыну (ён пражывае ў іншым населеным пункце), таму абвінавачваны апошнім часам фактычна пражываў у доме брата. Праўда, так, без рэгістрацыі.

Таму ўжо даўно няма ў гэтага дома належнага гаспадара. Абвінавачваны раней спрабаваў стварыць сям’ю, але, пэўна, перашкодзіла ўсё тая ж прычына – залежнасць ад алкаголю. Апошнім прыстанішчам для яго стаў бацькоўскі дом. На работу ў гаспадарку некаторы час хадзіў, а потым – кінуў. Было такое, што працаваў на пілараме. Калі цвярозы – тады нешта рабіў, стараўся і нават добрых слоў заслугоўваў. Іншая справа, што цвярозым мужчына бываў вельмі рэдка…

Незадоўга да трагедыі да яго ў ходзе пажарна-прафілактычнай акцыі наведвалася камісія ў складзе інспектара райаддзела па надзвычайных сітуацыях, старшыні сельвыканкама, участковага інспектара міліцыі. Мужчына казаў, што пражывае ў доме адзін. А праз некаторы час здараецца такая дзікая расправа, якую абвінавачваны патлумачыў пачуццём рэўнасці.

Зразумела, што жанчына сама прыйшла жыць да гэтага мужчыны. Раней ці пазней яна зрабіла такі выбар, ужо не так і важна. Ці варта паглыбляцца ў яе жыццё, звычкі, выхаванне?.. Напэўна, не. У іх з абвінавачваным былі, хутчэй за ўсё, агульныя інтарэсы. А як перажыць сваякам жудасную смерць дачкі, сястры?.. Яе ўжо не вернеш і не паклічаш дамоў, дзе дакладна не чыняць гвалт і не ўяўляюць, як гэта – узняць на некага сякеру…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

Ад рэдакцыі: летась на Стаўбцоўшчыне, паводле даных райаддзела міліцыі, зарэгістраваны тры забойствы (у 2017 годзе – чатыры), два факты нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Ва ўсіх выпадках вінаватыя ўстаноўлены і панеслі адказнасць у адпаведнасці з законам.   



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *