Са школьніка — у прызыўнікі

Важное Соцыум

У райваенкамаце ў гэтыя дні шматлюдна. Традыцыйна ў пачатку года праходзіць прыпіска грамадзян мужчынскага полу да прызыўнога ўчастка. Сёлета яна закранае маладых людзей 2003 года нараджэння.

– Ужо прайшлі прыпіску да прызыўнога ўчастка раёна 15- і 16-гадовыя вучні сельскіх школ, гімназісты. Сёння працуем з будучымі абаронцамі Айчыны з СШ № 2, – заўважае начальнік групы прызыву Аляксей Луцэвіч.

Афіцэр расказвае маладым людзям пра беларускую армію, знаёміць з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», на падставе якога, дарэчы, раённым выканаўчым камітэтам прынята рашэнне аб правядзенні прыпіскі грамадзян прызыўнога ўзросту. Удзелена ўвага і такому дакументу, як павестка. З’яўленне па павестцы ў ваенкамат, як і ў іншыя дзяржаўныя органы, – абавязковае.

Аляксей Луцэвіч, абапіраючыся на ход прызыўных кампаній 2017 і 2018 гадоў, робіць выснову: «Плёнам падобных кантактаў са школьнікамі стала адсутнасць у раёне маладых людзей, якія ўхіляюцца ад прызыву».

Прыпісная камісія працуе на чале з раённым ваенным камісарам Аляксеем Дзядковым. Школьнікаў ставяць на воінскі ўлік і выдаюць кожнаму пасведчанне прызыўніка. Акрамя таго, камісія займаецца вызначэннем ступені годнасці і падрыхтоўкі будучых абаронцаў Айчыны да тэрміновай ваеннай службы або да паступлення ў ваенныя ўстановы ці на ваенныя факультэты.

Начальнік групы прызыву Аляксей Луцэвіч знаёміцца са справай прызыўніка Канстанціна Падалянчыка

Для гэтага ў ваенкамаце працуюць восем урачоў цэнтральнай раённай бальніцы, спецыялістаў рознага профілю. Па сутнасці, яны праводзяць першы медыцынскі агляд тых, каго ў сувязі з прыпіскай да прызыўнога ўчастка сталі называць будучымі абаронцамі Айчыны.

– Аглядаем хлопцаў вельмі ўважліва, нават прыдзірліва, каб не прапусціць адхіленняў у здароўі і прадбачыць магчымыя наступствы ад экстрэмальных армейскіх нагрузак, – падкрэсліла Аліна Цвірка, урач-отарыналарынголаг з амаль 30-гадовым стажам работы. Пад рукой у Аліны Зянонаўны – медыцынскія інструменты і прыборы.

Яе ацэнка як вузкага спецыяліста стану здароўя падлеткаў – высокая. Фактычна толькі трое за перыяд сёлетняй прыпіскі маюць пэўныя праблемы і, адпаведна, патрэбу ў даабследаванні.

Медыцынскі агляд ва ўрача Аліны Цвірка Даніла Залуцкі прайшоў на выдатна

Дзевяцікласнік Алег Коцел прайшоў медыцынскі агляд лёгка. Побач з ім – яго цётка і апякун Святлана Жукавец. Яны прыехалі ў Стоўбцы на прыпісную камісію з Мінска, дзе цяпер Алег жыве. «Хачу, каб Алег быў дысцыплінаваным, законапаслухмяным. Каб усё ў яго было добра», – па-мацярынску турбуецца Святлана Юр’еўна. Алег дзеліцца сваімі планамі: «Хачу звязаць жыццё са спортам».

Сустракаем на прыпісной камісіі дзесяцікласніка СШ № 2 г. Стоўбцы Канстанціна Падалянчыка. Ён тут з чатырма сваімі аднакласнікамі. «Усе гатовы служыць у арміі», – кажа за гэтую дружную «пяцёрку» Канстанцін. Яго бацька – ваенны, і Канстанцін марыць паступіць у Ваенную акадэмію, атрымаць прафесію, звязаную з авіяцыяй.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

1 комментарий по теме “Са школьніка — у прызыўнікі

  1. Я в прошлом году проходил.Толку от этого.Все равно не годен))

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *