У райвыканкаме прайшло пасяджэнне па пытанні выканання патрабаванняў заканадаўства па забеспячэнні пажарнай бяспекі

Афіцыйна Важное

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта па пытанні выканання патрабаванняў заканадаўства па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў 2018 годзе і задачах на 2019 год.

Сёння гэтае пытанне актуальнае не толькі ў раёне, але і ў вобласці, бо за ўсімі няшчаснымі выпадкамі стаіць чалавечае жыццё.

Першы намеснік начальніка Стаўбцоўскага РАНС Аляксандр Полацкі праінфармаваў членаў райвыканкама, усіх удзельнікаў пасяджэння аб сітуацыі ў раёне. Ён паведаміў, што ў 2018 годзе на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна зарэгістраваны 74 пажары, у якіх загінулі два чалавекі. Асноўная колькасць пажараў – у прыватным жылым сектары. На аб’ектах суб’ектаў гаспадарання рознай формы ўласнасці зарэгістравана 10 пажараў. Асноўнымі прычынамі ўзгаранняў былі парушэнні правілаў эксплуатацыі печаў, абагравальнікаў, электрасетак і электраабсталявання, дзіцячыя свавольствы з агнём, падпалы і інш. У 2018 годзе колькасны паказчык пажараў на 10 тыс. чалавек па Стаўбцоўскім раёне – 18,87, сярэдні паказчык па Мінскай вобласці – 11,14. З двух   грамадзян, якія загінулі на пажарах, адзін загінуў па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём у стане алкагольнага ап’янення, другі – з-за неасцярожнасці пры карыстанні  газавымі прыборамі, але таксама ў стане ап’янення.

Больш за ўсё пажараў адбылося на тэрыторыі Рубяжэвіцкага сельсавета – 14, у Шашкоўскім – 9, у Літвенскім – 8, у г. Стоўбцы – 11.

У 2018 годзе на ўзроўні абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў былі прыняты дакументы, якія накіраваны на арганізацыю і выніковасць пажарна-прафілактычнай работы аглядавымі камісіямі ў домаўладаннях грамадзян. Па выніках праверак домаўладанняў адзінокіх грамадзян, шматдзетных сем’яў, інвалідаў І і ІІ групы ўстаноўлена патрэбнасць у рамонце печаў у 41 домаўладанні, устаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у 44 дамах. Асноўныя парушэнні звязаны з устройствам дымаходаў, прымяненнем азбестацэментных труб у якасці дымаходаў. Падобныя парушэнні выяўлены ў 229 домаўладаннях грамадзян,  якія пражываюць адны. Узрасла колькасць пажараў на аб’ектах прадпрыемстваў і арганізацый. У 2019 годзе ў сувязі з пажаранебяспечнай сітуацыяй аглядавыя камісіі яшчэ больш актывізавалі сваю работу. На абласной нарадзе, якая была прысвечана названай вышэй тэме, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая акцэнтавала ўвагу на тым, каб работа была накіравана на забеспячэнне пажарнай бяспекі не толькі ў жылым сектары, але і на аб’ектах з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей, выбухованебяспечных аб’ектах, аб’ектах прыдарожнага сэрвісу і іншых аб’ектах грамадскага прызначэння.

Аглядавыя камісіі працуюць у раёне не толькі ў рабочыя дні, але і ў выхадныя.

Па выніках пасяджэння райвыканкама прынята адпаведнае рашэнне і даручана прадпрыемствам, арганізацыям, установам распрацаваць планы мерапрыемстваў па павышэнні ўзроўню пажарнай бяспекі з вызначэннем крыніц фінансавання і адказных выканаўцаў.

Падрыхтавала Н. Леанідава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *