Месячнік пажарнай бяспекі. Выратавальнікі наведалі сем’і ў Новым Свержані

Соцыум

З 1 лютага ў Мінскай вобласці абяўлены месячнік пажарнай бяспекі,  у рамках якога актывізавана прафілактычная работа ў жылым сектары ў населеных пунктах раёна.

У Новым Свержані наведаны домаўладанні шматдзетных сем’яў і сем’яў, у якіх становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын і галоўны спецыяліст Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Раман Раманюк пагутарылі з бацькамі і дзецьмі, правялі супрацьпажарныя інструктажы і ўручылі памяткі. Сем’ям, якія набылі статус шматдзетных у 2019 годзе, старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан рэкамендаваў звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па пытанні ўстаноўкі ў дамах аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў з вывадам сігналу на фасад будынка. Сур’ёзных парушэнняў нормаў і правілаў пажарнай бяспекі ў дамах, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і, не выяўлена.

Акрамя таго, адбыліся сустрэчы начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыя Ілюшына з працоўнымі калектывамі РУП «Навасвержанскі лесазавод» і ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Работнікаў пазнаёмілі з аператыўнай абстаноўкай у рэспубліцы, вобласці і раёне, фактамі гібелі людзей на пажарах і прычынамі іх узнікнення. У працоўным калектыве райаграсэрвіса агучаны канкрэтны прыклад, які мае дачыненне да аднаго з работнікаў прадпрыемства. Пацярпелага ўдалося вывесці з задымленага памяшкання, а прычына загарання банальная – курэнне ў стане алкагольнага ап’янення.

Акцэнтавана ўвага на прафілактыцы дзіцячай гібелі, у тым ліку на небяспецы пакідання малалетніх дзяцей дома без нагляду дарослых. З работнікамі лесазавода праведзена навучанне правілам карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння. Бацькі школьнікаў праінфармаваны аб правілах паступлення і ўмовах навучання ў ДУА «Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь». У рэчышчы апошняга выпадку з нападам на людзей шалёнага воўка старшыня сельвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць выканання правілаў утрымання дамашніх жывёл.

У пазаштатных і надзвычайных сітуацыях выратавальнікі рэкамендуюць карыстацца мабільнай праграмай «МЧС Беларуси: помощь рядом», якую можна бясплатна спампаваць з інтэрнэту.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *