Акцыя «Наш жывёлавод» завітала ў ААТ «Вялікі двор»

Главное Сельская гаспадарка

Акцыя «Наш жывёлавод» паступова крочыць па фермах сельгаспрадпрыемстваў раёна. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч завітала да перадавікоў у вытворчыя падраздзяленні ААТ «Вялікі Двор». Яна падзякавала жывёлаводам за плённую працу, уручыла добрасумленным работнікам падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункі.

Старшыня прафкама ААТ «Вялікі Двор» Вікторыя Райская (злева) уручае падарунак брыгадзіру МТФ «Асіпаўшчына» Людміле Сасюк

У ліку ўзнагароджаных – брыгадзір МТФ «Асіпаўшчына» Людміла Сасюк. Людміла Леанідаўна працуе ў жывёлагадоўчай галіне дваццаць гадоў, апошнія шэсць з якіх узначальвае старанны і дружны калектыў. Атрымала падзяку за працу і аператар машыннага даення гэтай фермы Людміла Марзалюк, якая заняла першае месца ў гаспадарцы. Яна надаіла летась ад кожнай каровы сваёй групы 8166 кілаграмаў малака, і, у адпаведнасці з такім паказчыкам, увайшла ў дваццатку лепшых прадстаўніц гэтай прафесіі ў раёне. На МТФ «Вялікі Двор» ушанавана сямейная пара жывёлаводаў Андрэя і Зінаіды Вабішчэвічаў. Гэтыя людзі шчыруюць у гаспадарцы восем гадоў і любую даручаную справу заўсёды выконваюць сумленна. Даволі адказная работа ў Сяргея Чулкова: ён працуе жывёлаводам і адначасова займаецца абрэзваннем капытоў у кароў.  Водгукі аб яго рабоце самыя станоўчыя. З адказнасцю ставяцца да даручаных абавязкаў слесары  Дзмітрый Ганчароў і Андрэй Пузіноўскі, якія рупяцца на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы. Уладкаваліся яны на працу літаральна год назад, але зарэкамендавалі сябе з самага лепшага боку. Заслугоўвае добрых слоў і іх калега, слесар Сяргей Бацкель, якога ў рамках акцыі адзначыў прафсаюзны камітэт таварыства. Заахвочана таксама цялятніца комплексу Ірына Смецюх – старанная і працалюбівая жанчына.

Старанныя жывёлаводы (злева направа) Сяргей Чулкоў, Зінаіда Вабішчэвіч, Андрэй Пузіноўскі, Ірына Смецюх, Сяргей Бацкель і Дзмітрый Ганчароў

Таццяна і Ігар Ціменкі шчыруюць на малочнатаварнай ферме «Вялікі Двор». Таццяна Мікалаеўна рупіцца аператарам машыннага даення – раздойвае пяршачак і навацельных кароў, а Ігар Аляксандравіч – слесарам. На Асіпаўшчынскай малочнатаварнай ферме атрымалі падарункі аператары машыннага даення Вольга Дабрыян, Наталля Гладкова, Святлана і Алена Гарбацэвічы. Заахвоцілі і ветэрана працы, заслужанага работніка таварыства Лілію Раманейка, якая доўгі час працавала брыгадзірам МТФ «Падлессе», а затым завіхалася памочнікам брыгадзіра МТФ «Асіпаўшчына». Лілія Сцяпанаўна мае багаты вопыт работы ў жывёлагадоўчай галіне, да яе і сёння звяртаюцца, каб атрымаць параду. Падарункі ўручыла старшыня прафкама Вікторыя Райская.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *