Нумар 115. Дыспетчар слухае

Эканомiка

Стаўбчане набіраюць нумар 115 і чуюць у трубцы: «Дыспетчар слухае». Ужо падчас тэлефоннай размовы на тым канцы проваду пачынаюць апрацоўку заяўкі на жыллёва-камунальную паслугу.

Напрыканцы мінулага года ў маштабах Стоўбцаў, а таксама Дзераўной і Наваколасава (дзе размешчаны ўчасткі УП «Стаўбцоўскае АКС») запрацаваў нумар адзінай дыспетчарскай службы – 115 (званок бясплатны; пры тэлефанаванні з іншых гарадоў і населеных пунктаў трэба дадаткова набіраць код Стоўбцаў). На гэты нумар ужо паступіла больш за 800 зваротаў. Кожны з іх дзякуючы аўтаматызаванай сістэме набыў электронны выгляд і, зыходзячы з адрасу і віду няспраўнасці, аўтаматычна  накіроўваецца арганізацыі-выканаўцы.

– У выхадныя дні званкі часцей за ўсё сігналізуюць аб той ці іншай лакальнай аварыйнай сітуацыі. У будныя дні заяўкі паступаюць, як правіла, наконт вывазу цвёрдых бытавых адходаў, адпампоўвання каналізацыі і да т. п. Тэлефануюць з гэтымі пытаннямі садовыя таварыствы, жыллёва-будаўнічыя кааператывы, арганізацыі, насельніцтва. Апошнім часам пачасціліся звароты адносна бадзяжных катоў і сабак на вуліцах, – аналізуе характар званкоў па тэлефоне 115 старшы аператар адзінай дыспетчарскай службы УП «Стаўбцоўскае АКС» Ніна Белавус.

Старшы аператар адзінай дыспетчарскай службы Ніна Белавус прымае заяўкі на жыллёва-камунальныя паслугі

У дыспетчарскай службе Ніна Белавус працуе 11 гадоў. Разам з ёй пазменна шчыруюць вопытныя калегі – дыспетчары Ганна Пяткевіч, Уладзімір Лянцэвіч і Віталь Хамічонак. Калектыў даволі хутка асвоіўся з аўтаматызаванай сістэмай «Дыспетчарская служба» і ацаніў яе перавагі. Раней журналы з заяўкамі дыспетчар вёў уручную, цяпер жа ўсю інфармацыю фіксуе адразу ў камп’ютар. Электронная картка, якая заводзіцца на кожны званок, адкрывае доступ да ўсіх ранейшых заявак па даным адрасе, ад данага заяўніка, а таксама інфармацыю аб адключэннях жыллёва-камунальных паслуг, уключэнні ацяплення і ўвогуле аб жылым доме. Для зручнасці зменны дыспетчар працуе ў навушніках. Абслугоўвае аўтаматызаваную сістэму цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама.

– Для арганізацыі нумара адзінай дыспетчарскай службы 115 былі закуплены камп’ютар, праграмнае забеспячэнне, два тэлефонныя апараты, – падкрэслівае тэхнічны бок новаўвядзення дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Мурын.

Устаноўка двух тэлефонаў у дыспетчарскай службе сведчыць пра тое, што паралельна працуюць дзве лініі: акрамя нумара 115, які даступны са стацыянарных тэлефонаў, дзейнічае і сотавы – 8-029-56-554-49. У дыспетчараў наладжана прамая сувязь з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях. Устаноўлена сістэма відэаназірання за тэрыторыяй прадпрыемства. Для больш якаснай работы, а менавіта для раздрукоўкі заявак, якія паступаюць, плануецца аснасціць дыспетчарскую прынтарам.

– Рэагуем на заяўкі зыходзячы з абстаноўкі, – расказвае Ніна Белавус. – Тэхніку для вывазу смецця прадастаўляем на працягу трох рабочых дзён у залежнасці ад магчымасцяў. На аварыйную заяўку неадкладна выязджае дзяжурная брыгада АКС, у складзе якой ёсць сантэхнік, электрык. Пры неабходнасці гатова выехаць і тэхніка для адпампоўвання каналізацыі. Перавагі аўтаматызаванай сістэмы «Дыспетчарская служба» ў тым, што інфармацыя аб заяўцы даступная майстру-выканаўцу анлайн.

Ацяпляльны перыяд у разгары, а заявак наконт цеплазабеспячэння ў дыспетчарскую службу фактычна не паступала. Зафіксаваны некалькі выпадкаў, калі тэмпература ў кватэры не адпавядала санітарнай норме (18 оС). Па ўсіх гэтых заяўках выходзіла на месца камісія, вымярала тэмпературу паветра ў кватэры і складала акт, на яго аснове прымалася рашэнне.

У дыспетчарскай службе зазначаюць, што аўтаматызаваная сістэма дысцыплінуе заяўнікаў. У размове з дыспетчарам яны сталі больш культурнымі, сканцэнтраванымі. Для дыспетчараў АКС, якія нясуць дзяжурства ў кругласутачным рэжыме, створаны неабходныя бытавыя ўмовы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *