Сучасныя падыходы да вывучэння гісторыі

Адукацыя Главное

У выставачнай зале Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь

Сапраўдныя прафесіяналы педагагічнай справы не толькі даюць веды вучням, але і знаходзяцца ў пастаянным творчым і інтэлектуальным пошуку.

У незвычайнай форме прайшло чарговае пасяджэнне метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства раёна “Сучасныя падыходы да праектавання вучэбных заняткаў па гісторыі і грамадазнаўстве”. Па папярэдняй дамоўленасці з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь для выкладчыкаў гісторыі былі арганізаваны выязныя экскурсійныя заняткі. Да педагогаў далучыліся вучні Нававёскаўскай сярэдняй школы, якія актыўна прымаюць удзел у алімпіядах па гісторыі, а таксама студэнт першага курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксей Чатырка.

Матэрыял,  пададзены супрацоўнікамі музея падчас экскурсіі, быў накіраваны на адпаведную аўдыторыю і дазволіў педагагічным работнікам пашырыць арсенал сваіх ведаў, убачыць эксапанаты, якія змешчаны ў школьных падручніках у якасці ілюстрацыйнага матэрыялу.

Асаблівае захапленне выклікалі выставы “Беларусь у партрэтах і геральдыцы ХVI – XVII стст.”, “Шлях кнігі да чалавека: з гісторыі кнігадрукавання”, “Прыгажосць і мода шляхты Рэчы Паспалітай”. Усе былі вельмі ўсхваляваныя магчымасцю патрымаць у руках зуб маманта памерам у далонь і вагой не менш за кілаграм.

Шмат часу і настаўнікі, і вучні правялі каля экспазіцыі “Ад рымскага дэнарыя да беларускага рубля”, дзе змешчаны самыя значныя скарбы, знойдзеныя на тэрыторыі Беларусі, а таксама паказана, якім чынам змянялася грашовае абарачэнне ў Беларусі на працягу многіх стагоддзяў. Захапіў наведвальнікаў інтэрактыўны элемент-дэтэктар банкнот, на якім кожны жадаючы мог праверыць аўтэнтычнасць сваіх папяровых грошай.

Атрыманымі ўражаннямі педагогі змогуць падзяліцца з вучнямі сваіх устаноў адукацыі, што, безумоўна, паспрыяе не толькі паляпшэнню якасці ведаў школьнікаў, але і ўдасканаленню педагагічнага майстэрства настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства.

Уладзімір Петрушэнка, настаўнік гісторыі ДУА “Нававёскаўская сярэдняя школа”



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *