РК БРСМ падводзіць вынікі дабрачыннай акцыі «Цуды на Ражджаство»

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

Раённы камітэт БРСМ падводзіць вынікі дабрачыннай акцыі «Цуды на Ражджаство» – самай, бадай, працяглай (са снежня мінулага года да сярэдзіны студзеня бягучага года) і хвалююча-абнадзейлівай.

Адна справа, што сярод школьнікаў і дарослых быў аб’яўлены збор канцылярскіх прылад, цацак і іншых неабходных для дзяцей рэчаў (актыўны ўдзел у гэтым прынялі ўстановы адукацыі раёна, калектыў ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»), і зусім іншая – якім чынам адбывалася перадача гэтых падарункаў, якой была рэакцыя тых, каму іх уручалі.

На Стаўбцоўшчыне склалася добрая традыцыя: частка падарункаў перадаецца ў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі праз валанцёраў руху «Добрае сэрца».

Чарговая сустрэча валанцёраў з наведвальнікамі карэкцыйнага цэнтра

– Валанцёры займаюцца ў СШ № 3 г. Стоўбцы, іх завуць Дзмітрый Янушкевіч, Кацярына Хадасок, Вікторыя Бець. Разам з імі – і іх педагог Алена Дрозд, – прадстаўляе сваіх памочнікаў і, так бы мовіць, валанцёрскі актыў раёна першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. – Валанцёры ідуць да сваіх падапечных з тузінам творчых сюрпрызаў – гульнямі, загадкамі, музычнымі конкурсамі, інсцэніроўкамі казак, таму іх прыход суправаджаюць не проста ўсмешкі, а ўсплеск эмоцый.

Падарункі, якія былі сабраны агульнымі намаганнямі падчас акцыі «Цуды на Ражджаство», перададзены і ў дзіцячы сацыяльны прытулак. Актывісты БРСМ наведалі ўстанову разам з начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Міхаілам Азановічам. Няхай падарункі і, разам з імі, увага і цяпло ўсіх нас паспрыяюць хуткаму вяртанню дзяцей з прытулка ў свае сем’і.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *