Майстры сярод нас

Важное Культура

Заўсёды цікавасць уяўляюць людзі, якія маюць дар мастацкай творчасці.  Менавіта гэтая акалічнасць і стала нагодай для нас сустрэцца з Наталляй Осінай. Яна працуе педагогам-псіхолагам Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Радуга». Мае інтарэс не толькі да педагогікі, але і да мастацкага рамяства. Выдатныя вырабы са скуры Наталлі Осінай мы ўбачылі на выставе майстроў народнай творчасці «Сонцаварот». Гэтая майстрыха была адзінай, хто прадставіў вырабы ў такім відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. І тут ёсць тлумачэнне: работа з такім матэрыялам, як скура, патрабуе асаблівых навыкаў, таму майстроў не так і шмат у асяроддзі талентаў.

Наталля аддае належнае сваёй матулі Ірыне Бондар. Хоць жыццёвыя абставіны склаліся так, што Ірына Баляславаўна ў нашым горадзе працавала ў бібліятэцы, райваенкамаце, пашпартным стале, аднак спецыяльнасць па дыпломе у яе – мастак, майстар па дрэве. Цікава, што ў сямейнай дынастыі выдатным умельцам сталярнай справы, па рабоце з дрэвам быў дзед Наталлі Осінай. Баляслава Янушкевіча, які ў нашым горадзе быў на віду як дырэктар камбіната кааператыўнай прамысловасці, сёння ўжо няма ў зямным жыцці, аднак у сям’і памяць аб ім жыве і ў прадметах быту, зробленых яго рукамі. Да мастацкіх вешалак, табурэтак, іншых рэчаў бытавога і мастацкага прызначэння ў сям’і беражлівыя адносіны.

І Ірына Баляславаўна ўсё жыццё дома майстравала. А цяпер з радасцю творыць разам са сваёй дачкой Наталляй. Які вынік гэтай творчасці, можна было ўбачыць у прадстаўленых на выставе аўтарскіх работах. Мастацкія бранзалеты, аксесуары да адзення, падсвечнікі, вазы, шкатулкі, футляры, кашалькі і іншыя прыгожыя рэчы выклікалі захапленне. Наталля Уладзіміраўна гаворыць, што дома ніводная работа са скуры не прападае, не ідзе ва ўтыль. З кавалачкаў скуры атрымліваюцца нечакана арыгінальныя творы. Майстрыха зазначае, што работы ніколі не паўтараюцца. І для самога майстра інтрыга, што выйдзе ў выніку творчага занятку. Дакладна немагчыма спланаваць мастацкае рашэнне. І гэтым прыцягвае работа са скурай.

Ірына Баляславаўна з Наталляй, вядома ж, цікавяцца рознымі тэхнікамі работы, такія навыкі сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць атрымаць, не выходзячы з дому. Скура – гэта прыродны эластычны, трывалы матэрыял. Існуе шмат спосабаў дэкарыравання скуры ў адпаведнасці з мастацкім намерам. І патрэбны тонкі густ, каб удала спалучыць элементы дэкору. Майстрыхі выкарыстоўваюць дэкаратыўнае шыццё, вышыўку, перфарацыі, цісненне, аплікацыі, драпіроўкі, камбінаванне кавалачкаў скуры розных колераў, розных фактур паверхні матэрыялу, тэрмаапрацоўку, штампоўку… Гэта патрабуе цярпення, вялікага старання. Затое як прыемна, калі іх рэчы з вялікім задавальеннем набываюць для падарункаў, асабліва цэняцца такія эксклюзіўныя мастацкія рэчы ручной работы за мяжой.

Наталля Уладзміраўна радуецца таму, што яе дачушка Вера праводзіць час разам з матуляй і бабуляй, з дзяцінства акунаецца ў атмасферу творчасці, што пакіне свой добры след у станаўленні яе асобы. Наталля Осіна гатова падзяліцца сваім уменнем з маладым пакаленнем, весці заняткі, каб такое рэдкае рамяство не знікла з культурнай спадчыны нашага краю.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *