Алег і Ігар Курмышавы – браты па крыві і зброі

Соцыум

Нашы сучаснікі

Алег і Ігар Курмышавы – браты-блізняты, абодва прайшлі Афганістан. І хоць Алег жыве ў Стоўбцах, а Ігар – у Жодзіна, дзе дзейнічае свая, і прычым даволі масавая,  арганізацыя былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, 15 лютага яны нярэдка разам праводзяць у Стоўбцах. Яны – нераздзельныя браты па крыві і зброі.

…1986 год. «Вучэбка» ў горадзе Паўлаўск пад Ленінградам. Войскі асобага прызначэння, дзе рыхтуюць армейскіх разведчыкаў. Пасля вучобы курсантаў раскідаюць для праходжання тэрміновай ваеннай службы. Каго – на Кубу, а каго – у Афганістан. Браты Курмышавы папрасіліся добраахвотнікамі ў Афганістан. Калі ў «вучэбку» на прыняцце прысягі прыехала матуля і даведалася пра рашэнне сыноў, яна заплакала…

Алег і Ігар Курмышавы – з сям’і ваеннаслужачага. Нарадзіліся ў Польшчы, жылі пад Свярдлоўскам. Пазней апынуліся на Стаўбцоўшчыне, у Наваколасаве, куды перавялі служыць айчыма. Пасля школы хлопцы пайшлі вучыцца ў ПТВ № 149 металістаў, што ў горадзе Жодзіна. Там і былі прызваны ў армію Смалявіцкім райваенкаматам.

У Афганістане браты Курмышавы трапілі ў Кундуз. Падмацаванне штодзённа прыбывала з усяго Савецкага Саюза, і яго размяркоўвалі па ўсім Афганістане.

Падчас службы ў Афганістане

– Вы з братам былі на гэтай вайне ўдвух. Вам было лягчэй? цікавімся ў Алега Курмышава.

– Наадварот. Кожны перажываў не толькі за сябе, але і за брата. Матулі пісалі, што ўсё нармальна. Не хацелі яе расстройваць.

– А былі страшныя моманты?

– Былі. Пападалі пад абстрэлы…  Таварышы гінулі. Сяброў расстрэльвалі «духі»…  За год і тры месяцы знаходжання ў Афганістане шмат дзе папрацавалі.  Баграм, Газні, Кандагар, Кабул – усе да болю знаёмыя назвы… І сёння, калі гляджу адтуль навіны, разумею, што гэта асаблівая краіна. Сто апошніх гадоў там ідзе вайна, але гэты народ ніхто так і не пакарыў. У іх дзеці нараджаюцца з аўтаматам. Мы ж нават «вяртушак» адразу баяліся… Спачатку ўсё было нястрашна нам, маладым і гарачым, а вось калі рэальна наблізіўся «дэмбель», пачалася ўнутраная «трасучка».  Пашчасціла вярнуцца жывымі, не параненымі…

– На вашу думку, што дапамагло выжыць?

– Наша выхаванне. Патрыятызм, любоў да Радзімы. Уяўляеце, хлопцы ў 18 аддавалі за Радзіму сваё жыццё!..

– З чым асацыіруецца ў вас служба ў гарачай кропцы?

– Фільм «Дзявятая рота» глядзелі? Памятаеце пачатак, як салдаты прыбылі пасля «вучэбкі» ў Афганістан?.. Адкрываецца рампа самалёта… Круцяцца над зямлёю «вяртушкі»… Бягуць ваенныя з сабакамі… Салдаты штурхаюць БТРы… У нас усё было дакладна гэтак жа.

– А свайму сыну  расказвалі пра Афганістан?

– Навошта яму гэта ведаць?.. Навошта іншым расказваць?.. Я разведчык, даваў на 30 гадоў падпіску аб невыказванні. Успаміны, бывае, наплываюць, калі мы, «афганцы», збіраемся разам…

– Ваш сын таксама служыў у арміі?

– Сына свайго я назваў Ігарам – у гонар брата – і хацеў, каб ён служыў у Паветрана-дэсантных войсках. Ён выбраў унутраныя войскі. Адслужыў, яму спадабалася, таму і пайшоў працаваць у міліцыю. Пачынаў у нашым райаддзеле, але ў сувязі з жаніцьбай перавёўся ў г. Мазыр. Працуе там у ізалятары часовага ўтрымання. Мы з жонкай ужо дзядуля з бабуляй – маем двухгадовага ўнука Аляксандра.

– Як склаўся лёс братоў-блізнят пасля Афганістана?

– У 1988 годзе дэмабілізаваліся. Якраз папалі ў перыяд вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Фактычна выходзілі ў ліку апошніх. Абодва пасля «дэмбелю» атрымалі медаль «За баявыя заслугі».

Працую ў Стоўбцах, на філіяле маторнага завода. Быў слесарам на працягу двух дзясяткаў гадоў, а потым кіраўніцтва прызначыла мяне майстрам. У маім падпарадкаванні 23 чалавекі. Большасць з іх – моладзь. На месцы навучаем яе, падказваем… Брат Ігар працуе слесарам-рамонтнікам на БелАЗе. Дарэчы, на БелАЗе адразу пасля службы працаваў і я.

На філіяле маторнага завода дзейнічае пярвічная арганізацыя былых воінаў-інтэрнацыяналістаў. Да сябе мы адчуваем павагу і клопат з боку дырэкцыі, прафсаюзнага камітэта. Дзякуй старшыні раённай арганізацыі былых воінаў-інтэрнацыяналістаў Рыгору Мамайку. Ён згуртаваў нас і займаецца з падрастаючым пакаленнем. Раённыя ўлады ідуць нам насустрач, у грамадстве нас паважаюць і цэняць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фотаздымкі з сямейнага архіва братоў Курмышавых



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *