Да старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама паступіла 13 тэлефаванняў

Афіцыйна Важное

На прамую лінію да старшыні райвыканкама паступіла 13 тэлефонных зваротаў. Вырашэнне кожнага паднятага пытання патрабавала шмат увагі.

Жыхары раёна і горада ўзнімалі шмат якія пытанні: рамонт жылля, добраўпарадкаванне дарог, выплата зарплат, рамонт бытавой тэхнікі.

–       Усе рашэнні трэба прымаць у адпаведнасці з заканадаўствам, нават калі гэта камусьці не падабаецца. Тады мы адыдзем ад шматлікіх праблем. Задача выканаўчай улады – знайсці рашэнне, якое задаволіць усіх. Усе павінны выконваць сваю справу сумленна, – адзначыў Дзяніс Сяргеевіч падчас работы на прамой лініі.

–       Жыхар А. вуліцы Мінскай г. Стоўбцы звярнуўся да старшыні райвыканкама ад імя ўсіх жыхароў іх мікрараёна. Вуліца знаходзіцца паблізу аўтатрасы. На перакрыжаванні вуліц Цэнтральнай і Магістральнай зроблены пешаходны пераход (прыўзняты над праезджай часткай). Грамадзянін растлумачыў: «Зразумела, што чалавечае жыццё – гэта самае важнае, але загружанасць аўтамагістралі высокая, таму ствараецца вялікі шум, нават грукат, калі транспарт пераязджае такія пешаходныя пераходы. Нават фундаменты дамоў не вытрымліваюць – з’яўляюцца трэшчыны ад вібрацыі».

–       Безумоўна, работнікі АКС рабілі ўсё для таго, каб засцерагчы ад небяспекі пешаходаў. Праверым стандарты выкананых работ і тады будзем рабіць вывады, – канстатаваў Дзяніс Колясень.

Жыхарку Д. з г. Стоўбцы хвалявала,  дзе можна адрамантаваць тэлевізар айчыннай вытворчасці ў г. Стоўбцы. А жыхарку дома № 89 па вул. Ленінскай г. Стоўбцы непакоіць праблема рамонту жылля: працякае дах, у пад’ездзе ўжо заліло столь і сцены. Хто павінен рабіць рамонт, жыхары ці АКС?

–       Да вас абавязкова адправім спецыялістаў, якія вызначаць, хто вінаваты ў данай сітуацыі і хто будзе займацца рамонтам. Камісія выедзе ў пачатку тыдня, – паабяцаў Дзяніс Сяргеевіч.

Падчас прамой лініі падымалася пытанне ўводу ў эксплуатацыю жылля. Людзей таксама цікавіла, як атрымаць жыллё ў сельскай мясцовасці і хто мае на гэта права.

Некалькі тэлефонных званкоў паступіла з вуліцы Зялёнай г. Стоўбцы. На гэтай вуліцы ўвогуле адсутнічае асвятленне ў вячэрні і начны час. Старшыня райвыканкама звязаўся з начальнікам раённых электрасетак, выслухаў тлумачэнні і даў даручэнне разабрацца ў сітуацыі і выправіць яе.

Жыхар в. Варацішча агучыў праблему пракладкі электраліній праз яго зямельны ўчастак. Электрычныя слупы нахіліліся, ствараецца аварыйная сітуацыя.

– Да вас абавязкова выедуць спецыялісты РЭС і вырашаць гэтае пытанне, – запэўніў Дзяніс Колясень.

Пытанні добраўпарадкавання дарог падымаліся жыхарамі в. Новы Свержань, вуліц Мінскай, Камарова г. Стоўбцы.

Жыхарку в. Новы Свержань хвалюе пытанне будаўніцтва цэха па вытворчасці плёнкі на мясцовым лесазаводзе, ці ёсць дазвол на гэтае будаўніцтва ў адпаведных служб.

Паступалі на прамую лінію просьбы і нават прапановы. Жыхар п. Наваколасава прасіў паспрыяць у адкрыцці ў іх пасёлку харчовага магазіна. А жыхары вуліцы Камарова г. Стоўбцы выказалі прапановы-пажаданні: паставіць на іх вуліцы знак абмежавання хуткасці для вадзіцеляў; на прыпыначных пунктах горада абнавіць інфармацыйныя таблічкі руху аўтобусаў з указаннем раскладу руху прыгараднага транспарту; па суботах пры зборы цвёрдых бытавых адходаў з вуліц горада арганізаваць работу грузчыка.

Усе пытанні, зададзеныя падчас прамой лініі, узяты на кантроль. Яны, як запэўніў Дзяніс Сяргеевіч, будуць разгледжаны ў найбліжэйшы час. Па некаторых з іх былі дадзены тлумачэнні адразу, частка патрабуе дадатковага вывучэння, удакладнення пэўных акалічнасцяў і нюансаў.

На прамой лініі працавала Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *