Слаўны Міхайла

Соцыум

Да лютаўскай даты – 30-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана – у райспажыўтаварыстве маюць асабістыя адносіны два чалавекі: Вітольд Лісоўскі і Міхайла Карпа. Абодва яны вадзіцелі з вялікім стажам работы.

Міхайла Яраслававіч запратэставаў, стаў сцвярджаць, што яго калега ў першую чаргу павінен быць у цэнтры нашай увагі, таму што прайшоў больш складаны шлях афганскай вайны: быў у складзе ваеннага падраздзялення дэсантнікаў, трагічная гісторыя якога легла ў аснову фільма «9-ая рота». Мы абяцаем яму, што абавязкова сустрэнемся з Вітольдам Вітольдавічам, як толькі светлавы дзень павялічыцца. У сучасны момант Вітольд Лісоўскі на сваёй хлебнай машыне выязджае ў рэйс, калі фотаздымкі немагчымы па прычыне цемры на вуліцы.

Афганская біяграфія ў асабістым лёсе Міхайлы Карпа налічвае паўтара года. Ён быў закліканы на тэрміновую службу ў маі 1987 года, прайшоў «вучэбку» ў Маскоўскім пагранічным атрадзе і быў накіраваны на граніцу з Афганістанам у пойме ракі Пяндж вадзіцелем-механікам бронетранспарцёра. Затым служыў у самім Афганістане ў складзе мотаманеўранай групы,  суправаджаў калоны грузаў з прадуктамі харчавання, палівам. Рашэнне аб вывадзе савецкіх войск з Афганістана для ваеннаслужачых стала шчаслівай падзеяй. Астатнія месяцы тэрміновай службы Міхайла Карпа правёў на ахове граніцы з Афганістанам. Узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы».

Ён светлы, просты, таварысцкі чалавек. З цікавасцю даведваемся, што імя Міхайла з нязвычным для нас гучаннем ён атрымаў у Львоўскай вобласці, дзе нарадзіўся. Быў яшчэ дзіцем, калі сям’я пераехала ў Беларусь, на радзіму маці, пасведчанне аб нараджэнні ў яго засталося ўкраінскае – з імем Міхайла.

Вырас ён у шматдзетнай сям’і, дзе выхоўваліся чацвёра дзяцей.

Маці ставіла іх на ногі адна. Працавала даяркай у калгасе, а дзеці вучыліся ў Задворанскай школе-інтэрнаце. Адна з сясцёр Міхайлы Яраслававіча Алена Лаўрыновіч таксама працуе ў райспажыўтаварыстве, многія гады – прадаўцом. Так што Софія Міхайлаўна ў сваёй старасці сагрэта любоўю і добрапрыстойнасцю родных дзяцей.

Міхайла Яраслававіч – таксама шматдзетны бацька. Старэйшая дачка Анастасія – выпускніца ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Сыны Уладзіслаў і Іван – вучні СШ № 3 г. Стоўбцы.

Стаж работы вадзіцелем у Міхайлы Карпа ў райспажыўтаварыстве складае 30 гадоў.  У сучасны момант сядзіць за рулём новенькага МАЗа. Развозіць тавары ў сельскія магазіны. Ён у ліку лепшых вадзіцеляў спажывецкай кааперацыі. Пастаянна задзейнічаны для выездаў на кірмашы за межы раёна, і нават за межы Беларусі. Неаднаразова быў з таварам у Маскве, горадзе-пабраціме Стоўбцаў – Азёрах Маскоўскай вобласці. Яго шляхі за рулём аўтамабіля праляглі ў Казань і нават у Новасібірск. На гэтым маршруце ў яго быў такі прыемны выпадак. У горадзе Калачынск  сустрэўся са сваім баявым таварышам Валерыем Хрыстусам. Не бачыліся 29 гадоў. У Мінску пабыў у гасцях у аднапалчаніна Вячаслава Лёсіка. Быў запрошаны на адкрыццё памятнага знака «Пагранічнікам Крупшчыны». Як актывіст раённай арганізацыі Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, якая налічвае каля 100 чалавек, Міхайла Карпа блізка да сэрца трымае ўсё, што звязана з людзьмі, якія прайшлі гэтую страшную вайну, што загубіла жыцці многіх беларускіх юнакоў. Міхайла Яраслававіч гаворыць, што ў былым Аталезскім сельсавеце пяць прызыўнікоў, якіх ён ведаў, служылі ў Афганістане. Трое не вярнуліся дамоў. Яшчэ да яго прызыву на воінскую службу ў іх вёску Семенчыцы прыйшла страшная вестка, што ў Афганістане загінуў яго сябра, з якім бегалі па вуліцах, – Леанід Яўсейчык. Пахаванне было псіхалагічна цяжкім. А тут і сам трапіў служыць у Афганістан…

Вярнуўшыся дамоў жывым, без раненняў, Міхайла Карпа ведае цану жыцця, з любоўю, беражліва адносіцца да людзей, умее выдзеліць галоўнае і не разменьвацца на дробязі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *