На Стаўбцоўшчыне прайшла зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна

Главное Спорт

У мінулую суботу на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Меліяратар» у Дзераўной прайшла дзявятая зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна. Удзел у спартыўных спаборніцтвах прынялі шаснаццаць каманд.

Удзельнікаў спартакіяды шчыра вітаў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзій Шыманец, які пажадаў усім удалых стартаў і хуткіх фінішаў, адзначыўшы, што правядзенне такіх мерапрыемстваў – падзея знакавая. Быць удзельнікам спартакіяды – гэта прэстыжна, а стаць пераможцам, паказаўшы высокі спартыўны ўзровень, – ганарова ўдвайне.

– На спартыўнай пляцоўцы лунае сёння дух дружбы і здаровага саперніцтва, – сказаў Генадзій Віктаравіч, – і гэтае спартыўнае свята дазволіць усім праявіць свае лепшыя якасці, прадэманстраваць волю да перамогі.

Барацьба за званне наймацнейшых была ўпартай. Жаданню перамагчы не перашкаджалі і ўсплёскі эмоцый. Кожнаму ўдзельніку хацелася даказаць, што менавіта яго каманда дастойная стаць чэмпіёнам. На гэты раз удача ўсміхнулася спартсменам ААТ «Радзіма Якуба Коласа» – яны ўзялі рэванш за мінулагодняе выступленне (летась былі трэцімі). Другое месца заняла каманда ААТ «Жацерава», трэцяе – ААТ «Агранёманскі». «Жацераўцы» і «агранёманцы» адрадзілі былую спартыўную славу – зноў падняліся на п’едэстал.

Каманда-пераможца ААТ «Радзіма Якуба Коласа»

Спаборніцтвы праводзіліся па некалькіх відах спорту. Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў паказвалі сваё майстэрства ў трохбор’і – стральбе з вінтоўкі, закідванні шайбы і мяча ў вароты клюшкай. Перамог дырэктар ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Дзяніс Дзішук, які паклаў у капілку сваёй каманды першае пераможнае ачко. Другое і трэцяе месцы занялі Валерый Мормыш (ААТ «Шашкі») і Пётр Малахаў (ААТ «Каганец»). У дартсе вызначыліся старшыні прафкамаў Ядвіга Радзіон (ААТ «Шашкі»), Марына Касматовіч (ААТ «Агранёманскі») і Ганна Новік (ААТ «Жацерава»), якія набралі найбольшую колькасць ачкоў.

У самай відовішчнай спартыўнай эстафеце перамагла, як і летась, каманда ТАА «СЖК «Налібакі», другое месца – у спартсменаў ААТ «Радзіма Якуба Коласа», трэцяе заняла каманда ААТ «Жацерава».

Другое месца – у каманды ААТ «Жацерава»

У лыжных гонках сярод жанчын, прычым на працягу некалькіх спартакіяд, не было роўных Марыі Турко з ААТ «Агранёманскі», другая прыступка ў Вольгі Сычовай (ААТ «Шашкі») і трэцяя – у Вольгі Бець (ААТ «Дзераўное»). У мужчын перамога дасталася Аляксею Акуліку (ТАА «СЖК «Налібакі»), другім быў Уладзіслаў Ярашэвіч (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), трэцім – Сяргей Княжэвіч (ААТ «Радзіма Дзяржынскага»).

Больш за астатніх закінулі мячоў у баскетбольную карзіну прадстаўніцы ААТ «Радзіма Дзяржынскага», «Вялікі Двор» і «Жацерава» – Жанна Храмая, Клаўдзія Мядзведзь і Карына Аруцюнян. Сярод мужчын вызначыліся Уладзіслаў Ярашэвіч (ААТ «Радзіма Якуба Коласа»), Аляксандр Якімаў (ААТ «Агранёманскі») і Віктар Грышан (ААТ «Рочавічы»).

Трэцяй стала каманда ААТ «Агранёманскі»

Сярод гіравікоў у вагавай катэгорыі звыш 80 кілаграмаў перамог Сяргей Пяткевіч (ААТ «Рубяжэвічы»), у прызёрах – Арцём Кабылінскі (ААТ «Жацерава») і Аляксандр Курловіч (ААТ «Вішнявецкі-агра»). У вагавай катэгорыі да 80 кілаграмаў лепшымі сталі Раман Карчагін (ААТ «Дзераўное»), Юрый Чорны (ТАА «СЖК «Налібакі») і Віталій Тарабэш (ААТ «Жацерава»).

У практыкаваннях са скакалкай усіх «пераскакала» Надзея Лысая (ААТ «Шашкі»), на п’едэстале таксама Настасся Шумчык (ААТ «Радзіма Дзяржынскага») і Аліна Шуцько (ААТ «Дзераўное»). Сярод мужчын месцы размеркаваліся наступным чынам: Віталій Тарабэш (ААТ «Жацерава») – першае, Аляксандр Руч’ёў (ААТ «Дзераўное») – другое, Андрэй Хвіцько (ААТ «Радзіма Якуба Коласа») – трэцяе.  У настольным тэнісе не было роўных Настассі Юргель з ТАА «СЖК «Налібакі» і  Дзмітрыю Ярашэвічу з ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Другія месцы занялі Карына Аруцюнян з ААТ «Жацерава» і  Віталій Чарняўскі з ТАА «СЖК «Налібакі», трэція – Настасся Харытончык з ААТ «Аграбудфірма ПМК-74 – Налібакі» і Ігар Магільніцкі з ААТ «Вялікі Двор».

Лепшая ў настольным тэнісе – Настасся Юргель

Пераможцам і прызёрам у камандным заліку ўручаны кубкі, дыпломы і каштоўныя падарункі. Кубкам, дыпломам і прызам за чацвёртае месца ў намінацыі «За імкненне да перамогі» ўзнагароджана каманда ААТ «Дзераўное». У намінацыі «Самая крэатыўная» дыплом і прыз уручылі камандзе ААТ «Каганец». Лепшыя ў эстафеце і індывідуальных спаборніцтвах атрымалі граматы, медалі і падарункі. Уручаючы  ўзнагароды, старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень адзначыў, што спорту ў нашай рэспубліцы, як аматарскаму, так і прафесійнаму, удзяляецца ўвага на ўсіх узроўнях, бо гэта садзейнічае ўмацаванню здароўя, выклікае добры настрой і бурныя эмоцыі.

На этапе спартыўнай эстафеты – каманда ААТ «Рубяжэвічы»

Віншаванні з днём нараджэння і падарункі прымалі ў гэты знакавы для іх дзень Вольга Голышава з ААТ «Рубяжэвічы» і Алена Васільева з ААТ «Вялікі Двор».

Мерапрыемства арганізавалі ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў АПК, Аграпрамысловы саюз і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Арганізатары выказваюць удзячнасць судзейскай брыгадзе на чале з галоўным суддзёй Мікалаем Мазурам, а таксама камандаванню воінскай часці № 25819 за прыгатаваную на палявой салдацкай кухні кашу.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *