Калі дапаможа мануальны тэрапеўт

Важное Медыцына

Пасля абвесткі ў газеце аб новым відзе лячэння ў цэнтральнай раённай бальніцы патэлефанавалі нашы чытачы з просьбай падрабязней расказаць аб мануальнай тэрапіі. Мы вядзём размову з мануальным тэрапеўтам цэнтральнай раённай бальніцы Віктарам Пярхальскім.

Віктар Станіслававіч Пярхальскі

– Віктар Станіслававіч, ці можна сказаць, што мануальная тэрапія – гэта новы метад?

– Для нашай раённай бальніцы можна сказаць – так. А наогул – хутчэй, гэта забытае старое. Метад паспяхова практыкаваўся здаўна нашымі продкамі. Мануальная тэрапія даслоўна з латыні перакладаецца як лячэнне рукамі. Калі ўжыць медыцынскія тэрміны, то гэта ўздзеянне на касцёва-мышачны апарат чалавека, у выніку чаго ўрач літаральна ўручную ліквідуе функцыянальныя парушэнні работы суставаў, мышцаў, звязак і здымае болевы сіндром.

– Пры якіх захворваннях можна скарыстаць гэты метад?

– Лечацца астэахандрозы ўсіх аддзелаў пазваночніка, грыжы дыскаў, што раздзяляюць пазванкі, парушэнне паставы, лакальныя болі ў суставах канечнасцяў, іх аняменне. А таксама – прылягаючыя да пазваночніка органы, мышцы і звязкі. Метад выкарыстоўваецца пры захворваннях лёгкіх, выкліканых парушэннем кровазвароту ці зрушэннем структур пазваночнага слупа. Мануальны тэрапеўт можа аблегчыць стан пры галаўных болях, вегетасасудзістай дыстаніі і галавакружэннях, гіпертанічнай хваробе, парушэнні мазгавога кровазвароту, стамляльнасці, звязанай з праблемамі пазваночніка ці суставаў. Рукі ўрача дапамагаюць лячыць скаліёз, радыкуліт, болевые сіндромы, міжрэбравую неўралгію. Бываюць выпадкі, калі баліць сэрца, а вінаваты пазваночнік. Чалавека заўсёды палохае раптоўны боль у сэрцы. І калі стан паўтараецца, ён ідзе да ўрача, здае аналізы, абследуецца. У выніку тэрапеўт робіць вывад, што арганічнай паталогіі няма. А сэрца працягвае балець. Прычынай бывае парушэнне вянознага адтоку з-за блакады двух-пяці пазванкоў у грудным аддзеле пазваночніка. Часам дастаткова двух сеансаў у мануальнага тэрапеўта – і болі праходзяць. У працэсе лячэння ўрач аднаўляе нармальны стан пазванкоў і суставаў, іх натуральную рухомасць. Паляпшаецца абмен рэчываў і тонус мышцаў. Чалавек у літаральным сэнсе адчувае, што з яго плячэй падае цяжар. Мануальная тэрапія – унікальны метад рэабілітацыі пасля аварый, вытворчага і бытавога траўматызму.

Пазванкі нярэдка выходзяць са строю з-за таго, што мы доўга сядзім у нязручных позах, мала рухаемся, няправільна падымаем цяжар, спім на мяккіх матрацах і падушках, а жанчыны маюць звычку хадзіць на высокіх абцасах. Парушаюцца фізіялагічныя выгібы пазваночніка, што выклікае змяненні ў пазванках.

– Гэта свайго роду масаж?

– Не трэба атаясамліваць мануальнага тэрапеўта з кастаправам ці проста масажыстам. Урач мануальнай тэрапіі – спецыяліст, які ажыццяўляе кантактнае ўздзеянне рукамі на мышцы і суставы, звязкі і органы пацыента з мэтай прывядзення іх у правільны стан адносна адно аднаго. Урачы мануальнай тэрапіі, як правіла, неўролагі ці хірургі, якія прайшлі дадатковую спецыялізацыю.

– Ці можна звярнуцца да мануальнага тэрапеўта з дыягнастычнай патрэбай?

– Мануальныя методыкі ўключаюць дыягнастычныя і лячэбныя   прыёмы. Урач збірае анамнез, праводзіць дыягностыку рукамі, вызначае ступень рухомасці суставу, участкі напружання мышц, ацэнку болевай актыўнасці. Прымаюцца далейшая тактыка лячэння і праграма наступных сеансаў. Калі ў пацыента ёсць складаныя захворванні, яго накіроўваюць на рэнтген ці МРТ.

– Колькі сеансаў патрэбна для лячэння?

– Усё залежыць ад таго, як доўга існуе боль. Калі чалавек неасцярожна падняў цяжар і ў яго прыхапіла паясніцу, – можна дапамагчы і за сеанс. Калі ж хтосьці церпіць боль месяцамі, доктар аблегчыць стан, аднак поўнага вылечвання за раз не дабіцца. Спатрэбяцца тры-чатыры сеансы.

– Ці ёсць супрацьпаказанні для такога лячэння?

– Курсы мануальнай тэрапіі супрацьпаказаны людзям з анкалагічнымі захворваннямі, «свежымі» траўмамі і аперацыямі на пазваночніку, вострымі інфекцыйнымі станамі, інсультамі, абвастрэннямі хранічных хвароб.

– Які парадак запісу да мануальнага тэрапеўта?

– Гэтае лячэнне платнае. Запісацца можна па тэлефоне 5-23-10 ці ў кабінеце № 437 у райпаліклініцы.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *