Для падтрымкі грамадзян прадугледжана дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога

Афіцыйна Важное

Для падтрымкі грамадзян у розных жыццёвых сітуацыях прадугледжана дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. У 2018 годзе ад жыхароў раёна была прынята 841 заява і адрасная дапамога прызначана 1005 грамадзянам.   

Як патлумачыла загадчык сектара матэрыяльна-бытавога забеспячэння ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Кошман, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога бывае чатырох відаў: у выглядзе штомесячнай дапамогі, аднаразовай дапамогі, на кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузнікаў, а таксама на забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця. На кожны від дапамогі ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 41 ад 19.01.2012 прадугледжаны пэўныя ўмовы, улічваецца сукупны даход сям’і. Сродкі на набыццё падгузнікаў кампенсуюцца інвалідам І групы і дзецям-інвалідам з чацвёртай ступенню страты здароўя пры наяўнасці заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. Дакументы для прызначэння дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі прымаюць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра (тэл. 5-15-94), функцыя прыняцця рашэння ўскладзена на ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

У мінулым годзе штомесячную сацыяльную дапамогу атрымалі 206 грамадзян на суму 60,6 тысячы рублёў, аднаразовую сацыяльную дапамогу – 16 чалавек на суму 0,9 тысячы рублёў. 58 дзяцей першых двух гадоў жыцця былі забяспечаны прадуктамі харчавання на суму 45,3 тысячы рублёў. Выдзелена больш за 200 тысяч рублёў 725-ці чалавекам на кампенсацыю выдаткаў на набыццё падгузнікаў.

У сувязі са складанай жыццёвай сітуацыяй звярнуліся па дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу шматдзетная сям’я пасля пажару, адзінокая пенсіянерка для рамонту даху дома, а таксама асобы, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Што датычыць апошніх, то для іх абавязковая ўмова – быць занятым. Гэта значыць, што яны павінны быць працаўладкаваны або стаяць на ўліку ў цэнтры занятасці. Ім таксама неабходна прадаставіць даведку аб даходах за апошнія 12 месяцаў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *