Ураджэнец Стоўбцаў прадставіў выставу да якой трэба дакрануцца

Главное Культура

Васіль Зянько

Усім вядома, што на выставах творы мастацтва не тое што скрупулёзна абмацваць, але і проста кранаць нельга.

А вось да жывапісных палотнаў інклюзіўнага арт-праекта, створанага маладым беларускім мастаком, ураджэнцам Стоўбцаў Васілём Зянько ў сааўтарстве са сляпой піяністкай Марыяй Рудко, дакрануцца проста неабходна. Ён цяпер экспануецца ў адной з зал Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і якраз разлічаны на людзей, якія слаба бачаць. Тут гарманічна перапляліся жывапіс і паэзія – вершаваныя радкі беларускага паэта Алеся Разіна з паэтычнага зборніка «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж», якія пераведзены на шрыфт Брайля (выпуклыя мазкі і кропкі) і дапаўняюць фактурныя жывапісныя палотны.

Лотацень

Арыгінальная ідэя нарадзілася ў Васіля падчас удзелу ў інклюзіўных творчых праектах «ІнкАртЛаб», арганізаваных Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь сумесна са шведскай культурнай арганізацыяй ShareMusic & Performing Arts. Цяпер можна не толькі з асалодай сузіраць жывапісныя рэльефныя кампазіцыі з яркімі беларускімі краявідамі, але і датыкацца да іх пальцамі далоняў – «глядзець» рукамі.

Напачатку ідэі было напісана, можна сказаць, пробнае кампазіцыйнае палатно «Сланечнік», якое прадставілі на суд гледачоў на адной са сталічных выстаў. Дотык чалавека да самога палатна ўключаў лагоднае музычнае суправаджэнне – з адваротнага боку карціны была ўманціравана мініяцюрная апаратура.

Партрэт Р. Вашчанкі

Калі спроба ўдалася, ідэя аўтара набрала поўную творчую моц. Карпатлівая праца над дзясяткам палотнаў заняла цэлы год. Гэта не так проста, тут не паспяшаешся: усё павінна быць выверана, мець яскрава выражаную фактуру і адпавядаць шрыфту Брайля.

Кожны мазок пэндзля, фактурны штрых павінны быць накіраваны на тое, каб людзі, сляпыя ад нараджэння, і тыя, хто згубіў зрок па волі жыццёвага лёсу, маглі нароўні ўспрымаць стракатыя фарбы прыроднага ўлоння – сонейка, квецень, птушак, рыб.

Мастак Васіль Зянько ля свайго праекта

Акрамя гэтых напрацовак Васіль – у свой час выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў – мае больш за 20 персанальных і сумесных праектаў, якія пастаянна экспануюцца не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Францыі. Творы знаходзяцца ў Музеі сучаснага рускага мастацтва ў ЗША, у галерэях Германіі, Нарвегіі, Турцыі. Шэраг цікавых творчых палотнаў Васіля Зянько з яго нязменным аўтарскім почыркам прыродна-экалагічнага рамантызму цяпер экспануецца ў галерэі мастака Р. Вашчанкі ў Мінску.

Наталля СЯЛІЦКАЯ, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Фота Васіля ЗЯНЬКО (ст.)



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *