У краіне — лыжныя спаборніцтвы

Важное Спорт

Гэтай зімой лыжы сталі неабходным спартыўным інвентаром амаль  у кожнай сям’і.

Мінулыя выхадныя не былі выключэннем для аматараў зімовых відаў спорту. 8 і 10 лютага ў РЦАП па зімовых відах спорту «Раўбічы» адбыліся рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. 9 лютага ў Мінску прайшло спартыўна-масавае мерапрыемства «Мінская лыжня» з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

У Мінску падчас біятлоннай гонкі  ўдзельнікі прайшлі дыстанцыю 3,6 км з двума агнявымі рубяжамі. Стральба была арганізавана са становішча лежачы на адлегласці 45 м. За кожны промах ці незакрытую мішэнь прызначаўся штрафны круг. Пераможцаў і прызёраў эстафеты вызначылі па найменшым часе, затрачаным на праходжанне дыстанцыі чатырма ўдзельнікамі. Найлепшых узнагародзілі медалямі і прызамі,  каманды-пераможцы атрымалі кубкі.

Больш за тысячу балельшчыкаў прысутнічала на трыбунах спартыўнага комплексу ў Раўбічах, сярод якіх былі і прадстаўнікі са Стаўбцоўскага раёна. На пляцоўцы перад цэнтральным уваходам рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі размяшчаліся фуд-тракі, атракцыёны, якія маглі наведаць усе жадаючыя. Але ўвага балельшчыкаў была накіравана на лыжню, дзе 168 удзельнікаў з усіх абласцей нашай рэспублікі спаборнічалі за права стаць лепшымі. У выніку, чэмпіёнам «Снежнага снайпера» стала каманда Мінска, якая заваявала шэсць залатых, два сярэбраныя і чатыры бронзавыя медалі. На другім месцы – зборная Мінскай вобласці, на трэцім – каманда Гомельшчыны.

Узнагароды лепшым уручыла чатырохкратная алімпійская чэмпіёнка, двухкратная чэмпіёнка свету Дар’я Домрачава. Беларуская біятланістка запрасіла ўсіх прызёраў на «Гонку легенд», якая адбудзецца ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы» 18 лютага. Адзначым, што разам са згаданай гонкай стартуе адкрыты чэмпіянат Еўропы па біятлоне.

Яўгенія Слесарчык



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *