Педагогі раёна наведалі кніжную выставу ў Мінску

Адукацыя Важное

З 6 па 10 лютага дзверы для наведвальнікаў гасцінна адчыніла XXVI Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Педагогі раёна не абмінулі сваёй увагай такую значную падзею ў культурным і інтэлектуальным жыцці краіны.

Настаўнікі рускай мовы і літаратуры арганізавана наведалі выставу-кірмаш у рамках пасяджэння метадычнага аб’яднання. Філолагі змаглі пазнаёміцца з навінкамі вучэбнай, метадычнай і мастацкай літаратуры, што прапанавана вядучымі выдавецтвамі Рэспублікі Беларусь і краін блізкага замежжа. Увагу наведвальнікаў прыцягнуў незвычайны экспанат – арыгінал выдання «Малой падарожнай кніжыцы» Францыска Скарыны 1522 года. ААТ «Белгазпрамбанк» на пляцоўцы «Дарогамі Скарыны» прадставіла не толькі ўнікальную кнігу, але і яе версію на інтэрактыўным стэндзе на дзвюх мовах.

Свае выданні прэзентавалі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія правялі аўтограф-сесію і адказалі на пытанні. Узаемапранікненне культур назіралася на стэндах Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Швецыі, Румыніі, КНР, Малдовы, дзе былі змешчаны выданні, накіраваныя на замацаванне сяброўскіх зносін паміж краінамі.

Асаблівы інтарэс выклікаў матэрыял пляцоўкі, прысвечанай ІІ Еўрапейскім гульням. Увазе гледачоў былі прапанаваны кніжныя навінкі, выдадзеныя спецыяльна да маштабнага спартыўнага мерапрыемства. Настаўнікі атрымалі магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі НАК Беларусі, вядомымі беларускімі атлетамі, прызёрамі чэмпіянатаў свету і чэмпіёнамі алімпійскіх гульняў Андрэем Багдановічам, Васілісай Марзалюк, Меліцінай Станюта, Дзмітрыем Асанавым, паўдзельнічаць у інтэрактыўнай віктарыне, узяць аўтографы ў зорак спорту.

Прыемна адзначыць, што педагагічныя работнікі раёна крочаць у нагу з часам, яны прафесіяналы высокага ўзроўню, і гэта дапамагае фарміраванню ўсебакова развітой асобы вучня.

Наталля ПЕТРУШЭНКА, настаўнік рускай мовы і літаратуры ДУА «Нававёскаўская сярэдняя школа»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *