Дэлегацыя ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» наведала Міжнародную выстаўку ў Маскве

Главное Эканомiка

Аператар паштэтна-кансервавага цэха ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Аляксандр Клімовіч

На мінулым тыдні дэлегацыя ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» наведала Міжнародную выстаўку «Прадэкспа-2019», якая праходзіла ў Маскве.

– Гэта быў абмен інфармацыяй з патэнцыяльнымі партнёрамі і пакупнікамі з розных краін – Расіі, Арменіі, Казахстана, Узбекістана, Азербайджана, і абмен аказаўся вельмі плённым, – адзначыла в. а. намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях Ганна Бушыла.

У Расійскай Федэрацыі за гэтай выстаўкай трывала замацаваўся тытул выстаўкі нумар адзін. І, дарэчы, Расійская Федэрацыя прадстаўлена на ёй самымі рознымі рэгіёнамі, у тым ліку і такімі дальнімі, як Навасібірск. Прысвечаная прадуктам харчавання, напіткам і сыравіне для іх вырабу, выстаўка традыцыйна збірае шырокае кола зацікаўленых бакоў. Мясакансервавы камбінат прымае ўдзел у яе рабоце другі год запар. Не выпадкова, што дырэктар камбіната Рамуальда Бурдукевіч правяла падчас выстаўкі дзелавыя сустрэчы з пастаяннымі партнёрамі, а тэхнолагі мелі магчымасць расказаць пра асаблівасці і перавагі кожнага віду прадукцыі, паслухаць пажаданні кліентаў.

Адносна супрацоўніцтва са Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінатам паступіла шмат цікавых прапаноў, прычым з розных краін, і многія з іх, ёсць такая верагоднасць, у далейшым завершацца заключэннем кантрактаў. З прадукцыі камбіната зацікавілі ў першую чаргу мясасыравіна і мясныя кансервы. Стаўбцоўскія перапрацоўшчыкі ўзялі для сябе на заўвагу новыя прапановы адносна абалонкі, упакоўкі каўбасных і іншых вырабаў.

Доля экспарту ў вытворча-гаспадарчай дзейнасці Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната пастаянна расце. Экспартныя адгрузкі ажыццяўляюцца ў Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Арменію. Апошнім часам вядзецца работа адносна паставак на азіяцкія рынкі. У сучасных умовах галоўная задача вытворцаў – асваенне новых рынкаў збыту.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *