Завяршыўся другі этап акцыі “Бяспека – у кожны дом!”

Ахова правапарадку Важное

Ніхто не будзе спрачацца з тым, што большасць няшчасных выпадкаў, у лік якіх уваходзяць і пажары, адбываюцца па віне самаго чалавека. І гэта не дзіва, таму што асноўны прынцып жыцця значнай часткі насельніцтва зводзіцца да фраз: “ што павінна здарыцца, тое і здарыцца ў любым выпадку” або “мяне гэта не кранецца”. Гэта наша абыякавасць, а месцамі і наша самаўпэненнасць прыводзяць да наступстваў, якія мы выправіць ужо не зможам.

Менавіта з мэтай нагадаць пра неабходнасць “бяспечнага жылля” на Стаўбцоўшчыне праходзіць акцыя “Бяспека – у кожны дом!”. У рамках другога этапа ратавальнікі раёна наведалі адзяленне дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Дарэчы, на гэты раз ратавальнікі прыйшлі не адны, а з сябрамі – вядомымі ўжо некаторым жыхарамі Малінаўкі (работнікамі раённага цэнтра культуры, якія падрыхтавалі пастаноўку “Аднойчы ў Малінаўцы”). Так, Якаў і Гарпіна яшчэ раз нагадалі прысутным пра неабходнасць выканання правілаў пажарнай бяспекі ў жыллі, растлумачылі пра адказнасць за іх парушэнне. На змену тэатралам прыйшлі непасрэдна ратавальнікі, якія таксама адышлі ад звычайнай гутаркі – прапанавалі прысутным тэматычную гульню “Дзе логіка?”. Акрамя таго, падчас мерапрыемства, агульнымі намаганнямі ўспомнілі і алгарытм дзеянняў у выпадку той ці іншай надзвычайнай сітуацыі, прыгадалі правілы карыстання першаснымі сродкамі тушэння пажару.

-Кожны з нас імкнецца наладзіць свой быт прыгожа, утульна і, канешне, у адпаведнасці з сучаснасцю, — адзначылі ратавальнікі. – Аднак, на першым плане ўсё ж павінна быць пытанне бяспекі жылля. Купіць новыя шпалеры ці замяніць падлогу мы можам у любы момант, але, калі здараецца непапраўнае – рамонт патрабуе значна большых матэрыяльных затрат, а ў самым горшым варыянце – прыйдзецца разлічвацца сваім здароўем, жыццём.

Можа, не будзем спадзявацца на знакаміты “авось”, а возьмем адказнасць за сваю бяспеку ў свае рукі?



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *