З маркай лесазавода

Важное Эканомiка

На складзе гатовай прадукцыі ААТ «Навасвержанскі лесазавод» – акуратныя штабелі абразных піламатэрыялаў, але яны тут доўга не залежваюцца. Фактычна адразу пасля выпуску піламатэрыялы адгружаюцца заказчыкам, пераважна ідуць на экспарт: у Літву, Германію і іншыя краіны.

На замежным і айчынным рынках карыстаюцца попытам не толькі піламатэрыялы, але і абшыўка, струганая прадукцыя, дошка для падлогі, імітацыя бруса, блокхаўс і да т. п.

Начальнік цэха Марына Пасцярняк дэманструе гатовую прадукцыю

– Мы працуем згодна са спецыфікацыяй, таму ўся прадукцыя вырабляецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі канкрэтнага спажыўца. Асартымент уключае да дзясятка найменняў, – падкрэслівае начальнік лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха Марына Пасцярняк.

Названы цэх – асноўнае падраздзяленне на лесазаводзе, дзе ажыццяўляюцца распілоўка і апрацоўка драўніны, выпуск хваёвых абразных сухіх піламатэрыялаў. У месяц іх вытворчасць дасягае 2000 м3. Працуюць дзве лініі – сарціроўкі і акорвання бярвенняў, а таксама фрэзерна-брусуючая. Іх магутнасці загружаны на 100 працэнтаў. «Істотных праблем няма. Сыравіны дастаткова. Часткова яе нарыхтоўкай займаецца ўласная брыгада, часткова закупляем», – адзначае Марына Віктараўна.

Марына Пасцярняк ведае тэхналогію лесаперапрацоўкі, як свае пяць пальцаў. На лесазаводзе яна амаль два дзясяткі гадоў. У свой час тут працавалі яе бацькі, дзяды. Марына Пасцярняк – прадстаўнік дынастыі лесазавода ў трэцім пакаленні. Цяпер у яе падпарадкаванні 60 чалавек. Працуюць у дзве змены, і апошняя заканчваецца амаль у гадзіну ночы.

Вядзецца будаўніцтва сушыльных камер

– Складана падтрымліваць дысцыпліну, культуру вытворчасці? – цікавімся ў Марыны Віктараўны.

– Калектыў цэха вельмі зладжаны. Кожны работнік разумее сучасныя задачы і патрабаванні. Мяне ніхто не падводзіць. Калектыў малады, імкнецца вучыцца, павышаць кваліфікацыю. У нашым цэху заняты шэсць абавязаных асоб, і яны таксама працуюць, як усе, без нараканняў.

У бягучым годзе на лесазаводзе плануюць здаць у эксплуатацыю дзве сушыльныя камеры, якія дазволяць вырабляць прадукцыю не проста якасную і запатрабаваную, а з вышэйшым дабаўленым коштам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *