Сямён Шапіра: «У Мінcкай вобласці ёсць вялікі патэнцыял для далейшага росквіту…»

Афіцыйна Нумары

image_pdfimage_print

Рэдактары рэгіянальных і прадстаўнікі рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі пабывалі ў Дзяржынску, дзе адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама Сямёна Шапіры.

Перад сустрэчай з кіраўніком сталічнага рэгіёна работнікі СМІ пазнаёміліся з работай цэнтра экалагічнага турызму «Станькава» агракамбіната «Дзяржынскі», прадпрыемства «Салео», а таксама наведалі швейную фабрыку «Эліз». Журналісты ўсклалі кветкі да памятнага знака партызанам, які ўстаноўлены ў цэнтры экалагічнага турызму.

З сацыяльна-эканамічным развіццём Дзяржынскага раёна ўсіх прысутных пазнаёміў старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч. Затым адбылася прэс-канферэнцыя са старшынёй аблвыканкама. На працягу дзвюх гадзін Сямён Шапіра вёў канструктыўны дыялог з прадстаўнікамі мас-медыя.

Сямён Барысавіч высока ацаніў кадравы патэнцыял Мінскай вобласці. «У нас працуе шмат падрыхтаваных спецыялістаў, таму я ўпэўнены, што мы даб’ёмся высокіх паказчыкаў, а працаваць ёсць над чым», – зазначыў старшыня аблвыканкама.

Гаворачы аб развіцці эканомікі Мінскай вобласці, губернатар звярнуў увагу, што ў 2013 годзе Мінская вобласць атрымала самы вялікі ў краіне аб’ём валавога рэгіянальнага прадукту –  104%, але знізіліся паказчыкі па сельскай гападарцы. Было адзначана, што сельскую гаспадарку трэба падымаць на новы ўзровень. Акрамя гэтага, адна з галоўных задач на гэты год – нарошчванне экспарту.

У Мінскай вобласці рэалізуецца больш за 300 інвестпраектаў. На даны момант у іх актыўна ўдзельнічаюць не толькі беларускія, але і замежныя кампаніі. У якасці прыкладу Сямён Шапіра прывёў літоўскую кампанію з абаротам каля мільярда долараў, якая хоча пабудаваць на тэрыторыі Мінскай вобласці завод па перапрацоўцы рыбы. «Я бачу прыкметную актыўнасць бізнесу, – сказаў С. Шапіра, –  але ўмовы, прапісаныя ў інвестдагаворах, патрэбна выконваць». Па яго словах, сёння рыхтуецца да адабрання 58 зямельных участкаў, паколькі работы на іх у адведзены тэрмін не былі пачаты. Гэтая зямля будзе выстаўлена на аўкцыёны. Таксама губернатар адзначыў, што праект па стварэнні Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка знаходзіцца на кантролі. Цяпер ідзе праектаванне, прыцягваюцца інвестары, праходзяць сустрэчы з кітайскім бокам.

Абласное свята-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2014» прыме Узда. «У сувязі з тым, што ў мінулым годзе ўсе рамонтныя работы не былі завершаны, свята адбудзецца там сёлета», – падкрэсліў Сямён Барысавіч. Старшыня аблвыканкама паведаміў, што лепшы раён па выніках 2014 года можа разлічваць на матэрыяльную падтрымку ў памеры 400 млрд руб. «У гэтым годзе па 100 млрд руб. накіравана Дзяржынскаму і Крупскаму раёнам, якія за апошнія тры гады паказалі лепшыя паказчыкі развіцця. Акрамя таго, 100 млрд руб. атрымаў і горад Заслаўе для падрыхтоўкі да Дня пісьменнасці», – удакладніў кіраўнік рэгіёна.

Сямён Барысавіч даў некаторыя тлумачэнні наконт сітуацыі вакол праблемных дамоў у Мінскай вобласці. «Штотыднёва гэтая тэма абмяркоўваецца ў аблвыканкаме ў фармаце відэаканферэнцыі з раёнамі. Лік доўгабудоўляў скарачаецца. Каб сітуацыя з праблемнымі дамамі не паўтаралася, аблвыканкам будзе запрошваць наступныя даныя: хто праектуе дом, тэрміны гэтых работ, хто будзе займацца будаўніцтвам і тэрміны будаўніцтва, хто крэдытуе. Толькі пасля гэтага будзе выдзяляцца зямельны ўчастак для будаўніцтва».

Сямён Шапіра ўдзяліў увагу і развіццю спорту, турызму на Міншчыне. У Маладзечне з’явіцца прафесійная хакейная каманда, якую, магчыма, узначаліць былы галоўны трэнер гродзенскай каманды «Нёман» Дзмітрый Краўчанка. Разглядаецца пытанне і аб стварэнні гандбольнай каманды на маладзечанскай зямлі. Дзіцячы спорт атрымае развіццё ва ўсіх раённых цэнтрах. «Дзеці павінны расці здаровымі і гатовымі да службы ў арміі», –  лічыць Сямён Шапіра. Сямён Барысавіч адзначыў, што Мінская вобласць, як і сталіца, рыхтуецца да Чэмпіянату свету па хакеі. У Год гасціннасці будзе ўсё зроблена, каб не было брыдка. «Міншчына ў перыяд чэмпіянату гатова прадаставіць больш за дзве тысячы дадатковых месцаў для гасцей. Сёння ўсе аб’екты прыводзяцца ў парадак. Спецыялісты, якія  працуюць у гэтай сферы, будуць валодаць дзвюма замежнымі мовамі», –  удакладніў старшыня аблвыканкама.

Наступная сустрэча журналістаў са старшынёй аблвыканкама адбудзецца ў адным з раёнаў Міншчыны, дзе прадстаўнікі СМІ змогуць увачавідкі пазнаёміцца з развіццём раёна.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *