21 лютага — Дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы

Главное Соцыум

Тое, што зарэгістраваць сваю нерухомасць або аформіць здзелку куплі-продажу можна ў зручны час, выкарыстоўваючы, да прыкладу, папярэдні запіс або спланаваўшы паход у БТІ на суботу, даўно стала звычнай рэальнасцю. Аднак супрацоўнікі Стаўбцоўскага бюро Дзяржынскага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» не стаяць на месцы і робяць новыя захады ў інтарэсах кліентаў.

(злева направа) Яўгенія Кандратовіч і Ніна Комар, супрацоўнікі архіва Стаўбцоўскага бюро Дзяржынскага філіяла РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры»

– У мінулым годзе ў бюро быў абсталяваны асобны кабінет для прыёму грамадзян і юрыдычных асоб, дзе можна ў спакойнай абстаноўцы абмеркаваць з рэгістратарам нерухомасці ўсе нюансы, удзяліць увагу праблемным момантам. У гэтым кабінеце для якаснага і эфектыўнага ўзаемадзеяння вядуцца аўдыя- і відэазапісы, – называе новаўвядзенні загадчыца бюро Валянціна ГАШНІКАВА.

– Валянціна Сцяпанаўна, як адгукнуліся на іх кліенты?

– Усё новае, як і апрабаваныя формы работы, скіравана на запыты кліентаў, таму яно знаходзіць падтрымку. Таксама бюро працягвае аказваць паслугі з выездам да заказчыка на транспарце прадпрыемства. Такі зручны варыянт запатрабаваны, мае высокі попыт.

Увогуле жыхары раёна сталі больш адказна ставіцца да пытанняў рэгістрацыі права на набытую маёмасць. Яны прыходзяць або звоняць, каб атрымаць кансультацыю, рыхтуюць неабходны пакет дакументаў (кант. тэлефоны: 5-01-33 – папярэдні запіс, 5-01-52 – рэгістратары нерухомасці). У многіх ужо ёсць разуменне таго, што незарэгістраваныя аб’екты нерухомасці не могуць быць прададзены або здадзены ў арэнду, што яны не падлягаюць кампенсацыі ў выпадку канфіскацыі ўчастка пад дзяржаўныя патрэбы і да т. п.

Рэгістратар нерухомасці Іна Рудніцкая абмяркоўвае вынікі прыёму заказчыкаў з загадчыкам бюро Валянцінай Гашнікавай

– У наш імклівы век актуальным застаецца пытанне часу, неабходнага для вырабу дакументаў… 

– Рэгістратар працуе з кліентам па заяўленчым прынцыпе «адно акно». Гэта значыць, што ён сам робіць усе неабходныя запыты ў сельвыканкамы, раённы выканаўчы камітэт. І, акрамя таго, у бюро прадугледжана паслуга па выдачы звестак з адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці аб наяўнасці (адсутнасці) правоў на аб’екты нерухомасці як у межах любога населенага пункта раёна, так і ў цэлым рэспублікі.

Заказчыкі нярэдка карыстаюцца такой паслугай, як тэрміновая рэгістрацыя нерухомасці. У такім выпадку працэдура рэгістрацыі ажыццяўляецца ў дзень звароту. Ёсць магчымасць паскораных заказаў. Звычайны заказ выконваецца на працягу пяці рабочых дзён. 15 рабочых дзён – такі тэрмін вырабу выніковага дакумента па тэхнічнай інвентарызацыі і праверцы характарыстык нерухомай маёмасці, але пры ўмове тэрміновага заказу спраўляемся ў межах трох-пяці дзён.

У 2018 годзе супрацоўнікамі Стаўбцоўскага бюро выкананы 8483 заказы ад фізічных асоб і 491 заказ ад юрыдычных асоб, праведзены 143 кансультацыі. У 50-ці заказах дакументы былі выдадзены шляхам паштовай сувязі. Заключаны 37 дагавораў на правядзенне незалежнай ацэнкі нерухомай маёмасці (у тым ліку 15 – з юрыдычнымі асобамі). Аформлены 455 здзелак. Прыняты 47 заказаў на выкананне землеўпарадкавальных і тапографа-геадэзічных работ.

У цэлым калектывам бюро аказана паслуг больш чым на 420 тысяч рублёў.  

Працуюць спецыялісты па тэхнічнай інвентарызацыі: Людміла Драздова, Вольга Сак і Андрэй Рацько

– Ёсць паслугі, якія карыстаюцца павышаным попытам?

– Наша прадпрыемства ажыццяўляе не менш за паўтара дзясятка відаў дзейнасці. Сярод добра знаёмых, такіх, як засведчанне дагавораў куплі-продажу, дарэння і да т. п., набіраюць папулярнасць і нетрадыцыйныя. У іх ліку, напрыклад, – ацэнка маёмасці з мэтай продажу, крэдытавання, перадачы ў залог, вырашэння маёмасных спрэчак.

Сёння прапануем грамадзянам паслугі экстэрытарыяльнай дзяржаўнай рэгістрацыі, калі можна звярнуцца ў Стаўбцоўскае бюро з заявай адносна рэгістрацыі нерухомасці ў любым раёне Беларусі. Поўны пакет неабходных дакументаў будзе падрыхтаваны ў найкарацейшыя тэрміны. Акрамя таго, пры жаданні заказчыка дакументы, якія пацвярджаюць рэгістрацыю права на аб’ект нерухомасці, могуць быць перасланы яму па пошце.

– Звярнула ўвагу на імідж вашых супрацоўнікаў. У іх прыгожае форменнае адзенне.

– Такі імідж укаранёны з 2018 года менавіта для тых, хто непасрэдна працуе на прыёме і выдачы дакументаў. Гэта рэгістратары нерухомасці, архіварыусы. Дарэчы, у нашым архіве знаходзяцца дакументы пастаяннага захоўвання, і самыя даўнія з іх датычаць пабудоў 40-50-х гадоў мінулага стагоддзя. З 2015 года бюро перайшло на электронны фармат захоўвання дакументаў, у тым ліку ідзе паступовае сканіраванне і тых рэгістрацыйных спраў, што паступілі ў архіў дзясяткі гадоў таму. Яшчэ ў бюро працуюць спецыялісты па тэхнічнай інвентарызацыі. Увогуле калектыў малады, высокакваліфікаваны, які дапаможа разблытаць нават складаныя сітуацыі.

У сувязі з прафесійным святам віншую ўсіх калег і жадаю моцнага здароўя, поспехаў у працы, шчасця і дабрабыту.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *