Самагон у ліку сурагатаў

Ахова правапарадку Важное

У мінулым годзе супрацоўнікамі міліцыі ў выніку 85-ці рэйдавых мерапрыемстваў складзены 64 адміністрацыйныя пратаколы па фактах вырабу, захоўвання і рэалізацыі  спіртаўтрымліваючых вадкасцяў, самагону і брагі. Канфіскавана 18 самагонных апаратаўі больш за 3400 літраў самагоннай брагі, 123 літры спірту.

На тэлефон гарачай лініі ад жыхароў раёна паступілі чатыры паведамленні аб парушэннях антыалкагольнага заканадаўства, адно з іх знайшло сваё пацвярджэнне.

Летась на Стаўбцоўшчыне грамадзянамі  ў стане алкагольнага ап’янення было ўчынена 94 злачынствы, зарэгістравана 12 фактаў смерці ад знешніх прычын (у 2017 годзе – 31), у тым ліку сем – ад суіцыду, тры – ад атручэння этылавым алкаголем, па адным – ад атручэння чадным газам і ўтаплення. Да прыкладу, ад атручэння сурагатамі алкаголю была зарэгістравана смерць жыхара Вішняўца, 1965 года нараджэння.

Сурагаты алкаголю ў залежнасці ад саставу могуць наносіць істотную шкоду здароўю або выклікаць смерць. Да сурагатаў адносяцца: ласьён, адэкалон, лякарствы, якія ўтрымліваюць у сваім саставе спірт, самагон, тэхнічныя вадкасці на аснове спірту, этыленгліколь і іншае. Самым распаўсюджаным варыянтам сурагату алкаголю з’яўляецца самагон.

Самагон адносіцца да высокатаксічных прадуктаў, якія выклікаюць стойкія незваротныя змяненні ва ўсім арганізме. Шкоднае ўздзеянне на арганізм чалавека аказвае сівушнае масла, якое з’яўляецца пабочным прадуктам спіртовага браджэння. У сваім складзе самагон утрымлівае і розныя ядавітыя прымесі, такія, як ацэтальдэгід, фурфурол і да т. п.

Каб не стаць ахвярай сурагатнага алкаголю, лепш не ўжываць алкагольную прадукцыю, якая выклікае сумненні, набыта па-за ўстаноўленымі месцамі продажу, з рук, без акцызных марак. Нельга ўжываць разбаўлены спірт або спірт, які прызначаны для тэхнічных мэтаў, тэхнічныя вадкасці для мыцця шкла і да т. п. Небяспечна ўжываць алкаголь у незнаёмай кампаніі.

Калі вам вядомы факты незаконнай рэалізацыі, захоўвання або вырабу самагону ці спіртаўтрымліваючай вадкасці, просім паведаміць у райаддзел міліцыі па тэл. 5-19-15 або 102 (тэлефон гарачай лініі «П’янству – не!» – (8-017) 239-41-75). Ананімнасць гарантуем.

Ірына ДЗЯРЖАЎСКАЯ, старшы інспектар прафілактыкі райаддзела міліцыі  



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *