Дружыннікі выходзяць у рэйд

Ахова правапарадку

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У мінулым годзе добраахвотнымі дружынамі было выяўлена 25  адміністрацыйных правапарушэнняў у райцэнтры і 27 – у сельскіх населеных пунктах. Акрамя таго, ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі райаддзела міліцыі спынена 58 правапарушэнняў рознага характару.

Дружыннікі нясуць дзяжурства па ахове грамадскага правапарадку сумесна з супрацоўнікамі ДАІ, участковымі інспектарамі, нарадамі патрульна-паставой службы міліцыі ў выхадныя і святочныя дні, падчас масавых мерапрыемстваў у адпаведнасці з графікам, які зацверджаны намеснікам старшыні райвыканкама.

На даны момант на Стаўбцоўшчыне праваахоўны рух грамадзян прадстаўлены 18 дружынамі (11 дзейнічаюць у Стоўбцах, 7 – у сельскай мясцовасці). У іх склад уваходзіць 112 чалавек. Акрамя таго, 21 дружыннік пры аддзеле ДАІ садзейнічае ахове правапарадку і бяспецы дарожнага руху.

– Летась праведзены чатыры семінары з камандзірамі і членамі добраахвотных дружын. На іх абмяркоўвалі пытанні практычнага прымянення заканадаўчых актаў і нарматыўных дакументаў адносна дзейнасці гэтых грамадскіх фарміраванняў, – адзначае старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Дзмітрый Калкоўскі.

У райаддзеле міліцыі вылучаюць высокую арганізацыю работы дружыны ПМК-233, Стаўбцоўскіх электрасетак. Не ў поўнай меры ажыццяўлялі выхады добраахвотныя дружыны ДРБУ № 135, тэрытарыяльнага цэнтра, Стаўбцоўскага АКС.

Прыцягненне грамадскасці да забеспячэння правапарадку на тэрыторыі раёна з’яўляецца важным складаемым у рабоце райаддзела міліцыі і, акрамя таго, садзейнічае прававой асвеце грамадзян.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *