Афіцэры не ідуць у запас

Соцыум

Падпалкоўнік запасу Аляксандр Дзетлавіцкі працуе ў воінскай часці 25819. Яго, жыхара Баранавічаў і кадравага афіцэра з 33-гадовым стажам службы ва Узброеных Сілах, запрасіў на работу камандзір часці. «Работа адказная, цікавая і, галоўнае, – з людзьмі», – дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Уладзіміравіч. Пры знаёмстве са Стаўбцоўшчынай яго прыемна здзівіў узровень работы па патрыятычным выхаванні моладзі. «У клуба «Абаронца Айчыны» столькі добрых традыцый! Яго кіраўнік запрасіў мяне выступіць перад падлеткамі», – заўважае суразмоўца. Аляксандру Дзетлавіцкаму ёсць што расказаць падрастаючаму пакаленню.

Аляксандр Дзетлавіцкі служыць Радзіме і сёння

Быў «хрышчаны агнём» у Афганістане. Служыў у Чэхаславакіі, Прыбалтыйскай ваеннай акрузе. Закончыў службу ў Беларусі, на пасадзе камандзіра рэактыўнага артылерыйскага дывізіёна «Град».

Аляксандр надзеў пагоны, калі быў 14-гадовым падлеткам, курсантам Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча. Праз два гады, калі вырашыў звязаць з арміяй сваё жыццё, працягнуў навучанне ў Адэскім вышэйшым ваенным артылерыйскім камандным вучылішчы. Малады лейтэнант для праходжання ваеннай службы быў накіраваны на Далёкі Усход. І жонка Валянціна паехала разам з ім. «Яна таксама ваенны чалавек, – ніколькі не сумняваецца Аляксандр Уладзіміравіч. – Усё прайшла са мною, акрамя Афгана…»

У замежную камандзіроўку ў Афганістан яго, афіцэра-камуніста, адправілі ў верасні 1986 года. Камандзіроўка працягвалася два гады. «Мы ведалі, куды едзем, – тлумачыць Аляксандр Уладзіміравіч. – Там ішлі баявыя дзеянні, і ў наш полк прыходзілі паведамленні пра загінулых. Як толькі ў Кабуле адкрыліся трапы ваенна-транспартнага самалёта, твар абдало 45-градуснай спёкай з пахам дыму… Зірнуў на людзей – маўклівых, маркотных, са спецыфічным пылам і загарам, – і зразумеў, што трапіў на вайну… »

Аляксандру Дзетлавіцкаму давялося служыць у баявым палку (181-ы мотастралковы полк 108-й Невельскай дывізіі), што дыслацыраваўся ў г. Баграм. Яго артылерыйскі дывізіён браў удзел у баявых аперацыях, суправаджаў калоны, якія ішлі з Савецкага Саюза з гуманітарнымі грузамі, ахоўваў дзяржаўныя і стратэгічныя аб’екты. Сярод такіх аб’ектаў была гідраэлектрастанцыя, тая самая, якую падараваў афганскаму народу генсек Л. І. Брэжнеў. Даводзілася несці баявое дзяжурства на заставе пад Джалалабадам, дзе пралягалі важныя караванныя шляхі, па іх ішла падпітка для бандфарміраванняў. Адзін са знішчаных караванаў з Пакістана ўтрымліваў каля 20 вярблюдаў, нагружаных зброяй і боепрыпасамі, суправаджалі яго каля дзесяці мяцежнікаў.

Для Аляксандра Дзетлавіцкага галоўны вынік гэтай двухгадовай ваеннай эпапеі заключаецца ў тым, што ён змог зберагчы жыцці падначаленых, салдатаў тэрміновай ваеннай службы. «Я чысты перад сабою, перад імі і іх матулямі. З некаторымі былымі салдатамі падтрымліваю сувязь і цяпер, – дадае Аляксандр Уладзіміравіч. – Яны не былі падрыхтаванымі да вайны ні маральна, ні псіхалагічна, але сумленна і мужна выконвалі свой доўг, нягледзячы на тое, што ваявалі не за Радзіму».

Пад агнём і абстрэлам афіцэр прымаў рашэнні. Ён павінен быў даказаць байцам, што яму можна давяраць. Вучыў іх жыць на вайне… Аляксандр Дзетлавіцкі за шэраг сур’ёзных баявых аперацый быў узнагароджаны ордэнам «За службу Родине в Вооруженных Силах СССР» 3-й ступені.

Сёння Аляксандр Уладзіміравіч шмат чытае пра тую вайну. Праз 30 гадоў пасля вываду савецкіх войск з Афганістана ідзе яе пераацэнка. «Некаторыя кажуць, што гэта была вайна матуль. Менавіта яны страцілі на гэтай вайне сваю апору, сэнс жыцця. Я бачу гэтых жанчын – ім ужо па 70, 80, 90 гадоў, і яны, моцныя духам, працягваюць жыць, хоць іх дзеці загінулі, выконваючы інтэрнацыянальны доўг», – разважае афіцэр.

Дарэчы, Аляксандр Дзетлавіцкі вярнуўся з Афганістана ў 1988 годзе і ўпершыню ўбачыў свайго сына. Дзяніс нарадзіўся праз некалькі месяцаў пасля адпраўкі бацькі ў замежную камандзіроўку. Яго бацькоўскаму шчасцю тады не было межаў… А  сёння перапаўняе пачуццё гордасці за сына. Дзяніс закончыў Расійскую акадэмію ФСБ, служыць у Беларусі. Падарыў з жонкай бабулі і дзядулю двух унукаў.

Расце сям’я абаронцаў сваёй Айчыны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *